Мсціслаўскія падарункі

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Учора ў Мсціславе адбыўся VIII фестываль мастацтваў імя М.Чуркіна, зладжаны Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пры падтрымцы Міністэрства культуры краіны, Магілёўскага аблвыканкама і Мсціслаўскага райвыканкама.

Гэтае свята, прысвечанае нацыянальнай музычнай класіцы ХХ стагоддзя, невыпадкова носіць імя народнага артыста Беларусі Мікалая Чуркіна. Менавіта тут апынуўся будучы кампазітар у 1914 годзе, добра пакалясіўшы па Расійскай імперыі: жыў і ў Тбілісі, і ў Пецярбургу, Баку, Каўнасе, Вільнюсе. А трапіўшы на Беларусь, застаўся тут назаўсёды: наша рэспубліка папраўдзе стала для яго другой радзімай. Менавіта ў Мсціславе пачала надзвычай плённа разгортвацца кампазітарская дзейнасць Мікалая Чуркіна, шчыльна звязаная з фалькларыстыкай: на працягу жыцця ім было запісана больш як 3 тысячы беларускіх, грузінскіх, армянскіх, азербайджанскіх, польскіх, літоўскіх, таджыкскіх народных мелодый. Сёння ў гэта цяжка паверыць, але менавіта ў Мсціславе ў 1922 годзе была напісана і пастаўлена сіламі мясцовай самадзейнасці яго опера "Вызваленне працы", нотныя матэрыялы якой, на жаль, не захаваліся. Потым на творчым шляху кампазітара былі Магілёў і, вядома, Мінск. Але, як адзначыў мастацкі кіраўнік фестывалю, народны артыст Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, "сёння асабліва відавочна, што менавіта Мсціслаўшчына і, шырэй, Магілёўшчына далі Чуркіну той творчы імпульс, які дазволіў яму, ураджэнцу Арменіі і выхаванцу Расіі, стаць сапраўдным класікам беларускага музычнага мастацтва, заснавальнікам беларускай нацыянальнай кампазітарскай школы". Асабліва прыемна, што праграму "Мікалай Чуркін. Вяртанне", прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння кампазітара, замовілі сёлета самі мясцовыя ўлады. Відавочна, што фестывальная ідэя адраджэння нашай музычнай спадчыны, прапанаваная ў свой час маэстра Фінбергам, супала з памкненнямі аднавіць гістарычнае мінулае і прадоўжыць лепшыя культурныя традыцыі краю. Праграму з твораў М.Чуркіна падрыхтавалі і выканалі шматлікія камерныя склады Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі. А ўвечары на Цэнтральнай плошчы Мсціслава пры ўдзеле лепшых салістаў калектывуадбыўся гала-канцэрт "У падарунак - песня", прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Году роднай зямлі.

 Н.Б.