Салдат “рэйкавай вайны”

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Хлопец з беларускай вёскі здабывае вінтоўку і адважна рушыць у лес, да партызанаў. А праз нейкі час атрымлівае жудасную навіну: родная вёска спалена дашчэнту разам з жыхарамі. Сярод тых, хто загінуў ад рук карнікаў, былі яго мама і сёстры. Гэта не пераказ шэдэўра Элема Клімава “Ідзі і глядзі”, а гісторыя з жыцця. Іван УШАЦКІ сустрэў сваё паўналецце ў партызанскім атрадзе, ужо паспеўшы стаць адным з салдатаў “рэйкавай вайны”. Пра вайну сказана, знята, спета ўжо вельмі шмат. Але ж зусім іначай успрымаеш расповед пра тыя падзеі з вуснаў іх непасрэднага ўдзельніка. Такая магчымасць надарылася пад час сустрэчы ветэранаў — удзельнікаў спецатрадаў, якая была арганізавана па ініцыятыве Камітэта дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь напярэдадні 65-годдзя вызвалення.

Як справы на фронце?
 /i/content/pi/cult/215/2682/14-1.gif

 - Вайна заспела мяне ў роднай вёсцы Быкі, што на Дрысеншчыне, - пачынае аповед Іван Ушацкі. - Памятаю, у жніўні 1941 года да мяне завітаў суседскі хлопчык і кажа: у хату да Кавалеўскіх прыйшлі партызаны! Я адразу ўскочыў і, як быў, басанож, пабег туды - перадусім праз сваю цікаўнасць. Заходжу ў хату і бачу там чатырох мужчын: трое сядзяць за сталом, а чацвёрты прыснуў. Пытаюся: дзе нашы? Як справы на фронце? Яны пасміхнуліся і адказалі: "Ды мы і самі нічога не ведаем!" І раптам пачулася: "Немцы!" Трое адразу ўскочылі і рынуліся ўцякаць, наказаўшы мне пабудзіць іх таварыша. Таму ўцякаць ужо не было куды. Я раскатурхаў яго, загадаў залезці на печ і там схавацца. І тут у сенцах грымнуў стрэл. Немцы ўварваліся ў хату: "Хандэ хох!" Схаванага партызана яны знайшлі вельмі хутка. Нас вывелі на вуліцу і прымусілі бегчы паперадзе машыны - пад руляй кулямёта. Хутка мы апынуліся ў суседняй вёсцы, стараста якой яшчэ з часоў Першай сусветнай прыстойна ведаў нямецкую мову. Ён здзівіўся, убачыўшы мяне пад канвоем. І распавёў акупантам, што я "гут кіндэр". Тады немцы запыталі мяне: а хто былі тыя трое, што ўцяклі? "Бандыты", - адказаў я, і гэты адказ ім яўна спадабаўся. Але тут жа прагучала наступнае пытанне: "А што ты рабіў з бандытамі ў адной кампаніі?" На пошукі адказу ў мяне было ўсяго пару секунд. - Ну, я не адразу скеміў, што яны бандыты, - выдаў я. - Бо спярша падумаў, што гэта чырвонаармейцы, якія адсталі ад сваіх. І хацеў ім патлумачыць, што, паводле закону, ім належыць стаць на ўлік у старасты. Адзін з немцаў падышоў да мяне і апусціў мае паднятыя над галавой рукі. Гэта значыла, што небяспека мінавала. Але мяне тут жа запыталі: "А гэта хто?" - паказаўшы на чацвёртага партызана. І ў гэты момант я адчуў такую адказнасць... Скажаш нешта не тое - і праз хвіліну чалавека не будзе. - Гэта чырвонаармеец, які адстаў ад войска і, згодна з законам, стаіць на ўліку- адказаў я. На шчасце, мне паверылі.

