“Падвальны гарнізон”

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Напісаць пра пачатак вайны — 22 чэрвеня 1941 года — справа найцяжкая. Мы ведаем пра Брэсцкую крэпасць, мужнасць абаронцаў якой застаецца ў вяках, сам горад Брэст, на які абрынулася ўся моц фашысцкай навалы, імёны герояў П.Гаўрылава, А. Кіжаватава, І.Зубачова, Е.Фаміна, А.Вінаградава... Але нямала гісторый асабістай мужнасці, подзвігу застаюцца ў ценю.

 /i/content/pi/cult/215/2660/4-1.gif
 А.Вараб’ёў.
 /i/content/pi/cult/215/2660/4-2.gif
 

Група міліцыянераў лінейнага аддзела станцыі “Брэст-Цэнтральны”.

Выстаўка Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея "О доблестях, о подвигах, о славе", прысвечаная і гісторыі Вялікай Айчыннай на Брэстчыне, мае нямала цікавых прадметаў і экспанатаў. Аднак увагу на адным з галоўных стэндаў прыцягваюць тры фотаздымкі: сутарэнні Брэсцкага чыгуначнага вакзала, кадры з выявамі кіраўніка лінейнага аддзялення міліцыі станцыі "Брэст" А.Вараб'ёва і групы міліцыянераў станцыі "Брэст-Цэнтральны". Вакзал у горадзе над Бугам стаў моцным пунктам супраціўлення ворагу ў захопленым да сямі гадзін раніцы 22 чэрвеня Брэсце. Як сцвярджаюць асобныя крыніцы, яшчэ да гэтай пары ў сутарэннях Брэсцкага чыгуначнага вакзала могуць знаходзіцца чалавечыя астанкі: у 1950-я амуніцыя і рэшткі некаторых абаронцаў былі знойдзены пры перабудове старога гмаху, але шматлікія памяшканні так і засталіся неадкрытымі да гэтай пары.

Кулямётным агнём

Калі ў 4.15 на будынак вакзала зрабіла налёт варожая артылерыя, вялася таксама жорсткая атака з паветра. На станцыі, акрамя чыгуначнікаў, знаходзілася шмат грамадзянскага насельніцтва і каля 100 ваенных: хтосьці вяртаўся з камандзіроўкі, іншыя чакалі ранішніх цягнікоў на Мінск, Пружаны... На службе з супрацоўнікаў лінейнага аддзялення міліцыі знаходзілася каля 30 чалавек. Узначальваў Брэсцкае аддзяленне Брэст-Літоўскай чыгункі Я.Елін, начальнікам дыстанцыі сігналізацыі і сувязі быў М.Мартыненка, начальнікам станцыі "Брэст" - І.Холадаў, а кіраваў лінейным аддзяленнем міліцыі А.Вараб'ёў. Менавіта апошні разам з лейтэнант-артылерыстам М.Шымчанкам і старшынёй звыштэрміновай службы П.Баснёвым узначалілі абарону вакзала. (Дарэчы, Вараб'ёў лічыў абавязкам кожнага падначаленага мець добрую спартыўную форму, выдатна страляць не толькі са службовых вінтоўкі і нагана, але і з усёй трафейнай зброі, якая мелася ў аддзеле ў дастатковай колькасці. Гэтыя навыкі і канфіскаваная зброя, як сведчыць гісторыя, і адыгралі сваю вырашальную ролю пры абароне вакзала) Першае рашэнне, якое прымае А.Вараб'ёў пасля бамбёжкі: жанчын і дзяцей хутка пагрузіць на цягнік і адправіць у бок Масквы. Як распавядалі сведкі, гэты цягнік быў апошнім саставам, якому ўдалося выехацьз Брэста. Наступны загад Вараб'ёва датычыўся агульнай абстаноўкі. З мэтай высветліць абставіны і атрымаць дадатковыя ўказанні ён адпраўляе міліцыянера Леаніда Мялешку ў Брэсцкую крэпасць. На той час, як вядома, размовы аб вайне ў арміі лічыліся недапушчальнымі, таму нават жорсткую атаку маглі разглядаць як памежны інцыдэнт, урэшце, як правакацыю. Трэцім жа загадам кіраўніка аддзялення міліцыі стала каманда сабраць усю асабістую і канфіскаваную зброю, патроны, якія знаходзіліся ў адным з памяшканняў інтэрната, каб узброіць людзей. У выніку міліцыянеры, ваеннаслужачыя, грамадзянскія, разбіўшыся на групы, занялі абарону з паўднёва-заходняга і паўночнага бакоў вакзала. У 5 гадзін раніцы каля станцыі з'явіліся гітлераўцы. Група, якую Вараб'ёў адправіў за зброяй, паспела забраць яе, але ўжо на зваротнай дарозе міліцыянераў сустрэлі стрэлы фашыстаў. З заходняга моста ворагам быў дадзены адпор кулямётным агнём. Фашысты спачатку адступілі, але потым пачалі абыходзіць невялікі атрад, і група брэсцкіх міліцыянераў адступіла да вакзала. У гэты ж час на подступах да вакзала трымалі абарону групы начальніка станцыі М.Мартыненкі, лейтэнанта Бабылёва, упаўнаважанага Швырова... У цэлым, фарміраванням абаронцаў удалося пратрымацца на подступах да будынка і ў памяшканні вакзала да поўдня 22 чэрвеня, але сілы былі няроўныя. А 12-й дня Вараб'ёў загадвае чыгуначнікам і пасажырам спусціцца ў сутарэнні вакзала. Адзначым, што плошчы падземнай часткі перавышалі 1000 кв. м. Натуральна, там маглі размясціцца і грамадзяне, і ваенныя. Тры самастойныя групы пад кіраўніцтвам Вараб'ёва, Шымчанкі і Баснёва стварылі так званы "падвальны гарнізон", а дзве апошнія потым аб'яданаліся ў адзін атрад.

