Вектар на рэканструкцыю

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

Завяршаючы тэатральны сезон, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы склікаў прэс-канферэнцыю, у якой прыняло ўдзел новае кіраўніцтва тэатра — мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін і генеральны дырэктар Павел Палякоў. Як зазначыў на самым пачатку размовы Мікалай Мікалаевіч, прызначаны на пасаду на пачатку года, ён знарок не даваў раней праграмных інтэрв’ю, бо патрэбны быў некаторы час, каб разабрацца ў тэатральных нюансах. І вось прыспеў час, каб адказаць на ўсе пытанні і абазначыць тыя прыярытэтныя вектары, што вызначаць будучае аблічча Купалаўскага тэатра.

У найбліжэйшых пастановачных планах купалаўцаў - спектаклі "ГендэльБах" П.Барца ў пастаноўцы Генадзя Мушперта і "Вячэра з прыдуркам" Ф.Вэбэра Мікалая Пінігіна, якія гледачы ўбачаць яшчэ ў бягучым сезоне. У дачыненні да апошняга мастацкі кіраўнік тэатра зазначыў, што вяртанне да гэтай вядомай камедыі сучаснага французскага драматурга з'яўляецца своеасаблівым праграмным "затактам" - магчымасцю за кошт узнаўлення спектакля, практычна без дадатковых фінансавых затрат, атрымаць у рэпертуар моцную касавую камедыю, якая здольная будзе зарабляць грошы, у тым ліку і на далейшыя самастойныя пастаноўкі тэатра. Тым больш, што ў перыяд эканамічнага "зацягвання паясоў" тэатр мусіць праяўляць рацыянальна-гаспадарчы падыход. 

/i/content/pi/cult/214/2631/8-2.gif

Затое сапраўднай "першай ластаўкай" свайго бачання далейшай рэпертуарнай палітыкі Мікалай Пінігін абяцае прэм'еру спектакля "Translations" ("Патрэбны пераклад") па п'есе ірландскага драматурга Б.Фрыла ў снежні гэтага года, якая, па словах рэжысёра, актуальная для нашай рэчаіснасці. Сярод іншых назваў, што з'явяцца ў наступным сезоне і ў крыху больш далёкай перспектыве,- "Нямко" паводле аповесці Алеся Адамовіча, прысвечаны 65-годдзю Перамогі, тэатральная рэканструкцыя спектакля "Каханкі ў пастцы" паводле п'есы Уршулі Радзівіл, "Леціцыя"- работа, у якой перад гледачамі паўстане акцёрскі дуэт Зоі Белахвосцік і Алены Сідаравай, "Дзяды" альбо "Пан Тадэвуш" Адама Міцкевіча, а таксама "Зіма" Яўгена Грышкаўца ў пастаноўцы маладога рэжысёра Кацярыны Аверкавай, "Расказ невядомага чалавека" АнтонаЧэхава - Сяргея Тарасюка, "Маленькі свет" Алены Паповай - Віталя Баркоўскага. З пазіцый мастацкага кіраўніка тэатра Мікалай Пінігін зазначыў, што самым першым і галоўным крытэрыем для пастаноўкі на Купалаўскай сцэне для яго з'яўляюцца якасць і высокі ўзровень драматургічнага твора. "Для мяне важная мастацкая якасць твора, яго ідэя", - падкрэсліў мастацкі кіраўнік тэатра. Падобныя патрабаванні прад'яўляе ён і да маладых творцаў, якія жадаюць супрацоўнічаць з купалаўцамі: "Дзверы тэатра адкрыты для маладых, але - для дзейсных. Мы з задавальненнем прадставім маладому рэжысёру магчымасць паставіць спектакль, калі ён зможа дакладна і ясна растлумачыць, што і як ён хоча зрабіць. Бо я не веру, што ў нас заціскаюць маладых таленавітых творцаў: ніводзін сур'ёзны мастацкі кіраўнік не адмовіцца ад таго, каб у яго ў тэатры працавалі цікавыя рэжысёры, а ў рэпертуары ішлі яркія таленавітыя спектаклі".

У сувязі з гэтым, пэўныя планы ў тэатра маюцца і адносна Малой сцэны. "Зараз яна ў многім нагадвае "філіял" Вялікай сцэны, дзе іграюць акцёры, мала занятыя ў асноўным рэпертуары, - сказаў Пінігін. - Але, на маю думку, Малая сцэна павінна стаць пляцоўкай для тэатральных эксперыментаў - месцам, дзе рэжысёры і акцёры маглі б спрабаваць новыя тэксты, новую тэатральную мову". Разам з гэтым, тут плануецца і правядзенне адукацыйных мерапрыемстваў, цыклаў лекцый з запрашэннем замежных спецыялістаў у галіне тэатральнай справы. Да таго ж, у перспектыўных планах тэатра - стварэнне міжнароднага аддзела, які займаўся б замежнымі кантактамі калектыву. Дарэчы, у купалаўцаў ужо маецца Дамова аб супрацоўніцтве з Польскім інстытутам у Мінску, цяпер жа вядуцца падобныя перамовы са Шведскім інстытутам. Безумоўна, не абышлася сустрэча і без пытанняў адносна будучай рэканструкцыі Купалаўскага тэатра, на якія адказаў генеральны дырэктар Павел Палякоў. Ён прадэманстраваў прысутным праект будучага аблічча тэатра і адзначыў, што галоўным "набыткам" пасля рэканструкцыі стане павелічэнне плошчаў тэатра амаль у два з паловай разы: будынак "апусціцца" на тры паверхі пад зямлю, што дазволіць размясціць там усе тэхнічныяі вытворчыя памяшканні. Плануецца, што работы ў тэатры, разлічаныя ў сярэднім на 2 гады, будуць весціся з поўным адсяленнем, але ў гэты час купалаўцы не збавяць рытм і будуць працаваць на іншых тэатральных пляцоўках сталіцы.

Таццяна КОМАНАВА