Лічбавы код нашага слова...

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Знаёмства з Фёдарам Піскуновым, аўтарам камп’ютэрнай праграмы праверкі беларускай арфаграфіі “Літара”, пачалося з таго, што ён усталяваў на мой працоўны камп’ютэр сваю новую праграму — першы ў Беларусі электронны граматыка-парадыгматычны слоўнік беларускай мовы “Парадыгма”.

/i/content/pi/cult/215/2686/15-4.gif

Навуковы супрацоўнік Фізікатэхнічнага інстытута Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Фёдар Піскуноў і праграміст Мікалай Зелянкоў працавалі над гэтым праектам з 2004 года, пасля заканчэння працы над "Літарай". У праграме кожнае беларускае слова атрымала адпаведны граматычны код. Па словах Фёдара Антонавіча, "Парадыгма" можа працаваць як самастойная праграма, так і разам з "Літарай", дапаўняючы адна адну. - Я лічу, што кожны карыстальнік камп'ютэра абавязкова павінен мець як сваю электронную энцыклапедыю, так і праграму праверкі арфаграфіі і ўбудаваны слоўнік, - кажа кіраўнік праекта. - Я планую размясціць "Парадыгму" ў Інтэрнеце. Яе можна будзе бясплатна скачаць, папярэдне зарэгістраваўшыся для статыстыкі. Дадам, што новая праграма будзе адкрыта для заўваг і пажаданняў па паляпшэнні яе работы. Як жа функцыянуе "Парадыгма"? Вельмі проста: як дапаможны сродак для атрымання граматычных даведак пры рабоце з тэкставымі матэрыяламі ў праграме Microsoft Word. Рэестравы склад слоўніка - каля 140 тысяч слоў. Ён цалкам утрымлівае ў сабе матэрыялы шырока вядомага "Слоўніка беларускай мовы" пад рэдакцыяй акадэміка Мікалая Бірылы, што дазваляе камфортна працаваць з тэкстамі універсальнага характару. Атрымаць граматычную даведку можна праз кантэкстнае меню або шляхам навядзення курсора на слова ў тэкставым дакуменце з наступным націсканнем на сімвальную кнопку на панелі інструментаў. Таксама можна надрукаваць патрэбнае слова ў акенцы "Парадыгмы" і атрымаць такі самы вынік. "Парадыгма" атрымала высокую ацэнку супрацоўнікаў Інстытута мовы і літаратуры НАН Беларусі, якія адзначылі высокі тэхнічны ўзровень праграмы і вялікі патэнцыял яе выкарыстоўвання, у тым ліку - і ў навучальным працэсе. А своеасаблівая "абкатка" праграмы вялася цэлы год з дапамогай шэрагу беларускіх СМІ. Як паабяцаў Фёдар Піскуноў, наступную сваю праграму ён будзе "экзаменаваць" і ў рэдакцыі нашай газеты.

Юрый ЧАРНЯКЕВІЧ

Фота Пятра ОВАДА