— Юрый Сямёнавіч, няўжо праз рэалізацыю вашага праекта экацэнтра можна істотна палепшыць экалогію нашага горада?
— Пачну спачатку. Я вельмі люблю Віцебск з яго звілістымі ландшафтамі, пагоркамі, пышнай зелянінай, яркімі кветнікамі і вялікімі культурнымі традыцыямі. Але апошнім часам вельмі занепакоены экалагічнымі праблемамі горада. У мяне ў вушах заўсёды гучыць прарочая фраза Шклоўскага: “Калі ў бліжэйшыя 50 гадоў чалавек не зменіць сваіх варварскіх адносін да прыроды, ён сам сябе вынішчыць”. Сёння, калі ўсе вытворчыя адыходы ідуць у ваду, паветра і зямлю, у Віцебску проста неабходна стварыць экалагічны цэнтр.
— Усё так. А як канкрэтна гэта зрабіць з пункта гледжання мастака-праекціроўшчыка?
— Перш за ўсё, усю пойму Віцьбы, “засмечаную” кіёскамі, ажно да ўпадзення яе ў Дзвіну да Люднікаўскага моста, з яе жывымі і высахлымі ручаямі, трэба ўзяць пад кантроль, пабудаваць на гэтай пойме экалагічны ансамбль флоры і фауны, знайсці і пасеяць насенне рэдкіх раслін з Чырвонай кнігі, а таксама расставіць сеткі і стварыць птушнік… Да гэтай працы пажадана прыцягнуць студэнтаў біяфака педуніверсітэта, школьнікаў гімназій, работнікаў краязнаўчага музея і цэлыя класы эколагаў.
Музейна-выставачны комплекс павінен паўстаць у нізіне Фрунзенскага парку на тэрыторыі экацэнтра і мякка ўпісацца ў некрануты прыродны ландшафт. А дарожкі і сцежкі тэрэнкура, што разыходзяцца ад яго ва ўсе бакі, будуць завяршацца невялікімі выставачнымі пляцоўкамі. Шматступенчатая форма будынка дазволіць разбіць яго на некалькі частак. Адна захопіць у сваю прастору рэчышча ракі і штучна створаныя парогі і вадаспады. Другая, закрытая зона памяшкання, прапусціць праз сябе частку рачной плыні такім чынам, каб вада трапіла ў вялікія акварыумы, у якіх будуць плаваць рыбы і падводныя расліны. Журчанне вод Віцьбы, Лучосы і Дзвіны, спевы птушак, жывая цішыня падводнага свету, павевы паветра ў залах музея, мяккая музыка — дамінуючыя акцэнты экспазіцыі…
— Проста райскую, фантастычную карціну вы намалявалі…
— Не, карціну рэальную — усё будзе залежаць ад нас саміх, ад грамадства… Мала таго, экацэнтр будзе займацца і аздараўленнем насельніцтва, што не менш важна, чым уласна эстэтыка. Справа ў тым, што побач з экацэнтрам размешчаны кардыяцэнтр, дыягнастычны цэнтр, фізкультурны дыспансер, бальніца трэста № 9, медуніверсітэт і медвучылішча. Лечачы ўрач назначыць хвораму курс лячэння на тэрэнкуры (спецыяльныя пешыя прагулачныя дарожкі) з вызначаным маршрутам, дзе будуць павільёны з фітабарамі. З фондаў музейнай экспазіцыі экацэнтра будуць створаны тэматычныя выстаўкі па этнаграфіі, фальклоры і народных рамёствах. І, канешне, мастакі распрацуюць малыя архітэктурныя формы: лавачкі, альтанкі, мосцікі, качанцы, поручні…
— А чаму б не стварыць тут і парк скульптуры?
— Вы маеце рацыю. Такі парк задуманы. Яго асновай можа стаць запланаваны ў Віцебску Міжнародны скульптурны пленэр. Творы з гэтага пленэру зробяцца першым унёскам у стварэнне гарадскога парку скульптуры.
Пасля перакрыцця дамбай ракі Віцьбы водны басейн на тэрыторыі экацэнтра будзе мець пастаянны ўзровень, што дазволіць пабудаваць лодачную станцыю з боку АНМЦ (абласны навукова-метадычны цэнтр). У цокальным паверсе яго мы размесцім рэстаран у нацыянальным стылі са славянскімі кухнямі.
А ў раёне Кастрычніцкага моста, дзе ў старыя часы праходзіла крапасная сцяна, з’явіцца дэкаратыўная кампазіцыя з ліставога жалеза, зварнога металу і каменняў-валуноў на тэму “Тысячагадовы Віцебск у гістарычнай храналогіі”.
