“Добры вечар” і “Бывай...”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Беларускі дзяржаўны заслужаны харэаграфічны калектыў “Харошкі” — зусім не навічок на “Славянскім базары ў Віцебску”. Ледзь не штогод яго асобныя нумары ўпрыгожвалі гала-канцэрты ў Летнім амфітэатры. Сёлета ансамбль выступае на гэтай сцэне з сольнікам.

/i/content/pi/cult/216/2709/12-3.gif

- Гэта сапраўдны падарунак для нас, - прызналася мастацкі кіраўнік "Харошак", народная артыстка Беларусі Валянціна ГАЯВАЯ. - Ведаю, што не толькі звычайныя гледачы, але і многія непасрэдныя ўдзельнікі фестывалю з іншых краін чакаюць нашага канцэрта. Бо літаральна пасля кожнага з ранейшых фестывальных выступленняў да мяне падыходзілі расіяне, украінцы з нязменным пытаннем: маўляў, дзе можна паглядзець адну з вашых праграм цалкам - да прыкладу, "Па старонках "Полацкага сшытка" ці "Бывай, ХХ стагоддзе!"? Але ўсё неяк не атрымлівалася. Таму цяпер, калі ўсё спраўдзіцца, мы вельмі рады напоўніцу паказаць усё, на што здольныя, прадэманстраваць гасцям з розных краін прыгажосць і адметнасць беларускага нацыянальнага мастацтва.

- А што вы ўключылі ў фестывальную праграму "Гімн роднай зямлі"?

 - Усё самае лепшае, апрабаванае часам і публікай розных краін. Тыя кампазіцыі, якія ўжо нават у беларускіх энцыклапедычных выданнях азначаны як класіка нацыянальнай харэаграфіі: "Добры вечар!", "Мітусь", "Кросны", "Віцебская полька", "Весялуха", "Павачка" (дарэчы, саліст гэтай і многіх іншых нашых кампазіцый Фёдар Балабайка адразу ж пасля фестывалю справіць свой 60-гадовы юбілей). Перад фіналам, зразумела, будзе "Лявоніха". Пакажам мы і два нумары з новай буйной кампазіцыі "Беларусы" - "Гуканне вясны" і "Валачобнікі".

- Некаторыя свае праграмы вы суправаджалі выстаўкамі сцэнічных строяў, фотаэкспазіцыямі, разгорнутымі ў фае.

- У Летнім амфітэатры гледачы ўсё ўбачаць на сцэне. Адных толькі сцэнічных строяў мы вязём 260 - прытым, што кожны з іх складаецца з 8 -10 элементаў. Канцэрт павінен атрымацца, як кажуць, "забойным", вясёлым, жыццесцвярджальным. Разам з тым, ён стане чарговай праверкай таго, як наш калектыў можа працаваць ва ўмовах шоу, не страчваючы сваёй канцэпцыйнасці.

Н.Б.