У Дзень Саюзнай дзяржавы

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Дзень Саюзнай дзяржавы на “Славянскім базары ў Віцебску” існуе з 2003 года. І гэтая падзея сталася ўжо традыцыяй. Сёлета ён пройдзе 16 ліпеня, калі на сцэне Летняга амфітэатра адбудзецца вялікі заключны гала-канцэрт.

 Улічваючы шырокую папулярнасць і значнасць "Славянскага базару", ажыццяўляецца штогадовае фінансаванне праекта з бюджэту Саюзнай дзяржавы. У 2009 годзе на правядзенне мерапрыемстваў фестывалю выдаткоўваецца 24 млн. 896 тыс. расійскіх рублёў. Пра гэта паведаміў кіраўнік прадстаўніцтва Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску Сяргей Забалоцец. Фестываль праходзіць у год святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецкафашысцкіх захопнікаў. Запланаваны сустрэчы з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, пройдзе ўскладанне кветак ля Вечнага агню на віцебскай плошчы Перамогі, у якім прымуць удзел кіраўніцтва і дэпутаты Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы. А ў адной з выставачных залаў горада разгорнецца экспазіцыя пад назвай "Фоталетапіс Саюзнай дзяржавы". У межах свята адбудзецца "Сустрэча з пісьменнікам" - старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі, намінантам прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва Мікалаем Чаргінцом. Таксама мяркуецца правесці творчыя сустрэчы і выстаўкі іншых намінантаў. У Дзень Саюзнай дзяржавы ў заключным гала-канцэрце выступяць вядомыя расійскія дзеячы культуры і мастацтва: Аляксандра Пахмутава, Мікалай Дабранраваў, Кім Брэйтбург, Іосіф Кабзон, "Хор Турэцкага" і іншыя зоркі. Беларусь прадставяць Іна Афанасьева, Ірына Дарафеева, ансамблі "Песняры", "Харошкі".

Н.К.