З апошняга эшалона

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Дзякуючы праекту Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі “Выратаваныя культурныя каштоўнасці”, стане магчымым пазнаёміцца са зборам Смаленскага дзяржаўнага музея-запаведніка. Як адзначылі ў музеі, выстаўка праводзіцца ў межах святкавання 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ўрачыста адкрыецца 30 чэрвеня.

Экспазіцыя "Выратаваныя культурныя каштоўнасці" складаецца з твораў рускага і заходнееўрапейскага жывапісу, вырабаў з металу, фарфору, керамікі. Гэта менавіта тая невялікая частка музейных прадметаў, што была эвакуіравана ў першыя дні вайны намаганнямі супрацоўнікаў Смаленскага абласнога краязнаўчага музея. У тыя трагічныя дні з 65-тысячнага музейнага збору толькі 26 502 прадметы змаглі пагрузіць у адзін з апошніх эшалонаў, які адыходзіў на Усход. Большасць прадстаўленых твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва раней уваходзіла ў склад вядомага гісторыка-этнаграфічнага музея князёўны М.К. Ценішавай "Руская старадаўнасць", у калекцыях якога налічвалася больш за 20 слуцкіх паясоў (некаторыя з іх таксама будуць прадстаўлены ў межах праекта). Увагу наведвальнікаў, безумоўна, прыцягнуць творы невядомых польскіх мастакоў, што адлюстравалі прадстаўнікоў магнацкіх родаў Рэчы Паспалітай, напрыклад, партрэт Яна Сапегі (XVII ст.) і мальтыйскага кавалера Казіміра Паца (XVII ст.). Таксама будуць экспанавацца творы жывапісу, звязаныя з гісторыяй Смаленска: панарамны від горада XIX стагоддзя, партрэты смаленскіх епіскапаў Гедэона Вішнеўскага, Парфенія Сапкоўскага.