Сталь вайны і золата Перамогі

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Новы будынак Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны з’явіцца ў парку Перамогі ў Мінску. Яго праект распрацавалі вядомыя беларускія дойліды. Аб тым, якім будзе музей, карэспандэнт “К” папрасіў распавесці аднаго з аўтараў — архітэктара, прафесара Акадэміі архітэктуры (МАА), двойчы лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Віктара КРАМАРЭНКУ.

 /i/content/pi/cult/215/2661/5-1.gif
 /i/content/pi/cult/215/2661/5-3.gif

 - Вядома, днямі вы сталі лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Гэта ўжо другая такая ваша ўзнагарода...

 - Першую сваю Дзяржаўную прэмію я атрымаў у 2005 годзе - за праект Чыгуначнага вакзала ў Мінску. Другую - за праект Нацыянальнай бібліятэкі. Разам са мной узнагарод за Мінскі чыгуначны вакзал і Нацыянальную бібліятэку былі ўдастоены архітэктар Міхаіл Вінаградаў, а таксама спецыялісты сумежных прафесій.

 - Ці дапамог вам вопыт, набыты пры распрацоўцы праектаў вакзала і бібліятэкі, у працы над новым знакавым для сталіцы і краіны аб'ектам - будынкам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны?

 - Праца па стварэнні праекта музея доўжыцца год. За гэты час народжана канцэпцыя і вядзецца актыўная распрацоўка архітэктурнага праекта. Апошні ўжо падрыхтаваны, прынцыповае яго рашэнне ўзгоднена з Камітэтам па архітэктуры і будаўніцтве Мінгарвыканкама і адобрана Кіраўніком дзяржавы. Канцэпцыя прадугледжвае сабой вобразнае інтэр'ернае рашэнне. Будаўніцтва музея плануецца распачаць у маі наступнага года. Над праектам Музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны працуе аўтарскі калектыў. У яго складзе - галоўны архітэктар горада Віктар Нікіцін, архітэктар Андрэй Грышан.

 - Наша газета пісала паўгода таму аб новым будынку музея. Ці змянілася штосьці з таго часу ў канцэпцыі?

 - У вашым артыкуле была апісана канцэпцыя, якая для нас тады з'яўлялася агульным накірункам для далейшай працы. На сёння яна ўдакладнена, вобразнае рашэнне набыло больш падрабязныя архітэктурныя рысы.

 - Дарэчы, наконт вобразаў. Бібліятэка падобна на дыямент, а якое аблічча выбрана для музея?

- Мы адразу паставілі за мэту вобразным рашэннем музея адлюстраваць тэму вайны, барацьбы, Перамогі нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Наміставілася задача: будынак павінен быць унікальным і непаўторным. Гэта натуральная задача для кожнага архітэктара і для кожнага горада. Пры распрацоўцы праекта мы ўлічвалі перш за ўсё тое, што Вялікая Айчынная вайна скончылася Вялікай Перамогай нашага народа. І таму галоўны фасад, звернуты ў бок абеліска "Мінск - горад-герой", набыў, так бы мовіць, абрысы салюту Перамогі. Трэба нагадаць, што колькі дзесяцігоддзяў таму я і мае калегі - скульптар і архітэктар Валянцін Занковіч, архітэктары Вячаслаў Яўсееў і Вячаслаў Раманенка - сталіся аўтарамі праекта абеліска "Мінск - горад-герой". Але вернемся да тэмы вобразнага рашэння будынка музея. Я і сааўтары абралі за аснову пераможную, мажорную тэму для фасада. Прычым цікава тое, што, калі практычна распрацавалі тэму, мы ў Інтэрнеце знайшлі фатаграфію салюту 45-га года, якая з'яўляецца прататыпам абранай намі тэмы. Гэта кажа пра тое, што мы тэму адпрацавалі такім чынам, што асацыяцыя з пераможным салютам аказалася даволі поўнай.

 - Ваш будынак выглядае вельмі сучасна, у стылі хай-тэк. Якія матэрыялы будуць ужывацца пры яго ўзвядзенні?

- Будзе прысутнічаць тэма металу, сталі, бо вайна - гэта сталь, суровы, прыгожы матэрыял, і тэма шкла. Калі сталь - гэта барацьба, дык шкло ў нас залацістага колеру - гэта Перамога. На даху музея будзе празрысты купал, выкананы са шкла, праз які можна нават з горада бачыць экспазіцыю Залы Перамогі. Тут можна будзе праводзіць урачыстыя мерапрыемствы. Музей уключае чатыры асноўныя блокі, што сімвалізуюць чатыры гады вайны, чатыры франты, якія змагаліся за Беларусь. І гэтыя блокі аб'яднаны Дарогай вайны. Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны будзе суперсучасным па сваім тэхнічным начынні. На фасадзе ля галоўнага ўвахода ў парк на шкле змесціцца экран, сумешчаны са шклом па спецыяльнай тэхналогіі. Ролікі на экране можна будзе глядзець і ўдзень, і уначы. І ўсё гэта стане працаваць па прынцыпе манітора-камп'ютэра. Купал будзе ўвечары свяціцца, і прамяні салюту Перамогі займеюць працяг у выглядзе прамянёў лазера, што дазволіць бачыць будынак музея на адлегласці ў многія кіламетры, праслаўляючы Вялікую Перамогу.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

На здымках: так будзе выглядаць новы будынак музея звонку і знутры.