Балада пра Бацькоў II

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Частка II

Без вестак зніклы...

 /i/content/pi/cult/215/2669/8-1.gif

У 1939 годзе мой бацька Крэпак (Крыпак) Аляксей Уласавіч, ураджэнец Кіева, адразу ж пасля вяселля з маёй мамай Марыяй Іванаўнай Марозавай, быў прызваны Задонскім РВК Арлоўскай вобласці ў шэрагі Чырвонай Арміі. Спачатку службу праходзіў на поўдні Украіны, у толькі што створанай Адэскай ваеннай акрузе. Праз некалькі месяцаў, 6 студзеня 1940 года, на Каляды, нарадзіўся я, і мама дала мне імя - Эдуард, пра што і паведаміла мужу. Канешне, бацька радаваўся, што яго любімая "шэравокая Нюся" (так ён называў маму) нарадзіла сына, але быў зусім не ў захапленні ад імя. І ў першай жа паштоўцы папрасіў змяніць "старарускае "Эдуард" ("вартавы багацця") - на славянскае "Барыс" ("змагар за славу"). Калі гэтае імя 10 красавіка 1940 г. мама змяняла ў сельсавеце, там у метрыку памылкова запісалі, што я нарадзіўся менавіта 10 красавіка. Захавалася адна з даваенных фатаграфій, якая была паслана бацькам маёй маме 24 красавіка 1941 года з ваеннай часці, што тады часова знаходзілася ў Крывым Розе, потым - была перакінута ў Бесарабію. На здымку - больш за два дзесяткі вясёлых чырвонаармейцаў, якія абкружылі байца. Баец ліха выкручвае "крэндзелі" ў нястрымных скоках. Шосты справа - мой бацька... На адваротным баку фота чытаем:

"С 1-м Маем, Нюсенька! 24/IV 1941 г., г. Кривой Рог. На память моей дорогой Нюсеньке от ее Лёни (Так называлі бацьку блізкія. - Б.К.). Таких бывает несколько весёлых минут за несколько месяцев. Тебе, дорогая моя сероглазка, Две строчки свои я пишу О том, что для тебя и сына-малютки Я только надеждой живу. Твой Лёня".

Верш, мабыць, не вельмі складны, але па сардэчным пачуцці ён для мяне даражэйшы за іншыя, прафесійна напісаныя, паэмы. Калі пачалася вайна, мама таты (мая бабуля) Еўдакія Якаўлеўна з Кіева хутка эвакуіравалася ў г. Росаш Варонежскай вобласці, да сватоў Марозавых. Тым часам чырвонаармеец гаўбічнай батарэі Аляксей Крэпак, па ўспамінах маёй маці, свой, мабыць, першы бой прыняў летам 1941-га ў раёне Бендэр. Больш звестак ад яго не паступала... У маім архіве захавалася паштоўка пад грыфам: "Народны камісарыят Абароны Саюза СССР" № ОП 0502 ад 5 лютага 1942 года, якая была паслана на адрас Марозава І.У. (майго дзеда па маці) на запыт Е.Я. Крэпак пра лёс яесына: "Звестак пра месцазнаходжанне чырвонаармейца Крэпака Аляксея на цяперашні час няма. У спісах загінулых, памерлых ад ран і прапаўшых без вестак ён не значыцца. Памочнік начальніка аддзела ўліку персанальных страт Упраўлення мабілізацыі і ўкамплектавання Чырвонай Арміі, Масква, вул. Фрунзе, 19". Так, у той цяжкі час адступлення нашых войск па ўсім фронце, канешне, было немагчыма ўстанавіць лёс мільёнаў савецкіх салдат і камандзіраў, асабліва тых, хто склаў свае галовы ў першыя ж месяцы вайны або апынуўся ў палоне. Ды хто і дзе мог весці тады такія пошукі? Праз 40 гадоў мае пошукі звестак пра бацьку ў Падольскім ваенным архіве нічога новага не далі: "Без вестак зніклы..." Вось і ўсё. А нядаўна ў Інтэрнеце на сайце аб'яднанай базы даных "Мемарыял" Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі знайшоў запіс: "Крипак Алексей Власович, красноармеец, рядовой, бп, 1914 г. р., г. Киев, призван Задонским РВК Орловской обл. в 1939 году. Письменная связь прекратилась с адреса МССР, гор. (неразборліва), п/почта 21/122..."

