“Глядзець у будучыню!”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Украіна ў Рэспубліцы Беларусь Ігар ЛІХАВОЙ: Каб даведацца, што рыхтуе ўкраінская дэлегацыя для гледачоў “Славянскага базару ў Віцебску”, наш карэспандэнт звярнуўся напярэдадні фестывалю да Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла краінысуседкі ў Рэспубліцы Беларусь Ігара ЛІХАВОГА. І, вядома ж, першае пытанне датычылася складу творчай дэлегацыі на прадстаўнічым міжнародным форуме.

 /i/content/pi/cult/216/2697/7-2.gif

 - Ва ўрачыстым адкрыцці "Славянскага базару" традыцыйна прымуць удзел народная артыстка Украіны Сафія Ратару і Нацыянальны заслужаны акадэмічны ансамбль імя Паўла Вірскага - такім чынам, мая краіна будзе прадстаўлена выдатнымі асобамі ўкраінскага вакалу і ўкраінскай харэаграфіі, - падкрэсліў спадар Пасол. - Можна сцвярджаць, без перабольшвання, што яны самі па сабе прадстаўляюць цэлую эпоху ў развіцці культурных працэсаў у Еўропе, добра вядомыя і надзвычай папулярныя як ва Украіне, так і далёка за яе межамі.

- Вы, з'яўляючыся Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Украіна ў Рэспубліцы Беларусь, несумненна, даяце "дыпламатычную ацэнку" дадзенаму фестывалю. Што, на ваш погляд, нясе ён у свет, у агульную культурную прастору краін і кантынентаў?

- "Славянскі базар" у Віцебску за 18 гадоў актыўнай дзейнасці заняў сваё месца ў культурнай еўрапейскай прасторы. У Беларусі створаны належныя ўмовы для яго правядзення, выпрацаваны пэўны і ўжо вядомы мільёнам гледачоў вобраз фестывалю. Разам з тым, мне падаецца, ёсць яшчэ патэнцыяльныя магчымасці для рэалізацыі, асабліва тыя, што вынікаюць з першапачатковай задумы праекта- прэзентацыі агульнаславянскай культурнай прасторы, актыўнага ўдзелу практычна ўсіх славянскіх народаў.

- Якія мерапрыемствы і якіх артыстаў мы пабачым у праграме Дня Украіны?

 - Сёлета ў Дзень Украіны нашу краіну будзе (і, я ўпэўнены, годна!) прадстаўляць праслаўлены ўжо згаданы мной ансамбль танца імя Вірскага. Феномен гэтага калектыву перш за ўсё ў тым, што як яго заснавальнікі, так і цяперашнія артысты здолелі мовай харэаграфіі перадаць нацыянальную душу ўкраінскага народа, яго энергію і прыгажосць. Гэта унікальная з'ява ў сусветным харэаграфічным мастацтве. У ім у адно цэлае зліліся і навукова-даследчы інстытут мастацтвазнаўства, і тэатр танца, і студыя-акадэмія, і яшчэ шмат чаго, пакуль цалкам не асэнсаванага, але нязменна прыгожага і чароўнага. Пра гэта ведаюць дзесяткі краін свету і партфель прапаноў гастролей гэтага калектыву заўсёды перапоўнены.

- Хто сёлета прадставіць Украіну ў конкурсных праграмах "Славянскага базару ў Віцебску"?

- Традыцыйна конкурс выканаўцаў эстраднай песні і яго "малодшы брат" - дзіцячы музычны конкурс - выклікаюць павышаную цікавасць і ствараюць творчую інтрыгу, з якой украінскія выканаўцы шматразова выходзілі са званнямі лаўрэатаў і перамагалі, як гэта было з Русланай Лыжэчка. У гэтым годзе ва ўпартай барацьбе маю краіну прадставяць Пётр Дмітрычэнка і юнае дараванне Андранік Алексанян. Спадзяюся, пры любым вердыкце строгага журы, яны вам спадабаюцца і запомняцца надоўга.

- Беларусь і Украіна, якія здавён паяднаны моцнай сістэмай каранёў славянскай культуры, эканомікі і палітыкі, і ў ХХІ стагоддзі пашыраюць перспектывы супрацоўніцтва. Якія з'явы, асобы ў культуры сучаснай Беларусі вам найбольш блізкія?

 - Сучасная культура, нават у яе авангардных праявах, заўсёды нацыянальная і самабытная. Інакш гэта не мастацтва, а значыць - яно малацікавае, нават раскручанае і масавае. У сучаснай Беларусі я бачу шмат цікавых праяў культурных працэсаў: люблю беларускі класічны балет, музыку "Старога Ольсы", з задавальненнем наведваю новы Тэатр оперы і балета, дзе, дарэчы, галоўным дырыжорам працуе заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, а ў балетным мастацтве тут пакінулі свой грандыёзны след народныя артысты Украіны і СССР, асабліва Яраслаў Вашчак. Прыемна сачыць за дынамікай развіцця сучасных выяўленчага і дэкаратыўнага мастацтваў, выставачнай дзейнасцю. Думаю, з такім патэнцыялам у бліжэйшы час і ў Беларусі, і ва Украіне будуць і свае агульнанацыянальныя ды міжнародныя вернісажы, і сучасны арт-рынак, без якіх складана быць еўрапейскай краінай.