Канкурсанты і канцэрт

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Сёлета на “Славянскім базары” майстры мастацтваў Казахстана прадставяць палітру прафесійнай творчасці гэтай краіны. Аб канцэртнай праграме ў Віцебскай абласной філармоніі і аб артыстах, што наведаюць горад над Дзвіной, карэспандэнту “К” распавяла член FIDOF, каардынатар казахскай дэлегацыі Карлыган АБДУКАРЫМАВА.

- Мэта нашага вялікага "дэсанту" ў Віцебск - паказаць нацыянальную культуру і мастацтва беларусам, жыхарам краін СНД, увогуле Еўропы. У Віцебск завітаюцьдзве народныя атрысткі Рэспублікі Казахстан - Роза Рымбаева і Нагіма Іскаліева. Сваё мастацтва прадэманструе Джаміля Саркібаева - знакамітая скрыпачка, заслужаная артыстка нашай краіны. А 12 ліпеня а 15-й гадзіне ў Віцебскай абласной філармоніі выканаўцы выступяць з канцэртам. Варта зазначыць, мы ўпершыню так шматгранна прадстаўляем сваё мастацтва, нашу краіну на "Славянскім базары", а ўвогуле Казахстан цягам дзесяці гадоў удзельнічае ў конкурсных песенных праграмах. Роза Рымбаева ўжо два разы пабывала на Міжнародным фестывалі мастацтваў у Віцебску. Сёлета яна ў журы "дарослага" конкурсу песні, а некалькі гадоў таму "судзіла" на дзіцячым.

 - Чым адметныя вашы канкурсанткі?

 - На "Славянскі базар" мы дасылаем пераможцаў Усеказахстанскага дзіцячага конкурсу песні. Гэтым разам краіну прадстаўляе адзінаццацігадовая Анэль Каршыгаева. Спадзяёмся, дзяўчынка годна прадставіць краіну. Гульсум Макітава - удзельніца "дарослага" конкурсу песні- таксама не навічок на эстрадзе.

 - Якія вашы ўражанні аб "Славянскім базары ў Віцебску"?

 - Як прадстаўнік фестывалю ў Рэспубліцы Казахстан штогод прыязджаю ў Віцебск. Фестываль мне падабаецца. Такіх больш няма на постсавецкай прасторы. Многія артысты хочуць трапіць на гэты фэст. Мяркую, падобныя форумы павінна падтрымліваць дзяржава. І тое, што менавіта гэтак робіць ваша краіна, - правільна!