На старой мяжы

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Сёння некаторыя сталічныя музеі ствараюць свае экспазіцыйныя пляцоўкі не толькі ва ўласных будынках.

Адным з такіх аб'ектаў стаў комплекс "Старая мяжа" каля Станькава, што непадалёк ад Мінска. У яго аснову пакладзена выстаўка ваеннай тэхнікі, а таксама "Партызанскі лагер". Па словах дырэктара Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Азаронка, праца па стварэнні гэтых пляцовак амаль што завершана і да Дня Незалежнасці плануецца паказаць зробленае. У працэсе рэалізацыі праекта за адзін год былі асвоены сотні мільёнаў рублёў са сродкаў агракамбіната "Дзяржынскі" і грошай, пералічаных інвестарамі за кампенсацыю пляцоўкі каля музея, дзе раней размяшчалася тэхніка. Аднак, калі казаць пра паўнавартасную дзейнасць гэтых экспазіцый, то, па меркаванні Сяргея Іванавіча, застаецца шэраг нявырашаных пытанняў. Цяпер галоўны клопат - у стварэнні неабходнай для прыёму гасцей інфраструктуры. Сёлета дадаткова будзе падрыхтаваны кулямётны дот як частка абарончых раёнаў "старой мяжы". Каля Станькава захавалася частка акопаў, капаніраў, бліндажоў пачатку вайны. Большая частка іх будзе рэканструявана, а некаторыя застануцца для паказу без змяненняў. "Партызанскі лагер" таксама адноўлены цалкам па дакументальных крыніцах, у тым ліку - па баявых данясеннях змагароў. У дадзены момант вядзецца работа па напаўненні аб'екта лістоўкамі, газетамі і іншымі экспанатамі. Ужо распрацаваны тэматыка-экспазіцыйныя планы. А ў бліжэйшы час музей гатовы арганізоўваць і праводзіць экскурсіі для моладзі. Акрамя таго, не павінны ўзнікаць праблемы і з экскурсаводамі: плануецца, што адзін-два навуковыя супрацоўнікі будуць штодзённа знаходзіцца на тэрыторыі комплексу.

Кастусь АНТАНОВІЧ