Што на супрацьлеглым беразе Прыпяці — невядома...

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

(З успамінаў ветэрана) Гэта была знакамітая ў ваеннай гісторыі Чарнігаўска-Прыпяцкая аперацыя. Больш за 60 гадоў прамінула з той пары — цэлае жыццё!, — але Шчамялёў памятае ўсё: як ва ўпор білі па нашых байцах фашысцкія самаходкі, як немцы будавалі барыкады-завалы на перакрыжаваннях чарнігаўскіх вуліц, хавалі ў засаду танкі, закідвалі ў наш тыл аўтаматчыкаў. Памятае, як ягоныя аднапалчане ішлі ў атаку, не думаючы пра гераізм і подзвігі: сапраўды, “не да ордэна — была б Радзіма”. Яны проста ішлі, таму што не маглі не ісці. Ішлі па сваёй зямлі і за сваю зямлю.

  

 * * *

У той час сяржант Шчамялёў камандаваў толькі кулямётным аддзяленнем, і "ягоная" вайна ішла на маленькім пятачку зямлі... Напярэдадні фарсіравання Прыпяці (гэта ў накірунку беларускага гарадка Калінкавічы) у стралковым палку заставалася не больш як сто актыўных штыкоў, але салдаты, літаральна ўгрызаючыся ў зямлю, рухаліся наперад. Выйшлі да берага Прыпяці. Цішыня. Але што там, на супрацьлеглым беразе, невядома.

* * *

 Леанід Шчамялёў: "А чацвёртай гадзіне 6 кастрычніка пачалося наша наступленне, але няўдачна: немцы ўпарта і адчайна абараняліся. Праўда, адзін з нас, хлапчук з ДзмітрыеваЛьгоўскага, усё-такі падбіў нямецкую бронемашыну. Атакі доўжыліся цягам усяго дня. Былі і цяжкія страты. Загінуў наш камандзір роты Гладкі, мужны і светлы чалавек. Для нас ён быў не толькі камандзірам, але і таварышам, і бацькам. У зашмальцаванай гімнасцёрцы, энергічны, магутны, ён па-сапраўднаму натхняў нас на бой "святы і правы". Загінуў у балоцістым лесе, на маіх вачах, скошаны аўтаматнай чаргой. Што там казаць - менавіта такія людзі вялі нас да Перамогі... Было вельмі цяжка: страшная стомленасць, у роце з раніцы ні расінкі. Чакалі, хутчэй бы сцямнела: ноччу нямецкія контратакі перапыняліся. Але пад вечар паступіў загад: зноў атакаваць. І непадалёк ад Калінкавічаў, у лесе, патанаючы ў балоце, наш узвод уступіў у апошні ў гэты дзень бой з гітлераўцамі. Памятаю як сёння: абыходзячы разбітую саракапятку, на нас ішлі ў псіхічную контратаку п'янаватыя здаравенныя, як на падбор, фрыцы з аўтаматамі наперавес, з закасанымі па локаць рукавамі, каскамі на рамянях. Адзін з іх, немалады, высокі,бялявы (от жа запомніў!), і паспеў разануць мяне з аўтамата. Напачатку нічога не адчуў - толькі тупы ўдар, нібы палкай ударыла ў левае перадплечча. Потым убачыў: кроў льецца, свішча, значыць, думаю, куля прайшла наскрозь. Аўтаматычна вышмаргнуў пакет, сяк-так перабінтаваў руку і з цяжкасцю папластунскі папоўз да сваіх. У палявой санчасці зрабілі падбінтоўку. Аказалася, што косць і локцевы нерв прастрэлены. Тут жа, без усякага замаруджання, выдаўшы мне карту апісання гісторыі ранення, накіравалі ў палявы шпіталь (гэта ўжо тыл). Капітан медыцынскай службы агледзеў рану, пакруціў галавой і тэрмінова загадаў свайму персаналу даставіць мяне ў медсанбат пад Курск. Там, паставіўшы дыягназ - скразное кулявое раненне левага перадплечча з пераломам локцевай косці, - залічылі ў разрад цяжкапараненых". Леаніда чакаў глыбокі тыл...