Пабагацець у Нясвіжы

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

7 ліпеня ў Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры оперы і балета Рэспублікі Беларусь адбудзецца прэм’ера оперы Яна Давіда Голанда “Чужое багацце нікому не служыць” (гл. “К” № 22 за 2009 г.). Гэтай падзеі папярэднічала “прэзентацыя” будучага спектакля ў Нясвіжы — менавіта там, дзе, па сцвярджэнні кіраўніка праекта Віктара Скорабагатава, гэтая опера была напісана і пастаўлена ў 1785 годзе.

/i/content/pi/cult/214/2630/8-1.gif

 Творчая дэлегацыя тэатра, якая ўключала пастаноўчую групу і выканаўцаў цэнтральных партый, наведала адноўленую Нясвіжскую ратушу, знакаміты Фарны касцёл і, нарэшце, сам палац. Некаторыя з артыстаў былі тут упершыню, і змястоўная экскурсія па тых мясцінах, дзе нараджаўся гэты твор, музейныя экспазіцыі дый само паветра горада дапамаглі ім глыбей адчуць і перадаць папраўдзе радзівілаўскую атмасферу оперы. Былы тэатральны будынак, у якім у ХVІІІ ст. нясвіжскія Радзівілы ладзілі оперныя пастаноўкі, не захаваўся. Таму прэс-канферэнцыя і паказ фрагментаў "Чужога багацця..." прайшлі непасрэдна ў адной з адноўленых залаў палаца - як звычайна кажуць у такіх выпадках, у натуральнай "сцэнаграфіі". Можа, артысты папраўдзе "прымяралі" на сябе нясвіжскі антураж, на фоне якога праз нейкі час можна будзе ўбачыць і оперу цалкам? Бо ўжо зараз плануецца, што гэты спектакль мог бы дэманстравацца ў Нясвіжскім палацы для іншаземных экскурсійных груп. Тым больш, што падобныя "эксперыменты" ўжо ладзіліся "Беларускай капэлай" на чале з Віктарам Скорабагатавым, які выступіў і галоўным натхняльнікам аднаўлення оперы Я.Д. Голанда. Менавіта ў Нясвіжы ў свой час гэтак жа "прэзентавалася" опера Антонія Генрыха Радзівіла "Фауст", якая пазней гучала і ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, і на сцэне нашага Опернага тэатра, нязменна выклікаючы цікавасць не толькі беларускіх, але і іншаземных аматараў музыкі. Дый цяпер, калі "фотасесія" перамясцілася ў палацавы дворык, салісты ледзь вырваліся з кола наведвальнікаў палацава-паркавага комплексу. Чым не піар-акцыя? Хаця, прызнацца, "Чужому багаццю..." яна практычна не патрэбная: будучая прэм'ера ўжо выклікала павышаную цікавасць - амаль усе квіткі распрададзены.

 На здымку: Ганна Гур'ева (Кася) і Аляксандр Кеда (Чужапанак) у Нясвіжскім палацы Радзівілаў.

Надзея БУНЦЭВІЧ

 Фота аўтара