Ультыматум

 /i/content/pi/cult/215/2660/4-5.gif
Падвалы Брэсцкага чыгуначнага вакзала, дзе трымалася абарона.
 /i/content/pi/cult/215/2660/4-6.gif
 Брэст. 22 чэрвеня 1941 г.

 

Такі паварот падзей прымусіў фашыстаў прымяніць іншую зброю. На досвітку 23 чэрвеня пачалася ідэалагічная "апрацоўка" змагароў. Праз гукаўзмацняльнік вораг прапаноўваў усім, хто знаходзіўся ў сутарэннях, здацца. "Нямецкія войскі ўжо пад Масквой", - гучала ў дынаміках, і падобная інфармацыйная атака ў шэрагу выпадкаў падзейнічала: некаторыя грамадзянскія, асабліва жанчыны і дзеці, пачалі выходзіць. Частка з іх потым трапіла ў Брэсцкую турму. Як склаўся лёс астатніх - невядома. Аднак тыя, хто не паверыў прапагандзе фашыстаў, вырашылі змагацца да канца. Яны рабілі дыверсійныя вылазкі, стралялі з вокнаў па ворагах... У адказ 24 чэрвеня захопнікі пачалі кідаць у разбітыя вокны дымавыя шашкі, пакулле, намочанае ў бензіне, забіваць вокны - па сутнасці, труціць змагароў. У такой сітуацыі, пры адсутнасці інфармацыі звонку, асобныя групы паспрабавалі прарвацца з сутарэнняў. Гэта ўдалося фарміраванню на чале з Вараб'ёвым. Але ж нямала змагароў засталося ў сутарэннях - у тым ліку аб'яднаны атрад Баснёва і Шымчанкі. Да гэтай пары невядомая дакладная дата ультыматума нямецка-фашысцкіх захопнікаў абаронцам вакзала: 26 або 27 чэрвеня фашысты ў апошні раз заклікалі абаронцаў здацца. "У вас ёсць час да 20.00", - гучаў іх вердыкт, што, як можна здагадвацца, праігнаравалі змагары. І тады, не здолеўшы атруціць абаронцаў вакзала бензінам і газам, ворагі пачалі заліваць падвалы вадой. Ва ўспамінах Мікалая Ламакіна, сяржанта 45-й авіябазы 74-га авіяпалка пад кіраўніцтвам Паўла Баснёва, апісаны гэтыя жудасныя гадзіны: "...Падвалы залівалі плыні бруднай вады. У падвальных каморах рэстарана захоўваліся мяшкі з цукрам, соллю, пячэннем. Усё гэта затаплівалася. Станавілася цяжэй і цяжэй рухацца. Вось ужо пастаўлены адна на адну скрыні. Тыя, хто больш слабы, - на іх. Змагаемся за кожны метр, за кожны адсек. Становішча - адчайнае. Вада ўсё вышэй, дасягнула грудзей. Камандзіры сабраліся вакол лейтэнаната (М.Шымчанкі. - Д.А.). Мы ўсё чуем. Прымаецца рашэнне ісці на прарыў. Лепей загінуць у чыстым полі на зялёнай траве, чым у гэтай смярдзючай жыжы. Мікалай загадаў палічыць патроны і гранаты. Высветлілася, што боепрыпасаў не багата. Правялі руплівую разведку. Выбрацца магчыма толькі праз кацельню. <...>".

 "Наперад!"

Трымацца ў вадзе, якая прыбывала, не было моцы. Тым больш, у ёй загінулі рэшткі прадуктаў, сапсаваліся батарэі, зброя. І прарыў было вырашана здзейсніць уначы з 1 на 2 ліпеня. Група пад камандаваннем Баснёва, прарывалася пад навясны перон праз люк бункера: спачатку - ваенныя, якія адцягнуць увагу на сябе, потым - грамадзянскія. З успамінаў Мікалая Ламакіна: "...Усё! Затаіўшы дыханне, чакаем каманды. І вось кароткае, рэзкае, як біч, хоць і прамоўленае шэптам: "Наперад!". На шляху - паравоз. Падскочылі да яго, - і тут нас знайшлі. Страляюць. Але - позна! Праскочыўшы паравозы, дрот, цагельную сцяну, бяжым агародамі, садамі Граеўкі. Удала выбраліся на паўночную ўскраіну горада і схаваліся ў няскошаных хлябах..." Лічыцца, што з акружэння ў дні абароны вакзала прарваліся больш за 30 чалавек. Але асноўная частка групы Баснёва - Шымчанкі трапіла ў палон пры адыходзе да лініі фронту. Начальнік лінейнага аддзялення міліцыі А.Вараб'ёў пасля знаходжання ў адной з вёсак пад Брэстам здолеў трапіць у горад да сваёй сям'і, але тут жа быў арыштаваны і расстраляны. Павел Баснёў загінуў у нямецкім палоне. Але тыя, каму ўдалося выжыць, потым прымалі ўдзел у баях. Адзін з іх, відавочца тых падзей, сяржант Ламакін, узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга і некалькімі медалямі. Усяго абарона Брэсцкага чыгуначнага вакзала доўжылася 10 дзён.

Падрыхтавала Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