Што здабывалі ваўкавыскія “шахцёры”?

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

У наш час цікавасць да музеяў “падаграваюць” мастацкія фільмы, у якіх экспанаты літаральна “абуджаюцца ад сну”, пачынаюць жыць сваім жыццём. Для кагосьці гэта не больш, чым выдумка, для іншых — магчымасць даведацца пра супярэчлівыя гістарычныя моманты. Але такія дзівосы адбываюцца не толькі ў кіно. Пераканацца ў гэтым можна, наведаўшы навукова-музейную археалагічную экспазіцыю Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

/i/content/pi/cult/213/2615/14-2.gif

 Яго асноўная адметнасць - арыентацыя выключна на археалогію. А за апошнія 80 гадоў гісторыкамі былі знойдзены тысячы экспанатаў, што ўсебакова адлюстроўваюць жыццё старажытнага грамадства на тэрыторыі Беларусі. Больш за тое: плошчаў нават не хапае. Захавальнік экспазіцыі, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі Андрэй Вайцяховіч зазначае: "Колькі б ні было памяшканняў, усё адно не хапіла б: вельмі шмат знаходак". І пры гэтым трэба ўлічваць, што кожны год калекцыя папаўняецца. Да таго ж, паралельна вядзецца вялікая работа ў фондах: апрацоўваюцца матэрыялы, якія збіраліся беларускімі археолагамі, пачынаючы з 20-х гг. ХХ стагоддзя.

Менавіта ў той час і ўзнікла ўпершыню ідэя стварэння аналагічнага музея, аднак у 1963 годзе, калі Прэзідыум АН БССР ухваліў стварэнне археалагічнага музея пры Інстытуце гісторыі, распрацавалі канцэпцыю, але, на жаль, далей за набыццё шафаў і вітрын справа не пайшла. І толькі праз сорак гадоў вучоныя зноў вярнуліся да гэтага пытання. У 2007 годзе рашэннем Прэзідыума НАН Беларусі створана музейная экспазіцыя і фонды. Па словах Андрэя Вячаслававіча, літаральна за год была распрацавана наноў і рэалізавана канцэпцыя а р х е а л а г і ч н а й экспазіцыі, дзе паказаны асноўныя этапы дзейнасці чалавека на тэрыторыі Беларусі. У першай зале можна прасачыць за каменным векам нашай гісторыі - ад эпохі мезаліту (8 - 7 тыс. гадоў да н.э.) да неаліту (5 тыс. гадоў да н.э.), а таксама ўбачыць перыяд бронзы (3 - 1 тыс. гадоў да н.э.). Як адзначыў захавальнік экспазіцыі, вельмі цяжка было ў адным невялікім пакоі ахапіць такі велізарны гістарычны перыяд. Пра гэты час сведчаць, у асноўным, крэмніевыя вырабы, у тым ліку разнастайныя віды наканечнікаў стрэл. Паказана і дынаміка развіцця сякер - ад крэмніевых да каменных, першая кераміка, вырабы з костак буйных жывёл. Таксама ў экспазіцыі прадстаўлены косткі мамантаў.

 Пэўныя цяжкасці меліся пры адлюстраванні бронзавага веку, бо ўласнай бронзы ў нас не выраблялася, і таму знойдзены толькі з дзесятак рэчаў з гэтага металу. Але, што цікава, было шмат імітацый, у прыватнасці,каменных шліфаваных сякер, на некаторых нават ёсць ліцейныя швы. Як узорны помнік перыяду прадстаўлена стаянка Асавец сённяшняга Бешанковіцкага раёна. Таксама можна пабачыць адзін з даследаваных могільнікаў, Прорва на Гомельшчыне і макет крэмнездабыўчых шахт, што знаходзіліся каля Ваўкавыска.

 У наступнай зале паказаны жалезны век. Тут клопатаў з недахопам матэрыялаў не ўзнікала, таму, па словах Андрэя Вайцяховіча, храналагічна і рэгіянальна вылучаны ўсе існаваўшыя культуры, пачынаючы з поўдня Беларусі - адпаведна, Мілаградскай, Зарубінецкай культур - і заканчваючы поўначчу краіны: штрыхаванай днепра-дзвінскай, культурамі балтаў і славян. Створаны таксама макеты гарадзішча і селішча Вешкі пад Оршай, жытлаў з Палесся.

Трэцяя зала цалкам прысвечана перыяду Сярэднявечча - Х - ХІІІ стст. Не пакінулі па-за ўвагай стваральнікі экспазіцыі курганныя могільнікі, што па сёння даюць багаты факталагічны матэрыял. Можна прасачыць і за развіццём гарадоў, асабліва - старадаўняга Мінска. Асобна паказана культура гарадзішчаў, да прыкладу, ёсць экспанаты раскопак селішча Слабада Дворыцкая, што размяшчалася ў Х - ХІІ стст. на месцы сённяшняга сталічнага мікрараёна "Малінаўка".

 Апошняя зала ўзнаўляе атмасферу позняга Сярэднявечча. Тут - і культура замкаў, і культура сельскіх паселішчаў, ізноў жа асобна вылучаны Мінск. Дух таго часу перадае макет кафлянай печы, прадметы з Нясвіжскага замка, вітрына будматэрыялаў, найбольш характэрных для таго часу, а таксама вітрына рамёстваў: ганчарства, апрацоўка костак, скуры і дрэва.

Нельга абмінуць і ўводны раздзел экспазіцыі, прысвечаны стваральнікам археалогіі на Беларусі і сучасным даследчыкам. Зрэшты, тут знойдзецца месца і для інтэрактыву. У экспазіцыі маецца магчымасць паказу дакументальных фільмаў з месцаў раскопак. Сёння распрацоўваюцца пазнаваўчыя стужкі для дзяцей, у планах - стварэнне праектаў для школьнікаў. Але гэтая дзейнасць патрабуе і часу, і дадатковага фінансавання. Пакуль жа, як адзначыў Андрэй Вайцяховіч, праводзяцца фатаграфаванне і алічбоўка экспанатаў, а ў бліжэйшыя месяцы чакаецца выхад з друку даведніка для наведвальнікаў.

 На здымках: фрагменты экспазіцыі музея.