Ужо 24 чэрвеня ў мінскай Ратушы адбылося ўганараванне ветэранаў- актывістаў грамадскіх арганізацый. Кіраўніцтва горада ўручыла ім ганаровыя граматы і памятныя медалі. Традыцыйным стала і правядзенне напярэдадні Дня Незалежнасці фізкультурна-спартыўнага свята. Як распавёў намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Мінгарвыканкама Юрый Шакола, распачнецца яно 27 чэрвеня а 10-й гадзіне на праспекце Пераможцаў парадам мотаспартсменаў. Менавіта іх спаборніцтвы, дзе прымуць удзел мотафрысталісты не толькі з Беларусі, але і з Бельгіі, Швейцарыі, Аўстрыі, стане "разыначкай" форуму. У Мінску пройдуць каля 50 святочных мерапрыемстваў, прысвечаных знакавай даце, адзначыў начальнік упраўлення культуры Мінгарвыканкама Уладзімір Карачэўскі. Тэматычныя выстаўкі, тэатральныя пастаноўкі, святочныя канцэрты будуць збіраць гледачоў ва ўсе святочныя дні. 2 ліпеня ў сталіцы адбудзецца ўрачысты сход і канцэрт майстроў мастацтваў. Дабрачынны паказ спектакля "Нябесны ціхаход" для ветэранаў у гэты ж дзень наладзіць Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр. А ўвечары святочны канцэрт харавой музыкі адбудзецца ля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.
Урачыстасці 3 ліпеня пачнуцца а 10-й з цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да помніка Перамогі. У 11.30 адбудзецца ваенны парад, які, як абяцалі яго арганізатары, здзівіць нават спакушанага гледача. "У парадзе прыме ўдзел каля 160 адзінак ваеннай тэхнікі і больш за 40 лятальных апаратаў", - зазначыў ваенны камендант ваеннай камендатуры Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь Анатоль Грыцаў. Асаблівасцю сёлетняй праграмы стане парад ваеннай тэхнікі часоў Вялікай Айчыннай вайны, які "ўзначаліць" унікальны "ГАЗ-67" , спецыяльна адрэстаўраваны да святкаванняў.
|
Святочная праграма пасля параду працягнецца ля Палаца спорту і завіруе ва ўсіх раёнах сталіцы. Увечары ля стэлы "Мінск - горад-герой" адбудзецца гала-канцэрт "Мы перамаглі!" з удзелам зорак беларускай і расійскай эстрады, які працягнецца да 2-й гадзіны ночы. Па словах Уладзіміра Зубрыка, кульмінацыяй вячэрняй праграмы стане акцыя "Спяём гімн разам!". Акурат пасляяе пачуюцца залпы святочнага феерверку. "Мы падрыхтаваліся да яго асабліва, таму чакайце яскравага відовішча", - падкрэсліў Анатоль Грыцаў. Працягнуцца святкаванні 4 ліпеня выстаўкай-кірмашом "Горад майстроў" ля Палаца спорту, дзе возьмуць удзел каля 350 майстроў народнай творчасці. Яскравае шоу падрыхтавалі ў гэты ж дзень лётчыкі клубаў ДТСААФ: яны запрашаюць мінчан і гасцей сталіцы на паветраны парад і адкрыццё Музея авіятэхнікі ў пасёлку Баравая. Завершацца святкаванні 4 ліпеня нотай оперы: ля будынка Вялікага тэатра яго артысты ладзяць дабрачынны канцэрт, у якім прагучаць не толькі арыі са знакамітых опер, але і вядомыя ваенныя песні.
Дар'я АМЯЛЬКОВІЧ