Песня пра Зураба

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Марат Ягораў, старшыня Беларускага фонду міру на працягу доўгіх гадоў, нарадзіўся ў Севастопалі. 18-гадовым юнаком пайшоў на фронт. У 1945-м годзе быў удзельнікам Парада Перамогі… У дні, калі Беларусь рыхтуецца адзначыць 65-гадавіну вызвалення ад нямецкафашысцкіх акупантаў, Марат Фёдаравіч прапануе чытачам “Культуры” франтавую быль, прысвечаную дням бітвы за вызваленне нашай зямлі ў 1944-м. А яшчэ аўтар перадаў у рэдакцыю свой фотаздымак, зроблены за 360 дзён да Вялікай Перамогі. За гэты няпросты год Марат Фёдаравіч, як прыгадвае ён сам, паспеў застацца ў жывых, хаця і ў шпіталі давялося паляжаць. “У той раз я са смерцю размінуўся літаральна ў некалькіх сантыметрах. Але гэтая тэма — для асобнай размовы. Заўжды памятаю пра тыя дні. Менавіта па гэтай прычыне і раблю ўсё магчымае, а часам — і немагчымае, як у баі, каб не дапусціць новай вайны”.

 /i/content/pi/cult/213/2614/15-1.gif

 Сюды, на ўзлесак Варонінага гаю, у баявую ахову ўзвод Крушыны быў высланы ноччу. Ішлі ў суцэльнай цемры па лясных прасёлках і сцяжынках, а лес вакол кішэў войскамі і тэхнікай. Кожнаму было ясна: рыхтуецца генеральнае наступленне, можа быць, апошні ўдар за поўнае вызваленне Беларусі. І Сцяпан Крушына, ведучы ўзвод у нейкі Варонін гай, што аказаўся ўскраінай вялікага лесу, думаў пра тое, як яму пашчасціла своечасова вярнуцца са шпіталя- удзельнічаць у вызваленні Беларусі. Няхай бы шанцавала і далей: дайсці да Бярэзіны, да роднай Мар'інай Горкі, дзе жывуць маці і сястрычка, калі яны, канешне, жывыя... А потым - да мяжы пад Брэстам, дзе пачынаў вайну ў сорак першым. Там ляжаць амаль усе ягоныя таварышы, якія загінулі ў жорсткіх баях. А далей... Што ж далей? Справа зразумелая: наперадзе - шлях да Берліна... Мо так і да самага фашысцкага логава датупаць патрапіць...

 Хаця ночы і кароткія ў чэрвені, акапацца паспелі да зары. Цяпер узвод адзіным дыханнем храпеў, чакаючы абеду, які будзе адначасова і вячэрай, паколькі да наступлення цемры старшына не зможа дабрацца да іх з палявой кухняй. Не спалі толькі вартавыя. Ды яшчэ ціха гаманілі па-грузінску два неразлучныя сябры - Кето Махарадзэ і Міхась Разумневіч. Высокі і тонкі, нібы кіпарыс, Кето быў родам з грузінскага сяла, а мажны мацачок Міхась - з Мінска. Праўда, апошнія гады Разумневіч жыў у Грузіі, будаваў электрастанцыі на горных рэках. Яго доўга трымалі ў тыле "на броні", прызвалі ўсяго некалькі месяцаў таму амаль адначасова з Кето, хлапчуком гадоў дзевятнаццаці, адчайным і жвавым, хаця на першы погляд ён падаваўся не толькі ціхім, але і хілым.

Крушына прыгадаў, як засумаваў, разгубіўся Кето, калі аказалася, што ў падраздзяленні, укамплектаваным, у асноўным, ачунялымі пасля раненняў бывалымі салдатамі, не было, да ўсяго, нікога з землякоў. Тут падышоў да яго Разумневіч і сказаў некалькі слоў па-грузінску. Кето акрыяў духам і з тае пары стаў ценем Разумневіча. "Добрыя хлопцы, - падумаў пра іх Крушына і тут жа, спахапіўшыся, нібы абарваў сябе. - Добрыя, добрыя, а як у баі сябе пакажуць?" Крушына акінуў поглядам усю траншэю, дзе, то ўладкаваўшысяля адной з яе сцен і ўпёршыся нагамі ў другую, то проста ўздоўж, на дне, спалі ягоныя салдаты: бітыя - ды не забітыя, як ён сам, латаныя- пералатаныя, але жывыя салдаты. Як кажуць, сам чорт ім не брат!..

