“Куды падкіне конкурсны трамплін?”

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Райманд ПАУЛС, народны артыст Латвіі і СССР:

/i/content/pi/cult/216/2695/6-2.gif

- Да "Славянскага базару ў Віцебску" я рыхтаваўся дзесяць гадоў, уявіце сабе! І сёлета я прыязджаю ў горад над Дзвіной з даволі стракатай праграмай: мяне запрасілі прыняць удзел у адкрыцці фестывалю. Асобным канцэртам у рамках праграмы "Фестываль без межаў" адбудзецца маё выступленне разам з нашай опернай спявачкай Ілонай Багеле. Віцебскі глядач атрымае магчымасць пазнаёміцца з музычным спектаклем "Одесса, город колдовской" Рыжскага тэатра імя Міхаіла Чэхава, да якога я напісаў музыку. Кожны вечар, атрымліваецца, - у розных амплуа.

- Ведаю, што вы будзеце паўнавартасным удзельнікам музычнай пастаноўкі Рыжскага тэатра?

 - Так, усе дзве з паловай гадзіны - за раялем. Але ж, вядома, асноўную ролю выконваюць у пастаноўцы нашы акцёры. Яны ад душы іграюць у гэтым спектаклі па знакамітых "Адэскіх апавяданнях" Бабеля. Гэты твор вельмі спецыфічны, але і надзвычай таленавіты. Ён напісаны, на маю думку, проста здорава. Прызнацца, нават і не думаў, што ў мяне штосьці атрымаецца, калі прапанавалі стварыць музыку, бо, натуральна, тут патрэбен адэскі каларыт. Але напісаў - і спектакль з поспехам ідзе ў Рызе. А зараз яго здолее ацаніць і беларускі глядач.

 - Райманд Вальдэмаравіч, чым асабіста вам цікавы беларускі фестываль? Якія вашы чаканні, спадзяванні?

- Кожная музычная падзея, якая збірае маладых выканаўцаў, заўжды мяне прываблівае. Бо лічу, што конкурсаў для маладых павінна быць болей. Сёння мы знаходзімся ў прамой залежнасці ад сродкаў медыя: тэлебачанне дыктуе нам свае правілы і ўмовы, якім мы мусім падпарадкоўвацца. У прыватнасці, гаспадаром конкурсу "Новая хваля", які, як вы ведаеце, таксама імкнецца выяўляць і падтрымліваць маладыя таленты, лічу акурат яго - ТБ. А тэлебачанне, у сваю чаргу, зацікаўлена ў вядомых артыстах, якіх ведае і чакае глядач. Атрымліваецца замкнёнае кола, з якога не так проста выбрацца,і маладым выканаўцам сёння вельмі цяжка прыцягнуць да сябе ўвагу, прабіцца, запомніцца. Мабыць, падобныя конкурсы - адзінае выйсце. Таму я чакаю ад беларускага фестывалю адкрыцця новых імёнаў.

- Вашы пажаданні канкурсантам.

- Лічу, што конкурс - гэта трамплін. Часам зусім невядома, куды ў выніку ён вас "падкіне", куды вы патрапіце. І нават калі вы занялі не першае месца, а пятнаццатае, гэта зусім не значыць, што вы прайгралі. Памятайце пра гэта і дбайце больш пра сваю індывідуальнасць і прафесіяналізм.

 Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