“Афект — гэта тое, што выклікае эфект”, альбо Памяняць пол ці штосьці іншае?

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Прыемнай акалічнасцю сёлетняй тэатральнай вясны стала тое, што даўняя ідэя — стварэнне Цэнтра беларускай драматургіі і рэжысуры, за рэалізацыю якой у розныя часы браліся самыя розныя арганізацыі, пад дахам Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі нарэшце ажыццявілася, набыўшы формы і абрысы рэальных тэатральных акцый.

21 красавіка пад дахам Цэнтра прайшоў Літ-Драм-Рынг — імпрэза, якая мела на мэце, з аднаго боку, прэзентацыю новага драматургічнага твора Кацярыны Іглі “Як я прачнуўся жанчынай…”, а з іншага — знаёмства з “аўтарскай” формай прэзентацыі драматургіі — “публічна яшчэ раз узважыць уласны твор з пункта гледжання задумы і формы, структуры і кампазіцыі”. Маўляў, хто, як не сам драматург, найлепшым чынам прадставіць свой твор? Ён усё раскажа, патлумачыць, так што, каб скласці ўласнае меркаванне пра саму п’есу, яе ўжо не абавязкова будзе чытаць. Хаця асабіста я з большай асалодай паслухала б пра тое, што ж думаюць пра гэты твор рэжысёры, акцёры — людзі, якім працаваць з гэтай п’есай далей, на шляху яе сцэнічнага “ажыўлення”.Дадатковае напружанне Літ-Драм-Рынга павінна была ствараць і слоўная дуэль з “аб’ектыўным злом” сучаснай беларускай драматургіі (такім яго падаюць “ідэолагі” рынга) Андрэем Курэйчыкам.

Менавіта гэтую асобу маладая літаратарка выбрала ў якасці апанента і прыкладу драматургічнага негатыва. Фармальнай нагодай сталася тое, што і ў яго п’есе “Выканаўца жаданняў”, напісанай, як зазначыў сам аўтар, каля дзесяці гадоў таму, яшчэ падчас яго вучобы на другім курсе універсітэта з разлікам на сяброў — удзельнікаў аматарскага тэатра, і ў новай п’есе Кацярыны Іглі “Як я прачнуўся жанчынай…” у аснове сюжэтнага хода палягае абмен целамі паміж галоўнымі дзейнымі асобамі — прыём сам па сабе не новы і з розных бакоў распрацаваны як у тэатры, так і ў сусветным кінематографе. І калі на пытанне аб прычынах выкарыстання гэтага прыёму ў канкрэтных творах Курэйчык у якасці свайго аргумента прывёў касавыя зборы фільма “Любовь-морковь” ( у аснову сцэнарыя гэтай стужкі і лягла яго п’еса “Выканаўца жаданняў”), Іглі павяла гаворку пра “выпадковы секс” як праяву вострай сацыяльнай праблемы страты полу ў нашым грамадстве, адзначаючы маральнасць выкарыстання ў драматургіі прыёму абмену целамі — толькі з высокімі і сацыяльна значнымі “тэрапеўтычнымі” мэтамі.

Асноўным пасылам, адрасаваным як крытыкам, так і ўсім прысутным у зале, стала тое, што, маўляў, нарэшце з’явілася маладая аўтарка, якая пачала змагацца з mass-media, што “так і лезуць у спальню”, а таксама і з іншымі сацыяльнымі праявамі дэструктывізацыі нашага грамадства.

А што ж сама п’еса? Пра яе за тры гадзіны было сказана так мала, што наўрад ці чалавек, які не чытаў гэтага твора (а такіх у зале была пераважная большасць), мог скласці сваё меркаванне аб яе прафесійных якасцях. Як аўтар, Іглі не вызначылася ні з месцам драматургічнага дзеяння п’есы, ні з характарыстыкамі сваіх герояў — яны фігуруюць у творы ў якасці “размытых” тыпажоў, злепленых са штампаў “а-ля Cosmopolitan”. Асабістага жыццёвага досведу аўтаркі ў пытаннях пабудовы адносін паміж мужчынам і жанчынай у творы няма — пра гэта яна сама зазначыла, сцвярджаючы, што мае дастаткова шырокую эрудыцыю, каб уявіць сабе тыя ці іншыя сітуацыі. Ды і ўласна аўтарства Кацярына Іглі “дзеліць” з шэрагам іншых людзей: акцёраў, рэжысёраў беларускіх тэатраў, якія сталі для яе своеасаблівым “матэрыялам для мадэлявання” міжполавых чалавечых узаемаадносін.

