“...Світанак” і “Цішыня...”

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

30 чэрвеня ў Белдзяржфілармоніі адбылася прэм’ера новай праграмы “Нам нельга не выканаць волі герояў...” Дзяржаўнага камернага хору Беларусі. У аснову праграмы пакладзены новы харавы цыкл “Дзень вызвалення” Алены Атрашкевіч на вершы Васіля Жуковіча. Чаргаванне музычных частак з літаратурнай кампазіцыяй у выкананні Мікалая Казініна, дзе былі, да ўсяго, выкарыстаны радкі паэтаўфрантавікоў, стварыла адзінае магутнае палатно папраўдзе аратарыяльна-сімфанічнага разгорту.

- Ідэя гэтага цыкла, - распавяла кампазітар Алена Атрашкевіч, - належала кіраўніку калектыву Наталлі Міхайлавай. У сваю чаргу, я звярнулася да паэта Васіля Жуковіча, з якім супрацоўнічаю не адзін год. Свой твор я прысвяціла дзвюм самым блізкім для мяне жанчынам, што прайшлі вайну: маёй маці - Ганне Лявонцьеўне Чорнай і маёй настаўніцы, каму я абавязана сваёй музычнай прафесіяй, - Маргарыце Сяргееўне Мінянковай. Гэта знакамітая музыказнаўца, якой у жніўні споўніцца 87 гадоў, была ў вайну медсястрой. А мама, у 13 гадоў застаўшыся сіратой, стала юнай сувязной партызанскага атрада ў Крупскім раёне. Дарэчы, яна падказала нам сюжэт жартоўнай часткі цыкла- "Глядзі ж, не крыўдзі генерала!". Гэтыя словы былі ўзяты з ліста, дасланага на фронт сыну простай вясковай жанчынай. Хацелася, каб цыкл быў зразумелы самай шырокай публіцы, таму мы звярталіся да лапідарных вобразаў-сімвалаў, даволі дэмакратычнай музычнай мовы. Акрамя ўласна хору і салістаў, у творы выкарыстаны баян, флейта, балалайка і некалькі, так бы мовіць, "няхітрых" ударных - тыя музычныя інструменты, якія рэальна маглі быць у вайскоўцаў і партызан. А храналогію вайны - ад світанку 22 чэрвеня да вызвалення Беларусі і Вялікай Перамогі- мы вырашылі завяршыць эпілогам, мірнай "Цішынёй на граніцы".

Н.Б.