 ...Махарадзэ і Разумневіч сцішыліся. Кето ляжаў дагары, гледзячы на лянівы ход аблокаў у небе. Міхась, прыхінуўшыся спінай да аголенага кораня сасны, задуменна глядзеў удалячынь, туды, дзе, на ягоную думку, быў родны Мінск. І кожны ў гэтую хвіліну думаў пра сваё.

- Заспявай, Кето: хутчэй час пройдзе, - папрасіў Разумневіч.

- Давай разам...

Над прыціхлым акопам залунала ледзьве чутная мелодыя. У песні пакуль не чулася слоў. Кето ціха, з асцярожнасцю, выцягваў матыў, нібы прымерваўся: ці тая ўзята інтанацыя? Але Крушына быў упэўнены: сябры зараз запяюць тую самую песню, што пелі салдаты-грузіны ў запасным палку напярэдадні адпраўкі на фронт маршавай роты. За чатыры "шпітальныя" месяцы, праведзеныя, у асноўным, у Тбілісі, Сцяпан лёгка асвоіў паўсядзённыя грузінскія словы, і гэта дапамагала яму ўлавіць сэнс песні-легенды...

 /i/content/pi/cult/213/2614/15-2.gif

...У старажытныя часы на Грузію часта нападалі паўднёвыя суседзі, несучы з сабой смерць і разбурэнні. Каб выратаваць сваю краіну ад нашэсцяў і разарэння, вырашылі грузіны пабудаваць непадступную крэпасць. Шмат разоў, у той самы момант, калі сцены былі амаль гатовы, злыя сілы скідвалі шматпудовыя камяні ў бездань. Жах ахапіў людзей. Толькі адна чараўніца сказала, што сцены будуць стаяць, калі ў іх замуруюць сына царыцы - чароўнага юнака па імені Зураб. Лепшага за яго танцора ці спевака не было ва ўсёй краіне. І Грузію ахапіў адчай: людзі вельмі любілі гэтага хлопца. Ён сам падняўся на рэшткі разбуранай сцяны, пакланіўся сваёй зямлі на ўсе чатыры бакі і загадаў будаўнікам закладваць яго каменнем...

 Кето і Міхась працягвалі спяваць удвух пра тое, як плакала маці Зураба. На высокай здвоенай ноце песня абарвалася, а потым узнікла нанова, але цяпер спяваў адзін Разумневіч, голасам тонкім, падобным на жаночы, прасякнуты смуткам і болем:

- Швіло, швіло, швіло Зурабі ("Сынок, сынок, сынок Зураб"), як ты сябе пачуваеш?

 І ледзь толькі Разумневіч сціхнуў, ускінуўся на локці Махарадзэ і адказаў яму моцным цвёрдым голасам:

 - Мамачка, дарагая, заклалі мяне па пояс, ціснуць камяні на мае ногі...

 ...Кулямётчык Ванюшачкін прыпадняўся, абцёр даланёй мокрую шыю, змежыўшы вочы ад яркага сонца, запытаў напаўголасу Крушыну:

- Пра што яны, камандзір?

- Пра подзвіг грузінскага юнака. Слухай, пасля распавяду. "Швіло, швіло, швіло Зурабі, як ты сябе пачуваеш?" - высока, з яшчэ большым смуткам, выводзіць Разумневіч. Кето з нейкім надрывам адказаў: "Закладаюць мне галаву. Сышло сонца, не бачна гор, цяжка дыхаць. Бывай, мама, бывайце, людзі!.."

Песня замерла, вытрымліваючы паўзу... Але даспяваць да канца так і не ўдалося. Адзін з дазорцаў кінуўся да сяржанта:

- Танкі!!!