Здавалася, сцэна і глядзельная зала памяняліся месцамі: пад сафітамі на “кактусах” і ля пальмаў сядзелі задаволеныя сабой людзі і з непадробнай цікавасцю назіралі за тым, як прысутныя ў зале настойліва намагаліся “вылушчыць” для сябе які-кольвек досвед і сэнс з усяго таго, пра што ім расказвалася.

Дазволю сабе невялічкае “лірычнае адступленне”. Сёлетняя вясна спарадзіла ў беларускай сталіцы цэлы шэраг так званых маладзёжных “тэатральных ініцыятыў” антрэпрызнага тыпу. Вось, здавалася б, новы ўсплеск тэатральнай творчасці! З чаканнем ідучы на кожны такі праект, я задавалася адным-адзіным пытаннем: чаму ж гэтыя ініцыятывы буяюць дзе заўгодна, толькі не пад дахамі прафесійных тэатраў? І штораз пераконвалася: да тэатральнага мастацтва яны маюць даволі апасродкаваныя адносіны. У лепшым выпадку, гэта былыя ўдалыя студэнцкія работы, створаныя з выключна вучэбнымі мэтамі, якія і сёння, дзякуючы занятым у іх акцёрам, якія пакуль што не змірыліся са стратай студэнцкага “статуса”, яшчэ не да канца страцілі свой “флёр”. Але здараецца і так, што людзі, якія пазіцыяніруюць сябе ў якасці альтэрнатыўных тэатральных дзеячаў, пра спецыфіку ўласна тэатральнага мастацтва маюць вельмі слабое ўяўленне. Мы ж, спажыўцы гэтага прадукту, чытаем, што “спектакль з поспехам ідзе…”, а прыходзячы на гэты “паспяховы” праект, у стане пералічыць усіх прысутных на пальцах і… па прозвішчах. Калі ж задаемся пытаннем адносна глыбокага сэнсу, закладзенага стваральнікамі ў пафасную назву кшталту “Тэатр афекту”, чуем у адказ, што “Афект — гэта тое, што выклікае эфект”…Прадастаўленне маладым творцам права на самарэалізацыю — гэта адна з тых высакародных мэт, якія ўласна і ставіць перад сабою Цэнтр беларускай драматургіі і рэжысуры. У дачыненні да Літ-Драм-Рынга і кіраўнік Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Валерый Анісенка, і рэжысёр тэатра, каардынатар імпрэз Цэнтра Аляксандр Марчанка не адступіліся ад гэтага прынцыпу. Не замінаючы выказвацца маладому драматургу Кацярыне Іглі адносна сваёй геніяльнасці і творчай перспектыўнасці, яны далі ёй цудоўную магчымасць “адлупцаваць сябе” без чужой дапамогі. І адначасова — высвеціць праблему, якая для сучаснай беларускай драматургіі стаіць надзвычай востра. Нашмат вастрэй, чым тое, што “нашы рэжысёры ўпарта не жадаюць ставіць маладых беларускіх драматургаў”. А крыюцца карані гэтай праблемы менавіта ў адсутнасці крытычнага стаўлення да прадукту ўласнай творчай дзейнасці, у дадзеным выпадку — драматургіі. Чамусьці маладыя драматургі перакананы, што адпрацаваныя піар-схемы і метадычная, мэтанакіраваная праца па “прасоўванні” свайго “драматургічнага тавару” на тэатральную сцэну здольныя падмяніць сабою прафесійныя якасці п’ес.

А добра было б гэтую энергію, што траціцца на перакананне mass-media ва ўласнай “канкурэнтназдольнасці”, — ды ў прафесійнае рэчышча… Глядзіш, паходзіць малады драматург па тэатрах, пачытае п’есы іншых аўтараў і зразумее, што ў тэатры шанаваць і паважаць варта не толькі сябе, але і ўсіх тых людзей, якім ты сваю працу адрасуеш. 

З павагай, Таццяна КОМАНАВА,
рэдактар аддзела кіно і тэатра, тэатральны крытык