— Я ведаю, што гэтая частка горада заўсёды была любімым месцам віцебскіх мастакоў…
—Так. Напрыклад, у Марка Шагала ёсць некалькі карцін і замалёвак з відамі на горад з цэнтральнага ўзвышша парку.
— Прайшло ўжо шмат гадоў, як вы зрабілі праект Дома-музея гэтага знакамітага мастака. Памятаеце, як праходзіла гэтая праца?
— Канешне. Я лічу, што музей Шагала — адзін з маіх лепшых твораў. Калі мне прапанавалі папрацаваць над яго праектам, сваю задачу я адчуў так: стварыць вобраз Шагала, бо жыццё — гэта рэальнасць, а мастацтва — гэта стварэнне вобраза жыцця. Каб зрабіць усю экспазіцыю “ў вобразах”, я дасканала вывучыў лёс і творчасць мастака. Жыў яго жывапісам, спрабаваў глядзець на свет Яго вачыма, хадзіў па шагалаўскіх месцах Віцебска. І ў рэшце рэшт зразумеў: Шагал заўсёдыбыў у стане закаханасці ў жыццё, у горад, у жонку Бэлу…
— Нядаўна я зноў наведала музей, які пачынаецца з крамы, — сімвалічны ключ, старыя падсвечнікі, бутэлькі, ступкі, побач — бочка, копія той, што калісьці перакочваў бацька Шагала… Але мне стала трошкі сумна ад перамен, якія адбыліся ў музеі. Дзе цудоўная рэпрадукцыя карціны “Прагулка” на ўсю сцяну? Дзе фільм пра Шагала? Дзе акно-інсталяцыя? Дзе тыя эксклюзіўныя шпалеры, якія былі створаны спецыяльна для гэтага Дома?..
— Ведаеце, гэтыя змены мяне таксама не прыводзяць у захапленне, мая інсталяцыя “Акно” сімвалізавала выхад вобраза ў Свет (тым больш, што гэтае акно прысутнічае ў многіх творах Марка Захаравіча), “сіняе неба” з зорачкамі-лямпачкамі гаварыла пра сувязь мастака з небам, а сіні тафтынг на падлозе — гэта алегорыя сувязі неба з зямлёй. На табурэце ляжала палітра, па дыяганалі пакоя стаяў мальберт таго часу. Побач — букет кветак, які Бэла падарыла свайму мужу. На жаль, зараз усяго гэтага няма…
— Я ведаю, што яшчэ вы працуеце над экспазіцыяй Музея Лукомльскай ДРЭС? У чым сутнасць вашай задумы?
— Без лішняй сціпласці скажу, што гэты музей — помнік чалавеку-будаўніку, чалавеку-
стваральніку. За 10 кіламетраў ад горада на беразе возера ёсць прафілакторый, адкуль адкрываецца цудоўны від: сілуэт горада, возера, тры коміны— усё разам напамінае карабель. Я рашыў увесці ў музей знаёмыя новалукомцам дэталі: напрыклад, тарэц катлатурбіннага цэха, зроблены са шкла, — уваходныя дзверы музея паўтараюць контуры тарца, тры коміны— тры круглыя залы, а круг — сімвал руху, лагатып горада — бусел, сімвал нараджэння не толькі чалавека, але і наогул усяго новага, акт вялікай жыццятворчасці. І гэтак далей…
— На мой погляд, адна з лепшых вашых работ — мастацкае афармленне музея “Віцебскэнерга”, ініцыятарам стварэння якога быў дырэктар “Віцебскэнерга”, цяпер — міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц…
— Гэтая работа, лічу, мне ўдалася. Я паспрабаваў лаканічна адлюстраваць тут дынаміку развіцця энергасістэмы, пачынаючы з 1897 года, калі на вуліцы Задунайскай (пр.Фрунзе) была пабудавана першая электрастанцыя, і да сучаснай вытворчасці, дзе дзяжурны персанал пастаянна кіруе працэсам вырабу энергіі. Дзякуючы кіраўніку аператыўнай групы па стварэнні музея, цяпер — яго дырэктару Аліне Казарноўскай, тут сабраны унікальныя экспанаты, прадстаўлены манеты і пано ДРЭС, дыярама падстанцыі “Віцебская” і іншыя энергетычныя аб’екты, так скажам, “у вобразах”…
— Словам, музеі для вас — тыя ж дзеці, якіх трэба выгадаваць, выхаваць і ўпэўнена накіраваць у вялікае жыццё…
— Менавіта так…
Гутарыла Наталля САЛАЎЁВА
Віцебск