Будзе новы музей

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

27 чэрвеня Бабруйск у рамках Міжнароднага фестывалю “Вянок дружбы” прымаў выстаўку народнага мастака Беларусі, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук і сапраўднага члена Расійскай акадэміі мастацтваў Георгія Паплаўскага. Для жыхароў горада на Бярэзіне творца — яшчэ і зямляк.

Адкрываючы вернісаж, старшыня Бабруйскага гарвыканкама Дзмітрый Бонахаў высока ацаніў уклад Георгія Паплаўскага ў айчынную і сусветную мастацкую культуру, а таксама падкрэсліў гонар мець такога земляка: "Лічу, што на графічных работах майстра мы пабачым цэлы пласт культуры нашай краіны. У сваіх творах яму ўдалося ўвасобіць як сваю душу, так і душу беларускага народа". Як ацэнка заслуг творцы - рашэнне выканаўчага камітэта стварыць у горадзе мастацкі музей, які атрымае імя майстра. На ўрачыстай цырымоніі Паплаўскаму ўручылі таксама Ганаровую грамату Бабруйскага гарвыканкама. Георгій Паплаўскі на вернісажы падкрэсліў, што хацеў бы, каб будучы музей з'яднаў пад адным дахам цэлую плеяду таленавітых мастакоў-бабруйчан - як класікаў пэндзля, так і нашых сучаснікаў, а таксама маладое пакаленне талентаў ХХІ стагоддзя. Што да выстаўкі, то дамінантай яе стала графіка майстра з вядомых серый 1970-х - 1980-х гг.: "Час доўгіх нажоў. Фашызм вачыма сучасніка", "Хроніка аднаго атрада", "Чытаючы Васіля Быкава", "Чытаючы Алеся Адамовіча" і многія іншыя. Падаецца, работы, створаныя некалькі дзесяцігоддзяў таму, вяртаюць нас у саракавыя: адценнямі чорнага і белага выказаны лёс тых, хто праз імгненне апынецца ў агні Хатыні. А тут да задання рыхтуецца партызанскі атрад. Гранічная шчырасць, дэталізаваны, акцэнтаваны псіхалагізм - і ў ваенных, і ў "чарнобыльскіх", і ў партрэтных творах мастака. Увага да тэмы Вялікай Айчыннай у Георгія Паплаўскага - не выпадковая. Вось што згадвае пра сваё дзяцінства сам майстар: "Тры гады акупацыі дзень у дзень я пражыў тут: 29 чэрвеня 1941-га акупанты захапілі Бабруйск, і 29 чэрвеня 1944-га нашы войскі вызвалілі горад. Там, дзе сёння месціцца выставачная зала, знаходзіўся парк. Тут мы хаваліся ў бліндажах, паколькі за горад вялася жорсткая барацьба: тройчы ён пераходзіў ад фашыстаў да нашых войскаў і назад. У выніку менавіта29 чэрвеня дасягнута канчатковая перамога". Апрача графічных лістоў Георгій Паплаўскі выставіў жывапіс, дзе, апроч іншага, багата пейзажных работ, якія адлюстравалі прыроду і архітэктуру Бабруйска і раёна. Творы гэтыя напоўнены лёгкай празрыстасцю, светлым настроем мудрасці мастака ў сугуччы з прыродай.

С.Т.

На здымку: пад час вернісажу.

 Фота Юрыя ІВАНОВА