 Барыс КРЭПАК

Надзея і Аляксей

 /i/content/pi/cult/215/2669/8-2.gif

Надзеі Бадзілоўскай, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, было васемнаццаць гадоў. Яна жыла разам з бацькамі Марыяй і Пятром Бадзілоўскімі і сваімі двума братамі ды дзвюма сёстрамі ў вёсцы Вялікія Рогі непадалёк ад Жлобіна. У прыгожы летні чэрвеньскі дзень Надзея выправілася ў госці да сваёй цёткі Ніны ў Жлобін. Вярнуцца назад ужо было немагчыма: Вялікія Рогі і Жлобін пачалі бамбіць нямецкія самалёты. Адна бомба трапіла ў дом Бадзілоўскіх. Сям'я засталася без жылля... Але Надзея не ведала тады гэтага. Бо разам з цёткай Нінай, яе дачкой Маяй паспяшалася сесці ў апошні цягнік, які ішоў на Усход, і паехаць далей ад вайны... Надзею родныя ўбачылі толькі пасля Вялікай Айчыннай вайны, калі тая завітала да іх у Жлобін. Яна распавяла, як трапіла на Урал, у горад Арэнбург. Маладая дзяўчына з Беларусі села ў цягнік у лёгкай летняй сукенцы, не паспеўшы ўзяць усе неабходныя рэчы. У Арэнбургу набліжалася восень, рабілася ўсё халадней. Надзеі трэба было існаваць у новых, нязвыклых умовах, зарабляць на ежу, цёплае адзенне. Надзея Бадзілоўская вырашыла пайсці служыць у армію. "...Мы з сяброўкай Марыяй Бандарэнка,- пісала яна ў сваіх успамінах, - якая эвакуіравалася з Украіны, вырашылі пайсці на фронт. Звярнуліся ў райкам касамола і папрасілі накіраваць нас туды, дзе ідуць баі. Напачатку нам адмовілі, але ж настойлівасць не падвяла..." У красавіку 1942 года эшалон з дзяўчынамі-добраахвотніцамі з Урала прыбыў у Сталінград. Іх накіравалі ў 43-ці асобны ордэна Аляксандра Неўскага, ордэна Чырвонай Зоркі полк. Надзея атрымала спецыяльнасць сувязіста. Фронт ужо набліжаўся да Сталінграда... "Чэрвень 1942 года. Разам з аднапалчанамі - Мішам Капусціным, Лідай Беразоўскай, Галяй Беражной - я ліквідоўвала абрыў сувязі, які здарыўся нападалёк ад сталінградскай набярэжнай. Раптам на горад наляцела мноства нямецкіх самалётаў. Яны бамбілі пераправу праз Волгу, транспарт, які плыў па рацэ. Гэта была жудасная карціна, здавалася, што гарэла волжская вада: яна ў рацэ была барвова-чырвонай..." Надзея пісала з фронту сваім родным, дасылала ім грошы. Як прыгадвае яе пляменніца Інаіда Жыткова, у час вайны малалетні вязень канцлагера "Азарычы", бацька Надзеі - Пётр Бадзілоўскі - набыў на дасланыя дачкой грошы карову. І ў сям'і ў галодныя 1944-м -1945-м з'явілася малако. А потым Надзея прыехала да родных пасля дэмабілізацыі. "Яна была апранута ў вайсковую форму, - прыгадвае пляменніца, - у ботах, берэціку, зграбненькая - такая прыгажуня! Распавяла пра сваё франтавое жыццё, за што атрымала баявыя ўзнагароды. Распавесці ж Надзеі было пра што. Гэта здарылася напрыканцы вайны. Частку, дзе служыла сувязісткай, немцы разрэзалі напалову, што ўскладняла каардынацыю дзеянняў. Каб разведаць абстаноўку, камандаванне пайшло на такі ход. Выбралі самую прыгожую дзяўчыну - ёй сталася Надзея Бадзілоўская, - і далі заданне: даставіць данясенне праз месца, дзе знаходзілася нямецкая частка. Маладую сувязістку апранулі ў модныя тады майку і шорты ў клетку, зрабілі фрызуру з буклямі, якія насілі тады немкі, пасадзілі на веласіпед, а службовую паперу паклалі пад сядзенне... Надзея павінна была праехацца праз цэнтральную вуліцу населенага пункта. Сувязістка прыгадвала, што ўвесь час думала аб адным: толькі б не зваліцца, не спыніцца!.. Убачыўшы вясёлую прыгажуню на веласіпедзе, немцы, стоячы каля танкаў і гармат, пачалі ўсміхацца, прывітальна махаючы рукамі. Надзея не разгубілася і таксама абаяльна ўсміхалася ім у адказ, махаючы адной рукой, а другой моцна трымаючыся за руль. "Не ведаю, - прызнавалася Надзея, - як я праляцела?!. Мяне нёс нейкі страх, натуральны чалавечы страх..." Мінуючы тэрыторыю, дзе знаходзіліся немцы, Надзея Бадзілоўская прыехала на нейтральную паласу, а пасля выруліла ў месцазнаходжанне савецкіх войскаў і перадала данясенне, якое чакалі на гэтым баку. Разведка дала магчымасць савецкім войскам скаардынаваць дзеянні і пайсці ў атаку на немцаў з двух бакоў. Здзейсненае Надзеяй Бадзілоўскай было высока ацэнена: яе ўзнагародзілі медалём "За адвагу". Пасля вайны Надзея вярнулася на радзіму. Праз нейкі час выправілася ў Мінск вучыцца ў Вышэйшай партыйнай школе, дзе напаткала свайго будучага мужа - маладога светлавалосага, высокага прыгажуна-франтавіка, які прайшоў вайну ў складзе 49-га авіятэхнічнага палка, Аляксея Кірпічэнкава. Яго тату перад вайной рэпресіравалі. І лёс бацькі вялікай сям'і дасюль невядомы, як невядомыя лёсы двух старэйшых братоў Аляксея - Мікалая і Леаніда. Яны загінулі на франтах Вялікай Айчыннай. З чатырох дзяцей засталіся старэйшая сястра Лізавета, якая перажыла фашысцкую акупацыю, і малодшы - Аляксей. Пасля вайны Аляксей Кірпічэнкаў вучыўся ў Маскве на матэматыка, выкладчыкі прарочылі студэнту выдатную матэматычную кар'еру. А ён абраў прафесію журналіста. У пасляваенныя гады разам з паплечнікам, былым партызанам Аляксеем Крушынскім рабілі "Настаўніцкую газету". Так, яны былі першымі...

