Погляд у вечнасць

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Гісторыя беларускай філасофскай і культуралагічнай думкі налічвае не адно стагоддзе і сёння працягвае імкліва развівацца. У наш час гэты працэс непасрэдна звязаны з імем доктара філасофскіх навук, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміра Конана, які сёлета адзначыў 75-годдзе.

/i/content/pi/cult/213/2617/14-1.gif

 З гэтай нагоды выйшлі з друку дзве кнігі выбітнага даследчыка: "Погляд у вечнасць" і "Выбранае". "Выбранае" разглядае пытанні эстэтыкі і філасофіі, этыкі і антрапалогіі ў сярэднявечнай Беларусі. Як адзначыў Уладзімір Міхайлавіч у размове з карэспандэнтам "К", у сваіх даследаваннях ён паказвае паслядоўнасць традыцый эстэтыкі як спасціжэння сутнасці прыроды, іншых эстэтычных якасцей жыцця. Не менш важнай тэмай даследаванняў навукоўца выступае і народная культура, якая, па словах укладальніка выдання, фалькларыста Міколы Козенкі, з'яўляецца "даўняй любоўю прафесара". Так, у кнізе ўзнімаюцца праблемы хараства народных ідэалаў, захавання аўтэнтычнай народнай культуры ва ўмовах глабалізацыі, месца фальклору ў сістэме сучаснай мастацкай свядомасці, хрысціянскай філасофіі жыцця ў творчасці Якуба Коласа. Наогул, пытанне рэлігіі як асновы духоўнага развіцця чалавека для Уладзіміра Міхайлавіча з'яўляецца першасным. Гэта пацвярджаюць артыкулы, змешчаныя ў кнізе: "Хрысціянства ў гістарычным лёсе беларускага народа", "Біблейскія і хрысціянскія матывы ў беларускай этнічнай культуры", "Адраджэнне беларускай біблеістыкі. "Гісторыя святая..." Вінцэнта Гадлеўскага". Багатая кніга і на літаратуразнаўчыя нарысы, якія закранаюць цікавыя і важныя для сучаснага чытача культуралагічныя аспекты творчасці Максіма Гарэцкага, Андрэя Мрыя, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Адама Бабарэкі... У кнізе "Погляд у вечнасць", выдадзенай Беларускім фондам культуры, змешчаны як артыкулы УладзіміраКонана, так і словы яго калег і сяброў, інтэрв'ю. Варта адзначыць таксама як каштоўнасць гэтай кнігі яшчэ і змешчаныя там архіўныя фотаздымкі, зробленыя пад час канферэнцый, творчых сустрэч і фестываляў.