... І парад ваенных аркестраў у сталіцы

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

2 ліпеня ў Палацы Рэспублікі адбудуцца ўрачыстае пасяджэнне і святочны канцэрт, прысвечаныя 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Дню Незалежнасці. Яшчэ адна з самых значных святочных урачыстасцей пройдзе 3 ліпеня ля стэлы “Мінск — горад герой”.

Рэжысёрам канцэрта (ці, хутчэй, канцэрта-спектакля) у Палацы Рэспублікі выступае Вячаслаў Панін. Праграма, што чаргуе эстрадныя нумары з класічнымі, складаецца з некалькіх блокаў: "Брэсцкая крэпасць", "Хатынь", "Партызанская стаянка", "Вызваленне Беларусі". У ёй удзельнічаюць лепшыя творчыя калектывы і салісты краіны: Дзяржаўны ансамбль танца, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Г.Цітовіча, Акадэмічны ансамбль песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, знаныя оперныя салісты Алена Сало і Аксана Волкава, артысты балета Ірына Яромкіна і Антон Краўчанка, баяніст Павел Неўмяржыцкі, ансамбль "Сябры", эстрадныя спевакі Ядвіга Паплаўская і Аляксандр Ціхановіч, Ірына Дарафеева, Іскуі Абалян, Аляксей Хлястоў і многія-многія іншыя. Упрыгожаць канцэрт дзіцячы ансамбль "Бабраня" з Бабруйска, кампазіцыя "У сяброўскім карагодзе", падрыхтаваная Магілёўшчынай. Не пакінуць гледачоў абыякавымі ўрывак з кнігі "Я з вогненнай вёскі" ў выкананні артысткі Купалаўскага тэатра Тамары Міронавай, а таксама фінальны "Марш Перамогі", дзе саліраваць будуць прадстаўнікі розных пасляваенных пакаленняў - Андрэй Кунец і Мікалай Скорыкаў. Канцэртная праграма "Мы перамаглі!" пачнецца ў дзень свята а 21-ай гадзіне ля стэлы і прадоўжыцца амаль да 3-х ночы. Яе пралогам стане парад ваенных аркестраў, які зменіцца блокам "Пад мірным небам Беларусі". - Адметнасцю канцэрта, - паведаміла рэжысёр Ніна Осіпава, - стане ўдзел у ім вялізных творчых дэлегацый (ад 50 да 150 чалавек) з усіх абласцей Беларусі. Сумесна з мясцовымі ўпраўленнямі і аддзеламі культуры мы адабралі лепшыя нумары і калектывы, што ўдзельнічалі ў творчых справаздачах абласцей. Так, Гродзеншчына пакажа кампазіцыю, прысвечаную Фестывалю нацыянальных культур, Віцебшчына - "Свята дзяцінства", Брэстчына - фальклорны блок з аўтэнтычнымі спевамі. Сярод навінак - і так званы "мастацкі фон": больш як 300 курсантаў ваенных устаноў, якія будуць танцаваць. Таксама выступяць удзельнікі праекта "Новыя галасы Беларусі" - і сольна, і ў складзе дуэтаў з нашымі зоркамі.

 Надзея БУНЦЭВІЧ