Наталля БАДЗІЛОЎСКАЯ

 Да кропкі.

/i/content/pi/cult/215/2669/8-4.gif
 Фёдар Кульпін (першы злева). 1946 г.

 Перад тым, як напісаць гэтую згадку, адшукаў сваю нататку ў дзіцячую газету, дасланую туды дзесяць гадоў таму. Перачытаў свой школьны допіс і падумаў: бадай, тая размова пра вайну, што адбылася ў мяне, тады - васьмікласніка, з дзедам Фёдарам Апанасавічам Кульпіным, аказалася самай падрабязнай і самай запамінальнай. І больш гэтую тэму мы не закраналі. Але само жыццё прывяло да яе сёлета зноў і зусім нечакана. Што запомнілася мне з расповедаў дзеда? Найперш тое, як ён трапіў у палон: у армію не бралі з-за хібаўзроку. У 1942-м фашысты пагналі моладзь з ягонай роднай Арлоўшчыны ў Германію. Да Берліна дзверы вагонаў не адчынялі. Вязням давалі на суткі па адным сырым бураку і кавалку хлеба. Лагер змяшчаўся ў Нурдлагене, работы былі на чыгунцы. На жаль, сёння мне не прыгадаць той стройнай ніткі аповеду, не знайсці, відаць, сшытка з запісамі, якія рабіў дзесяць гадоў таму. Але памятаю некалькі сваіх уражанняў. Дзед распавядаў, як білі людзей у тым лагеры: рускім - дванаццаць бізуноў, палякам - пяць, астатнім - па тры. І ўвесь час майму дзеду прыгадваліся тыя буракі - па адным на дзень. ...Вызвалялі лагер 2 красавіка 1945-га амерыканцы. Дзядуля з сябрам ужо збеглі тады з-за калючага дроту і хаваліся ў адным з нямецкіх мястэчак. Аднойчы, калі ўцекачы выйшлі ў поле, пабачылі танкі. На іх - людзі ў форме, але скура ў іх- чорная-чорная. Аказаліся імі, зноў жа, амерыканскія салдаты, якія і параілі ісці ў Кёнігсберг. Сабраўшы рэчы, мой дзядуля далучыўся да групы былых палонных, якія вярталіся на радзіму. Іх чакаў шлях у 150 кіламетраў праз летнюю спёку, каля труб крэматорыяў канцлагераў, уздоўж апусцелых вышак з пражэктарамі... З Кёнігсберга праз Польшчу групу даставілі ў Гродна. Адтуль мой дзед, які да вайны атрымаў спецыяльнасць трактарыста, разам з двума дзесяткамі такіх жа палонных, як і ён, выправіўся ў Бабруйск, дзе і пражыў усё жыццё... *** Да нядаўняга часу ў фінале папярэдняга абзаца магла б стаяць кропка. Цяпер у ваеннай гісторыі маёй сям'і з'явіўся яшчэ адзін раздзел. Калі пісаў артыкул "www.Вялікая Айчынная.by..." для нумара "Культуры", прысвечанага Дню Перамогі, наблукаў у інтэрнетпрасторы на сайт базы даных "Мемарыял", што ўтрымлівае звесткі аб савецкіх воінах, якія загінулі або зніклі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Набраў прозвішча, імя і знайшоў сціплыя радкі пра свайго прадзеда: "Кульпін Афанасій Васільевіч, рускі, нарадзіўся ў 1899 г., РСФСР, Арлоўская вобласць, Арлоўскі раён, вёска Казначэева, прызваны Арлоўскім РВК, радавы 119 гв. сп., загінуў 22.11.1944 г., пахаваны: Латвійская ССР, Мітаўскі раён, м. Луцэ". І тут жа- звесткі пра іншага сына майго прадзеда: "Кульпін Іван Афанасьевіч, рускі, нарадзіўся ў 1926 г., РСФСР, Арлоўская вобласць, Арлоўскі раён, пасёлак Музалеўскі..." Прызваны на фронт Іван Афанасьевіч быў у тым жа ваенкамаце. "Чырвонаармеец, 216 сп." загінуў 28 студзеня 1945 года, пахаваны ў польскім Цымпельбургу. Абодвух не дачакалася жонка і маці Марыя Давыдаўна - мая прабабуля.

Сяргей ТРАФІЛАЎ