Зямля гарыць пад нагамі фашыстаў

 - Партызанаў у нашых краях было шмат, але я абраў тую групу, якая мела сувязь з Масквой. Тым болей, камандзірам аднаго з атрадаў быў наш школьны настаўнік. Мною рухала толькі адна думка: трэба адстаяць сваю радзіму,- жаданне не быць пераможаным, не быць рабом. Наша брыгада не абмяжоўвала сваю дзейнасць канкрэтнай тэрыторыяй - дыверсійныя групы накіроўваліся ў розныя бакі, і на захад Беларусі, і ў Латвію... Такія пераходы былі вельмі складанымі: ісці мусіш не па дарозе, а па лесе, і толькі ўначы, а ўдзень хавацца. Потым, зрабіўшы дыверсію, трэба вельмі хутка адступіць, бо па тваіх слядах неўзабаве пойдуць немцы з сабакамі, і давідна ты мусіш прайсці болей, чым пераследнікі за ўвесь наступны светлавы дзень. Уяўляеце, у нашы дыверсійныя групы траплялі нават дзяўчаты! Канешне, ім было вельмі цяжка, але... Партызанская вайна мае і яшчэ нямала складанасцей. У тыле ворага любое раненне можа быць смяротным, бо добрую медыцынскую дапамогу ў партызанскіх умовах не атрымаеш. Адзін мой таварыш быў паранены ў нагу, неўзабаве ў яго пачалася гангрэна, і давялося рабіць ампутацыю - звычайнай пілой для дроў. У якасці анастэзіі была толькі шклянка самагонкі... Без падтрымкі мірных жыхароў партызанскі рух на Беларусі у такіх маштабах не мог бы існаваць. Прыходзіш у вёску, завітваеш у хату і пытаешся: "Ці не можаце вы нас пакарміць?" Ніхто не адмаўляў. З усяго нашага сельсавета толькі адзін чалавек пайшоў служыць у паліцыю. А колькі ў партызаны - і не пералічыць. Распрацоўваючы генеральны план "Ост", нацысты сцвярджалі: "Трэба зыходзіць з таго, што беларусы з'яўляюцца самым бяспечным для нас народам усходніх абласцей". І што атрымалася ў выніку? На Беларусі дзейнічала каля 470 тысяч партызан. Мы паўсталі на барацьбу з акупантамі па сваёй волі, без заклікаў з ваенкаматаў. Гудэрыян у кнізе "Запіскі салдата" прызнаваў, што на акупіраваных тэрыторыях утварыўся яшчэ адзін, трэці, фронт, і ён быў для немцаў такі ж небяспечны, як першыя два. А камандзір нашай брыгады Міхаіл Пруднікаў потым напісаў: "Гэта была паўсядзённая баявая работа. І мы стараліся выконваць яе так, каб фашысты пастаянна адчувалі, што савецкая зямля гарыць у іх пад нагамі".

Навагодні "падарунак"

- Апошні дзень 1942 года. У адным месцы выпадкова сышліся тры дыверсійныя групы нашай брыгады. І кожная мела з сабой 20 кг толу. Таму ідэя зрабіць "падарунак" Гітлеру ўзнікла сама сабою. Мы ведалі, што непадалёкёсць невялічкі чыгуначны масток, які немцы не ахоўваюць. І вырашылі яго знішчыць, разам з эшалонам. Але, як толькі наблізіліся ўшчыльную, пачулі стрэлы. Літаральна перада мной раптам узнікла постаць ворага. Ён цэліў ва ўпор. Куля прайшла літаральна пад пахай - я цудам ацалеў. Стрэліць жа ў адказ не мог, бо ў другой руцэ трымаў узрывальнік. І тады я абрынуў на ворага прыклад вінтоўкі. Партызаны скаціліся пад адхон і рынуліся ўцякаць - пад кананаду мінамётных стрэлаў. У нашых белых маскхалатах нам удалося лёгка растварыцца ўначы, і беспрыцэльны агонь немцаў шкоды не прынёс. На наступны дзень было вырашана паўтарыць акцыю і закласці зарад метраў за трыста ад таго мосціка. Гэтым разам усё прайшло ўдала. Дачакаўшыся цягніка, тарганулі шнур. Удзельнікі групы спешна адыходзілі, а я трохі замарудзіў: хацелася ўбачыць "падарунак Гітлеру" на ўласныя вочы. І што тады было! Сполах святла, вагоны ажно грувасціліся адзін на адзін...

 Аперацыя "Баграціён"

