Старонкі ў летапісе краіны

№ 26 (894) 27.06.2009 - 01.07.2009 г

24 чэрвеня ў Доме літаратара адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 75-годдзю ўтварэння Саюза пісьменнікаў Беларусі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гэты вечар таксама адбылося ўганараванне пісьменнікаў-ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, уручэнне ўзнагарод і падарункаў. Членаў Саюза віталі прадстаўнікі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Урада, Беларускага экзархату, Мінаблвыканкама і Мінгарвыканкама, устаноў культуры, выдавецтваў.

 /i/content/pi/cult/214/2623/3-1.gif
Старшыня Саюза пісьменнікаў БеларусіМікалай Чаргінец.  

 Адкрываючы пасяджэнне, старшыня СПБ Мікалай Чаргінец падкрэсліў, што ў чэрвені 1934 года Саюз быў створаны па ініцыятыве класікаў айчыннай літаратуры Янкі Купалы і Якуба Коласа і іх паплечнікаў. За гады свайго існавання ён даў не толькі нашай краіне, але і ўсяму свету вялікую колькасць талентаў - сапраўдных патрыётаў сваёй Бацькаўшчыны. Самае ж важнае, на думку Мікалая Чаргінца, тое, што яны навучылі паважаць чалавека. "Мы можам ганарыцца, - сказаў, звяртаючыся да прысутных у зале, старшыня СПБ,- што працягваем вялікую справу служэння нашаму народу, якую пачалі нашы старэйшыя таварышы".

Галоўны саветнік упраўлення сацыяльна-культурнай палітыкі галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Сяргей Бервін, звяртаючыся да прадстаўнікоў пісьменніцкай арганізацыі, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, зачытаў зварот кіраўніка Адміністрацыі Уладзіміра Макея. "Гісторыя вашай арганізацыі,- зазначалася ў прывітальным адрасе,- якая сёлета адзначае свой 75-гадовы юбілей, з'ядноўвае шмат славутых імёнаў пісьменнікаў-патрыётаў. Сёння Саюз пісьменнікаў Беларусі зберагае і памнажае традыцыі вялікіх Песняроў- Янкі Купалы і Якуба Коласа, стварае мастацкі летапіс жыцця краіны, адкрывае прыгажосць душы мужнага і таленавітага беларускага народа, занятага мірнай працай на карысць Радзімы. Няхай жа і надалей Саюз згуртоўвае пісьменніцкія сілы, умацоўвае ў сэрцах людзей ідэалы любові да Айчыны, гуманізму і дабра, спрыяе развіццю лепшых здабыткаў нашай культуры". Пад час пасяджэння ад Уладзіміра Макея паступіла тэлеграма, у якой адзначалася, што да віншаванняў на адрас пісьменнікаў Беларусі далучаецца Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. 

 /i/content/pi/cult/214/2623/3-2.gif
Пісьменнікі - ветэраны Вялікай Айчыннай.  

 Пасланнік Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта Уладзімір Грозаў зачытаў прывітанне, у якім адзначалася, што з цягам часу высокая выхаваўчая роля майстроў пяра не змяншаецца. Пісьменніцкі Саюз закліканы быць нашчадкам выбітных творцаў, прадаўжальнікам іх традыцый. Напярэдадні 65-годдзя вызвалення Беларусі варта падкрэсліць вялікую ролю пісьменнікаў у патрыятычнымвыхаванні моладзі, адзначана ў звароце Мітрапаліта. У сваім прывітальным слове міністр абароны Рэспублікі Беларусь Леанід Мальцаў высока ацаніў працу пісьменнікаў, якія ў творчасці адстойваюць ідэалы дабра, справядлівасці, высокай духоўнасці і маральнасці, фарміруюць патрыятызм і высокі маральны дух грамадзян нашай краіны. "Культура ў сучасных умовах, - падкрэсліў Леанід Мальцаў,- з'яўляецца найважнейшым стратэгічным рэсурсам нацыі". Пасля міністр абароны ўзнагародзіў групу пісьменнікаў медалём "65 год вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў". У гэты вечар Указам Прэзідэнта былі ўзнагароджаны Анатоль Дзялендзік, Ала Кірылава (Чорная), Васіль Маеўскі, Алесь Бажко, Мікалай Чаргінец і іншыя літаратары. Ад імя пісьменнікаў-ветэранаў выступіў Алесь Савіцкі, удзельнік баёў на Ушаччыне, які зазначыў, што сённяшнія празаікі і паэты годна працягваюць высакародную справу літаратараў ягонага пакалення, адстойваючы ідэалы міру і дабра.

Міністэрства культуры, як адзначыў намеснік міністра культуры Віктар Кураш, удзячнае беларускім драматургам. Па іх творах у тэатрах штогод ставіцца больш за 30 спектакляў. "Асабліва хочацца падзякаваць пісьменнікам за супрацоўніцтва з бібліятэкамі, якія сёння не толькі інфармацыйныя цэнтры, але і асяродкі культуры па працы з насельніцтвам па месцы жыхарства. Усё гэта мае вялікія і даўнія традыцыі, якія будуць працягвацца ў будучым", - падкрэсліў Віктар Кураш. Ім таксама быў зачытаны адрас ад міністра культуры Паўла Латушкі. Завяршылася свята святочным канцэртам.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА