Ля Опернага і ў Палацы

№ 27 (895) 02.07.2009 - 02.07.2009 г

Мінчан і гасцей сталіцы чакаюць два грандыёзныя канцэрты з удзелам лепшых акадэмічных калектываў і салістаў краіны, прысвечаныя Дню Незалежнасці. У Палацы Рэспублікі пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава збярэцца вялізны зводны аркестр у складзе 250 музыкантаў. А на прыступках Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі адбудзецца так званы “паркавы” гала-канцэрт “Ля фантана”, складзены галоўным дырыжорам тэатра, заслужаным артыстам Украіны Віктарам Пласкінам.

 /i/content/pi/cult/215/2653/2-4.gif

  Падобныя праекты ладзяцца не ўпершыню. Той жа А.Анісімаў сабраў калісьці на Дзень горада ў Палацы Рэспублікі зводны аркестр у 300 чалавек. Палюбіліся аматарам музыкі і выступленні на адкрытым паветры нашых оперных салістаў. Завадатарам такіх канцэртаў, вельмі распаўсюджаных у заходнееўрапейскім замежжы і раней не практыкаваных у нас, стаў дырыжор Вялікага тэатра Вячаслаў Воліч, узнагароджаны прэміяй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі за выступленні ля сцен Мірскага замка. Сапраўды, такую ініцыятыву трэба толькі вітаць, бо менавіта так закладваюцца новыя традыцыі масавых святаў - з удзелам не толькі эстрадных спевакоў, але і лепшых акадэмічных музыкантаў, з гучаннем не толькі песень, але і арый, хораў, разгорнутых сімфанічных твораў. Як адзначыў начальнік упраўлення мастацтваў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Міхаіл Казловіч, гэтым разам лепшыя оперныя спевакі, у тым ліку былы ваенны лётчык Міхаіл Дружына і яго маладзейшыя калегі, хор і аркестр тэатра звернуцца як да папулярнай класікі, так і да песень - пераважна, ваенных. Для канцэрта ж у Палацы Рэспублікі А.Анісімаў абраў знакамітую Сёмую сімфонію Д.Шастаковіча, "Балеро" М.Равэля і "Праметэя" А.Скрабіна (саліст - лаўрэат міжнародных конкурсаў, наш вядомы піяніст Андрэй Сікорскі). Не толькі твор Д.Шастаковіча, прэм'ера якога адбылася ў блакадным Ленінградзе, стаўшы знакам мужнасці нескаронага народа, але і астатняя музыка па сваёй тэматыцы дакладна ўпісваюцца ў святкаванне. Міфалагічны вобраз Праметэя даўно ўжо стаўся сімвалам непахіснасці духу. Дый "Балеро" М.Равэля, што ў харэаграфічных прачытаннях звычайна трактавалася як "любоўныя жарсці", у нашай балетнай пастаноўцы В.Елізар'ева аказалася творам надзвычай патрыятычным - тым "свяшчэнным танцам бою", у цэнтры якога - вобразы змагароў супраць насілля (невыпадкова балет прысвячаўся 40-годдзю Перамогі). Сімвалам мірнага міжнароднага супрацоўніцтва стане і зладжанае А.Анісімавым у філармоніі інтэрнацыянальнае выкананне оперы "Чыо-Чыо-сан" Д.Пучыні - 9 ліпеня.