 - Напрыканцы 1943 года Дрысеншчына была вызвалена, і я далучыўся да Чырвонай Арміі, стаўшы артылерыстам. Набліжэнне аперацыі "Баграціён" мы прадчувалі. Памятаю гэтую карціну: уначы па шашы ў бок фронту рушыць бясконцая калона тэхнікі. Надыходзіць дзень - мы маскіруемся, быццам нас і няма. Мне вельмі хацелася, каб наступальная аперацыя пачалася 22 чэрвеня: пасля падзей 1941 года ў гэтым быў яўны сімвалізм. Так яно і атрымалася! У большасці гістарычных крыніц можна сустрэць іншую дату пачатку "Баграціёна" - на дзень пазней. Але ж я добра запомніў, што наш артылерыйскі полк адкрыў агонь па пазіцыях ворага менавіта 22 чэрвеня, прычым у чатыры гадзіны раніцы! Напэўна, гэта была разведка боем. І ўжо як развіднела я ўбачыў першых нямецкіх палонных. Настрой пад час наступлення быў заўсёды прыўзняты. З якой радасцю людзі выбягалі нам насустрач літаральна ў кожнай вёсцы! Марш вызвалення быў імклівы: Полацк, Шуміліна, Міёры, Браслаў... Ніколі не бачыў столькі ўсмешак! Праўда, запомніўся і такі выпадак. Мы прыселі адпачыць, чакаючы, пакуль сапёры падрыхтуюць пераправу праз Заходнюю Дзвіну. І вось, падыходзіць жанчына, дзякуе нам, дзеліцца сваімі радаснымі пачуццямі... і раптам пытаецца:"Скажыце, а пасля вайны калгасы будуць?" Я цудоўна разумеў, чым гэтае пытанне абумоўлена. Памятаю, як праходзіла калектывізацыя ў нашай роднай вёсцы, калі добрых гаспадароў расстрэльвалі або высылалі ў Сібір толькі за тое, што яны мелі ажно дзве каровы. Тым болей, такі самы лёс мог спасцігнуць і нашу сям'ю - калі б мой бацька не быў ветэранам Грамадзянскай вайны. ...Трохі паразважаўшы, я адказаў ёй: "Не варта пакуль пра гэта думаць. Трэба спярша разбіць ворага, а ўжо потым мы будзем вырашаць, як жыць далей".

"Куда ж теперь идти солдату..."

- На фронце я быў тройчы паранены. Апошнім разам мне вельмі пашчасціла: асколак патрапіў у спіну, не зачапіўшы хрыбта, выйшаў, прайшоўся па шыі, не парваўшы, але толькі агаліўшы сонную артэрыю, разбіў сківіцу... Я паваліўся на зямлю. Першая думка: "Забілі, але ж пакуль яшчэ не страціў прытомнасць". Раптам са здзіўленнем бачу: мая нага варушыцца. Устаю. Адчуваю, што твар ператварыўся ў жудаснае месіва. І думаю: так мне з дзяўчынай ніколі і не пацалавацца... Пра тое, што трэба хутчэй перавязку рабіць і спыніць крывацёк, думкі тады не прыйшло. Вайна для мяне скончылася ў свярдлоўскім шпіталі. На свае вочы бачыў там чалавека, які атрымаў скразное раненне галавы і застаўся жывы: куля цудоўным чынам прайшла паміж паўшар'яў мозгу. І вось, у адзін цудоўны дзень прыходзіць да мяне медсястра і кажа: "Ушацкі, час дадому вяртацца. Куды табе чыгуначны квіток выпісваць?" І гэтае пытанне мяне збянтэжыла. Не было куды мне ехаць. Роднай маёй вёскі Быкі ўжо не існавала на карце: яна так і не адрадзілася пасля вайны. Сям'я ўся загінула. Трэба пачынаць жыць! А як? Спецыяльнасці ў мяне няма, ды і раненні даюцца ў знакі... А картку на харчаванне пасля шпіталя выдавалі толькі на месяц. Калі б мне хтосьці тады сказаў, што я закончу ВНУ, аспірантуру, абараню дысертацыю, атрымаю званне дацэнта, я палічыў бы гэтага чалавека вар'ятам. Са Свярдлоўска ў Беларусь ехаў праз Маскву. Пабачыў там аб'яву аб наборы ва універсітэт. І вырашыў рызыкнуць. Яшчэ з часоў вясковага дзяцінства мяне прываблівала юрыспрудэнцыя. Тады я шмат чытаў, быў у курсе ўсіх сусветных падзей. І на экзамене хтосьці з камісіі сказаў: "Такога хлопца трэба прыняць". ...У 60-я, калі я ўжо быў старшынёй Гродзенскага гарвыканкама, выклікаў мяне неяк у свой кабінет Пётр Міронавіч Машэраў. Ён прапанаваў мне заняць пасаду намесніка генпракурора рэспублікі. Падзякаваў яму за давер, аднак... Я не ўтойваў, што да гэтага месца працы душа ў мяне не надта ляжала: не хацелася мяняць крэсла мэра на пасаду ў пракуратуры. Але ж так лёгка і не адмовішся... І тады я знайшоў апошні аргумент: "Ведаеце, Пётр Міронавіч, а я з вамі знаёмы куды даўжэй, чым хто іншы ў гэтым будынку". Той здзівіўся: маўляў, калі гэта мы пазнаёміліся? - А памятаеце, як у жніўні 1942 года вы на конях прыехалі ў вёску Маторына разам з камандзірам брыгады?- запытаў я. - І ўвагу я на вас звярнуў перадусім таму, што надта вы на мяне былі падобны: даўгі, хударлявы... Машэраў засмяяўся, а потым на хвіліну здумеўся, згадваючы тыя гады.

Ілля СВІРЫН