Па “Навуцы...” Антона Грыневіча

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

У адным з апошніх нумароў “К” распавядала пра унікальны фальклорны збор Беларускага музея імя Івана Луцкевіча ў Вільні, пытанне вяртання якога на Радзіму зараз актыўна абмяркоўваецца. Пры гэтым важна не забыцца і пра тых, хто непасрэдна збіраў скарбы нематэрыяльнай культуры.

 /i/content/pi/cult/213/2616/14-3.gif

  Большую частку віленскага беларускага фалькларыстычнага фонду складаюць дакументы, звязаныя з імем Антона Грыневіча - фалькларыста, збіральніка і папулярызатара беларускіх народных песень, выдаўца, педагога, кампазітара. Яны трапілі ў архіў Беларускага музея не пазней за 1925 г., калі А.Грыневіч пераехаў з Вільні ў Мінск, дзе ўзначаліў песенную камісію Інбелкульта, з'яўляўся сакратаром яго музычнай падсекцыі. Частку дакументаў складаюць рукапісы і машынапісы выданняў А.Грыневіча па беларускім фальклоры: лекцыі "Навучальнік першых музычных правілаў", "Беларускі дзіцячы спеўнік. З беларускіх народных матываў і лірыкі. Сабрана ў 1905 - 1923 гг.", "Школьны спеўнік". Ёсць тут і экземпляр выдання першага беларускага падручніка "Навука спеву (правілы і практыка)" для выкарыстання ў беларускіх пачатковых школах. Ён быў надрукаваны ў Вільні ў 1923 на сродкі аўтара з дазволу камісіі Беларускага навуковага таварыства, з надпісам: "Паважанаму пану Антону Луцкевічу. 29.Х.1923". Другую частку дакументаў складаюць шматлікія фальклорныя запісы, зробленыя А.Грыневічам, пачынаючы з 1910-х гг., у розных мясцінах Беларусі.

 Захоўваецца тут і разрозненая перапіска фалькларыста, дзе адшукаліся некалькі вельмі важных лістоў для даследавання біяграфіі гэтай асобы. Напрыклад, пасведчанне, выдадзенае А.Грыневічу ў 1911 годзе на бланку газеты "Наша Ніва" для збірання фальклору: "Ад рэдакцыі "Нашае Нівы". Выдана гэта супрацоўніку "Нашае Нівы", збірацелю народных песень Антону Антонаву, сыну Грыневічу, каторый па загаду Рэдакцыі запісывае і збірае народныя песні. Усіх знаёмых і незнаёмых Рэдакцыя "Нашае Нівы" просіць дапамагчы пану Грыневічу ў яго працы. Рэдактар-выдавец "Нашае Нівы" Аляксандр Уласаў". У перапісцы А.Грыневіча захоўваюцца два лісты да яго, напісаныя Рамуальдам Зямкевічам - бібліёграфам, публіцыстам, гісторыкам беларускай літаратуры, перакладчыкам, калекцыянерам кніг, рукапісаў, твораў народнага мастацтва. Яны змяшчаюць шмат цікавых фактаў біяграфій і творчай дзейнасці гэтых персон на ніве збірання і вывучэння беларускага песеннага фальклору, народных танцаў, а таксама тычацца іншых беларускіх дзеячаў.

Фонд дакументаў, звязаных з імем А.Грыневіча, якія захоўваюцца ў віленскім Беларускім фалькларыстычным архіве, вельмі значны як па колькасці адзінак захавання, так і па іх змесце, але, як высветлілася, ён таксама няпоўны. Частка архіва А.Грыневіча, што належала Беларускаму музею, знаходзіцца ў Мінску ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі ў фондзе №15. У будучым, зведзеныя разам, гэтыя два архіўныя фонды А.Грыневіча дазволяць даследчыкам скласці поўную біяграфію беларускага кампазітара і апантанага збіральніка музычнай спадчыны.

Дакументы архіва красамоўна сведчаць і пра тое, што ў віленскім асяроддзі беларускай інтэлігенцыі збіраннем узораў народнай песенна-музычнай творчасці былі захоплены не толькі фалькларысты, музыканты, этнографы, але і іншыя дзеячы культуры, якія таксама збіралі, запісвалі народныя творы. Сярод дакументаў архіва ёсць фальклорныя запісы, зробленыя Сымонам Рак-Міхайлоўскім, Язэпам Драздовічам, Лявонам Вітан-Дубейкоўскім, Мар'янам Пецюкевічам. Значную па колькасці дакументаў частку віленскага фонду фалькларыстычнага архіва Беларускага музея імя Івана Луцкевіча складаюць запісы песень і твораў іншых фальклорных жанраў, абрадаў, моўныя матэрыялы, што дасылаліся з месцаў у рэдакцыі віленскіх газет "Наша Ніва", "Беларуская крыніца", "Шлях моладзі", фальклорныя запісы вучняў Віленскай беларускай гімназіі, Віленскага універсітэта імя Стэфана Баторыя, сярод якіх - імёны Максіма Гарэцкага, Вітаўта Тумаша.

Сярод дакументаў віленскага архіва маецца шмат асобных нот - як у чарнавых, так і ў чыставых рукапісных запісах. Сярод іх ёсць старадаўнія запісы беларускай музыкі першай паловы ХІХ стагоддзя, што былі знойдзены і перапісаны Р.Зямкевічам у бібліятэцы пана Канстанцыя Святаполк-Завацкага ў Крошыне ў 1915 г., ноты пад загалоўкам "Беларускія народныя музычныя творы, запісаныя Міхаілам Ельскім у Ігуменскім павеце ў 1885 г. для Аляксандра Ельскага".

Вольга ЛАБАЧЭЎСКАЯ,

 кандыдат мастацтвазнаўства