Май фестывальны

№ 18 (784) 05.05.2007 - 11.05.2007 г

Штомесячныя прэс-канферэнцыі кіраўніцтва Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, падчас якіх журналісты даведваюцца пра даробкі мінулага месяца і планы на бліжэйшы час, сталі ўжо, бадай, звычнымі. Прычым, штораз яны адбываюцца ў новых і… неспадзяваных месцах: на прыступках Опернага тэатра ці, як гэта было 27 красавіка, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Такі выбар гэтым разам цалкам вытлумачальны: цэнтральнай падзеяй мая ў грамадскім жыцці Беларусі, без сумневу, з’яўляецца дзень Перамогі. У плане асноўных мерапрыемстваў Міністэрства культуры гэтай даце прысвечаны канцэрт майстроў мастацтваў у Палацы Рэспублікі, які пройдзе напярэдадні свята, а таксама рэспубліканскі фестываль народнай творчасці “Не старэюць душой ветэраны”. Але, як адзначыў намеснік міністра культуры РБ Валерый Гедройц, свой унёсак у адзначэнне дня Перамогі зробяць літаральна ўсе ўстановы культуры — ад знакамітых творчых калектываў да сельскіх клубаў.

Яшчэ адзін прысвечаны святу праект — выстаўку “Зброя Перамогі” — журналісты змаглі ўбачыць на ўласныя вочы, прычым яшчэ да яе афіцыйнага адкрыцця 3 мая.

Як і ва ўсім свеце, на Беларусі май адкрывае сезон фестываляў, што доўжыцца цягам цёплай пары года. Падчас сваіх паведамленняў начальнікі ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Васіль Чэрнік і ўпраўлення мастацтваў Міхаіл Казловіч запэўнілі журналістаў, што гэты май беларускай культуры не стане бяднейшы на фестывальныя падзеі за мінулагоднія. Наадварот, поруч з тымі з іх, якія ўжо маюць ладную гісторыю ды аўтарытэт, — прыкладам, “Музы Нясвіжа” наведаюць былую рэзідэнцыю Радзівілаў вось ужо 12-ы раз, — на культурнай карце краіны з’явіцца і новая імпрэза. Дакладней, новая старая. Рэспубліканскі фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці” адродзіцца ў Слоніме 25 — 27 мая пасля вялікага перапынку. Варта спадзявацца, што форум, які ставіць высакародную мэту прапаганды сямейных каштоўнасцей, стане традыцыйным. Як і выстаўка-кірмаш рамёстваў “Вясновы букет”, што пройдзе 20 мая сярод квецені Лошыцкага парку.

На бліжэйшы час запланаваны старт і яшчэ адной важнай падзеі — адкрыццё VII Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур, якое адбудзецца 19 мая ў зале Белдзяржфілармоніі. Працягнецца доўгатэрміновая Рэспубліканская грамадска-культурная акцыя “За незалежную Беларусь”, мерапрыемствы якой у маі пройдуць на Гродзеншчыне, Віцебшчыне і Магілёўшчыне.

Начальнік аддзела міжнародных сувязей Міністэрства культуры РБ Міхаіл Кажура паведаміў, што 21 мая ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі пройдзе буйны міжнародны форум — ХХІІ пасяджэнне Савета па культурным супрацоўніцтве дзяржаў-удзельніц СНД. А літаральна на наступны дзень распачнуцца Дні культуры Азербайджана ў Беларусі: мінская публіка здолее ўбачыць і ацаніць Нацыянальны ансамбль песні і танца гэтай краіны, аркестр народных інструментаў, выстаўку жывапісу… 

Наш кар.