Зброя Перамогі

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

3 мая — напярэдадні Дня Перамогі — у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася выстаўка пад назвай “Зброя Перамогі”.

 /i/content/pi/cult/113/265/Zbroya-peramogi2.jpg
На ўрачыстай цырымоніі прысутнічалі Герой Савецкага Саюза
А.Ф. Дзяпко, Герой Савецкага Саюза В.У. Лівенцаў, ганаровы грамадзянін Мінска і Віцебска, удзельнік вызвалення Беларусі І.П. Антонаў, дачка славутага партызанскага камандзіра Васіля Каржа З.В. Корж, нявестка маршала С.К. Цімашэнкі, які шмат гадоў камандаваў Беларускай ваеннай акругай, Н.І. Цімашэнка, іншыя ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, маладыя вайскоўцы, студэнты, школьнікі.

Сустрэчу адкрыў дырэктар БДМГВАВ С.Азаронак, які адзначыў, што выстаўка прысвечана Вялікай Перамозе; у музеі ўпершыню ў Беларусі прадстаўляюцца ўзоры стралковай зброі СССР, Германіі і краін Еўропы перыяду 1891—1945 гадоў. Усяго ў эскспазіцыі — болей за 100 прадметаў-арыгіналаў з фондаў музея, кожны з якіх — унікальны, індывідуальны.

Аўтар навуковай канцэпцыі экспазіцыі, навуковы супрацоўнік музея С.Лопараў пазнаёміў гасцей з экспанатамі выстаўкі. Ён зазначыў, што экспазіцыя пабудавана так, каб пака аць паэтапна ўсе перыяды Вялікай Айчыннай вайны — ад пачатку ў 1941 годзе да пераможнага адрэзку часу, які скончыўся ў 1945 годзе ўзяццем Берліна і Рэйхстага. Першы блок выстаўкі дае ўяўленне аб зброі вытворчасці СССР. Наступны блок прысвечаны самадзейнай партызанскай зброі.

У партызанаў не было ні электрычнасці, ні варштатаў, ні спецыяльных інструментаў, але яны здолелі самастойна ствараць зброю, арыгінальныя творы збройнага мастацтва.Партызанская калекцыя носіць рарытэтны характар. Менавіта яна склала аснову першай экспазіцыі, якая была прадстаўлена 22 кастрычніка 1944 года ў Мінску ў памяшканні Дома прафсаюзаў на плошчы Свабоды. На выстаўцы можна пабачыць гармату, якая ўдзельнічала ў знакамітым партызанскім парадзе ў 1944 годдзе.

Партызаны актыўна выкарыстоўвалі зброю, зробленую ў краінах Еўропы і Германіі, захопленую ў ворага. У экспазіцыі паказана зброя, вырабленая ў Францыі, Чэхаславакіі, Бельгіі, Нарвегіі, Даніі, Велікабрытаніі, Польшчы. Усе гэтыя ўзоры выкарыстоўваліся Германіяй — яна не ў стане была забяспечыць войскі дастатковай колькасцю сваёй зброі.Выстаўка “Зброя Перамогі” праілюстравана плакатамі перыяду вайны, фатаграфіямі, унікальнымі рукапісныміпартызанскімі выданнямі з фондаў музея. Яе інфармацыйны цэнтр дае магчымасць пазнаёміцца з прадстаўленай у электронным выглядзе інфармацыяй, якая паведамляе аб экспануемых узорах зброі, біяграфіях канструктараў. Уся зброя знаходзіцца ў добрым стане, усе яе механізмы працуюць.

Дырэктар музея С.Азаронак зазначыў, што музейшчыкі заўсёды імкнуцца не проста даць інфармацыю і паказаць калекцыі ў звычайным рэжыме, але і зрабіць іх інтэрактыўнымі, каб чалавек, які завітаў у музей, мог стаць удзельнікам падзеі, спрычыніцца да рэчаў іншай эпохі. Наведвальнік можа пасядзець на гарматнай станіне, сфатаграфавацца побач з кулямётам “максім” — і такім чынам яшчэ бліжэй “адчуць” подых гісторыі. 

Наталля КІРПІЧЭНКАВА
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА