ART-стрыжань Еўропы

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Дзе сёлета знаходзіцца культурная сталіца Еўропы? Безумоўна, — у Вільнюсе і ў аўстрыйскім Лінцы. Рашэннем Еўрапейскай камісіі два названыя гарады атрымалі ў 2009 годзе ганаровы тытул.

/i/content/pi/cult/216/2696/7-3.gif

Гэтай вясной чатыры супрацоўнікі часопіса "Мастацтва" разам з дырэктарам Беларуска-літоўскага цэнтра культуры, адукацыі і інфармацыі Віргай Тарнаўскайтэ скіраваліся ў Вільнюс. Мы паехалі ў суседнюю сталіцу, каб сабраць матэрыял для сёмага нумара часопіса, прысвечанага мастацтву краіны-суседкі. Пасля гасціннага прыёму ў Пасольстве Беларусі мы трапляем на сустрэчу з міністрам культуры Літвы Рэмігіюсам Вілкайцісам. Ён распавядае, як цяжка было атрымаць ганаровы тытул і наколькі важна паказаць свету нацыянальны набытак у названай сферы. "У выніку пашыраюцца мастацкія і творчыя далягляды. Новыя міжнародныя сувязі будуць працаваць надалей", - падагульняе вынікі сустрэчы міністр. Прыехаўшы на тры дні, мы трапілі толькі на невялічкую частку ўсіх падзей. Тут варта было апынуцца ў Новы год, на адкрыцці праграмы, каб пабачыць, як неба над горадам паглынае светлавы спектакль Герта Хофа, ці паглядзець мюзікл "@Hoffman_Шчаўкунок" - сучасную інтэрпрэтацыю казкі Гофмана і класічнага балета Чайкоўскага... Многія праекты - доўгатэрміновыя. Як, напрыклад, "Мастацтва ў нечаканых прасторах" - увасабленне самых смелых ідэй па стварэнні сучаснага візуальнага вобраза горада "Спадчына віленскіх рамёстваў", "Мастацтва барока", фестываль сакральнай музыкі, "ARTscape", які прадстаўляў найбольш знакамітых дзеячаў сучаснага мастацтва, джаза і кіно з дванаццаці папярэдніх культурных сталіц Еўропы. Літве ёсць чым здзівіць свет. Найперш- нацыянальным тэатрам. Адна са значных падзей святкавання - прэм'ера спектакля Эймунтаса Някрошуса "Ідыёт" паводле рамана Ф.Дастаеўскага. Асобу Някрошуса абмінуць немагчыма, і ў вядомага рэжысёра бярэцца інтэрв'ю. Гэтак жа немагчыма было абмінуць і галоўнага рэжысёра Маладзёжнага тэатра Эльгердаса Латэнаса. Літоўская філармонія знакамітая сваімі камерным і сімфанічным аркестрамі. Яе генеральны дырэктар Рута Прусявічыене адказваена пытанні часопіса. Гонар нацыянальнага балета - лаўрэат міжнародных конкурсаў і ўрадавай прэміі Літвы прыма-балерына Эгле Шпакайтэ. І мы едзем у Акадэмічны тэатр оперы і балета. Літоўскае выяўленчае мастацтва актыўна развіваецца. "Якое яно сёння?" - высвятлялі мы ў Вільнюсе разам з мастаком Марыусам Міндаўгасам Дэнісам. Пасля былі сустрэчы з фотакрытыкам Маргарытай Матулене, пачынальнікам жанру ню ў літоўскай фатаграфіі Рымантасам Дыхявічусам, дырэктарам праграмы "Вільнюс - культурная сталіца Еўропы" Раландасам Кветкаўскасам. Апошняя наша гутарка - з галоўным архітэктарам горада Артурасам Блотнісам, які патлумачыў нам прынцыпы рэстаўрацыі Старога горада і правілы ўзвядзення сучасных будынкаў - не бліжэй як за кіламетр ад гістарычнага цэнтра. Якія ж уражанні ад гэтай паездкі? Папершае, засталося перакананне, што ездзіць у Вільнюс варта нават тады, калі скончацца святкаванні, бо Літва ўжо будзе іншая: з адрэстаўраванымі будынкамі, новымі культурнымі аб'ектамі, новым узроўнем мастацкіх падзей, трывалымі міжнароднымі сувязямі. Людзі там вельмі адкрытыя. І яны шчыра цікавяцца Беларуссю і жадаюць супрацоўнічаць.

 

Алеся БЕЛЯВЕЦ

 На здымку: у час інтэрв'ю з міністрам культуры Літоўскай Рэспублікі Рэмігіюсам Вілкайцісам.