“Два метры мастацтва”

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Для чаго малюе мастак? Ці будзе хто сузіраць ягоныя творы? Ды наогул, ці запатрабавана сёння праца мастака? На такія пытанні можна было знайсці адказ пад час адкрыцця 17 чэрвеня выстаўкі твораў Андрэя Савіча “Два метры мастацтва” ў сталічнай галерэі “Мастацтва”. Як ні дзіўна, але ж менавіта ягоны абстрактны жывапіс, што зазірае ў глыбіні нябачнага, але чутнага творчага свету, набліжае нас да спазнання ісціны.

 /i/content/pi/cult/214/2635/9-5.gif
 А.Савіч. "Мост надзей".

 Тут, як у пчаліным вулеі, віруе і жыве мастацкая праца, менавіта тут можна паразважаць над тым, для чаго патрэбны кожнаму чалавеку "два метры мастацтва". Захапляльныя смелыя рухі графічнага пэндзля заглыбляюць у патаемныя сферы жывапіснага свету, выяўляюць дынаміку нястомнага пошуку, творчага закліку. У ім мастацкі выбух энергіі ператвараецца ў форму магічнага заклінання. Малады мастак смела і рашуча ўзыходзіць да гарызонтаў як кніжнай (альбомы, прысвечаныя творчасці В.Лагоўскага і М.Селешчука), так і станковай графікі, малой пластыкі. Але ж менавіта "Два метры мастацтва" дапамагаюць яму наблізіцца да роднай Беларусі. Магчыма для таго, каб беларускае мастацтва чарговы раз заўважылі не толькі на радзіме, але і ў іншых краінах свету.

Юрась МАЛАШ