“Крывінка” Еўтушэнкі

№ 28 (896) 11.07.2009 - 17.07.2009 г

Ужо хвілін дзесяць доўжылася тэлефонная гутарка карэспандэнта “К” са знакамітым расійскім паэтам Яўгенам ЕЎТУШЭНКАМ напярэдадні яго прыезду на “Славянскі базар у Віцебску”, дзе адбудзецца ягоны творчы вечар “Раман з жыццём”, як суразмоўца раптам падзяліўся радасцю:

/i/content/pi/cult/216/2693/6-1.gif

 - А я днямі ордэн атрымаў! Ордэн Лібертадора! - заінтрыгаваў назвай Яўген Аляксандравіч... А распачалася наша гутарка так.

 - Беларусь для мяне - зямля родная, багатая цудоўнымі людзьмі, што засталіся ў маёй памяці. З гэтай краінай знітаваны самыя шчымлівыя ўспаміны. І найперш - звязаныя з палескай вёскай Хомічы. У мяне і сёння перад вачыма наступная карцінка: мы прыехалі ўдзень у самае сэрца вёскі, а нідзе нікога няма - толькі дзверы паўсюль адчынены. Такога я не бачыў больш нідзе і ніколі! Усе ж хамічане аказаліся ў той момант на полі: нават маленькія дзеткі, што хадзіць не ўмеюць, а ўжо бульбіны ручкамі выкопваюць. Там жа неяк, мусіць, на генетычным узроўні, сярод дзесяткаў бабуль я з першага разу пазнаў і падышоў да сваёй - Ганны. Пра гэта ўсё ў свой час напісаў у паэме "Мама і нейтронная бомба". Ды і зборнік свой назваў "Белорусская кровинка", як разумееце, не выпадкова. Дарэчы, ёсць і яшчэ ніты яднання з Беларуссю. Напрыклад, менавіта праз Мінск у канцы 70-га выйшла ў друку практычна забароненая паэма "Под кожей статуи Свободы". Гэта адбылося дзякуючы Андрэю Макаёнку. Яго смеласці я ўдзячны і па сёння. А вось у Віцебску апошнім разам быў ажно 14 гадоў таму, калі прэзентаваў сваю "Анталогію рускай паэзіі", што з'яднала пад адной вокладкай некалькі імён. І мне вельмі прыемна, што ў яе выданні ў тыя дні мне фінансава паспрыяў жыхар вашай краіны. Увогуле, дзіўна неяк, што так даўно не наведваў Беларусь, але цяпер, пасля "Славянскага базару ў Віцебску", спадзяюся, сітуацыя зменіцца і я стану ў вас частым госцем. Таму з нецярпеннем чакаю сустрэчы з чытачамі. Дарэчы, я вырашыў прыехаць разам са сваімі сынамі і жонкай. А ў Віцебску на фестывалі ў мяне, акрамя ўласнай праграмы, запланаваны яшчэ і сустрэчы. Адна з іх - з Раймандам Паулсам, які прапанаваў запісаць сумесны альбом. Дарэчы! Я днямі ордэн атрымаў! Ордэн Лібертадора - вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду Чылі! З рук Прэзідэнта гэтай краіны, адкуль нядаўна вярнуўся. А налета мяркую здымаць там кінастужку. Тым не менш, у перапынках знайду некалькі тыдняў, каб праехаць па Беларусі. Вельмі хацеў бы сустрэцца з чытачамі ў Гомелі, Калінкавічах, Мінску, Віцебску... Спадзяюся, усё атрымаецца!

 Сяргей ТРАФІЛАЎ

 Фота Юрыя ІВАНОВА