 Фашысцкія танкі шлі справа з лесу неглыбокай лагчынкай. У шлейфах пылу ўгадваліся фігуры пехацінцаў. Крушына прыціснуўся да байніцы, падумаўшы пры гэтым, што правільна загадаў падрыхтаваць акопы ў поўны профіль. Вось зараз гэта вельмі спатрэбіцца. Зашпіліўшы гімнасцёрку на ўсе гузікі, расправіў складкі пад рэменем, нібы рыхтаваўся на страявы агляд. Толькі пасля гэтага скамандаваў:

 - Да бою!

 Бывалыя салдаты раскладвалі ў нішах, вырытых у брустверы, абоймы з патронамі, запасныя дыскі для аўтаматаў, гранаты. Гледзячы на іх, тое ж самае рабіла і моладзь...

...Даўгалыгі Ванюшачкін, прыклаўшы да лоба руку казырком, пашукаўшы другой у кішэні, знайшоў кавалачак цукру, абдуў яго з усіх бакоў, адкусіў з хрустам і толькі пасля гэтага сказаў:

 - Камандзір, а танкі, здаецца, улева туляцца. З чаго б гэта? А вось канава ім шкодзіць. Танкісты яе ў свой час не заўважылі. Траўка там вымахала - цуд! Скочыць туды і да самых танкаў паўзці - чорта лысага нехта заўважыць! Можам паспрабаваць? Пакуль яны нас прасаваць не пачалі...

 - Пачакай крыху. "Богі вайны" аганьку абяцалі.

- Добра б, ды пагусцей-пагусцей, як любіла прыгаворваць мая матуля. Толькі бацька мяне вучыў: "Бог он и есть Бог, да и сам не будь плох". Калі што - я пайду па той канаве. Дужа ж не люблю, калі над маёй галавой танкі круцяцца. Так і да смерці заціснуць могуць, падлюгі. І яны ж, гады, гэтага нават не адчуюць. А калі я іх гранатай супрацьтанкавай аблашчу, дык адразу ж маму родную згадаюць!

- Пачакаем, паглядзім! Ты лепш за пяхотай паглядвай: бачыш, колькі іх там.

У бінокль Крушыну было бачна: галаўны танк рушыўна метраў сто наперад, стаўшы вастрыём кліна. І ў гэты момант аднекуль ззаду пачуўся гарматны выстрал. Побач з галаўным танкам узвіўся чорны султан выбуху. Астатнія ж адразу дадалі хуткасці. Пяхота, наадварот, адстала. Тэлефаніст нервова паўтараў у трубку перададзеныя старшым сяржантам даныя аб разрывах снарадаў. Прагрукатала ўся батарэя. Залп аказаўся паспяховым. Адзін з танкаў зацягнула дымам. Наступным залпам прыціснула да зямлі пяхоту.

- Таварыш нуль дзевяты! - крыкнуў у тэлефонную трубку Крушына. - Парадак! Адзін гарыць. З лесу яшчэ чатыры танкі выскачыла. Ідуць на вялікай хуткасці...

 Ванюшачкін, які да гэтага ўважліва назіраў за машынамі, што пераадолелі ўжо палову поля, сказаў Разумневічу:

- Мы ім пакуль не патрэбны. Спачатку з артылерыстамі пагавораць, а пасля за нас возьмуцца. Адчувае маё сэрца: сёння будзе спёка! Дарэчы, а як гэтыя, "зялёныя"? - Ванюшачкін кіўнуў галавой на маладых салдат. - Яшчэ не ўседзяць у акопе: таго і глядзі, каб "драп-марш" не зрабілі. Тут іх, як перапёлачак, і пашчоўкаюць.

Кето ўважліва прыслухоўваўся да слоў бывалага салдата: так, атрымліваецца, "старычкі" не дужа спадзяюцца на маладых. Але Ванюшачкін мае рацыю: калі танкі дасягнуць акопа, то мала хто застанецца ў жывых. Сяржант па тэлефоне таксама пра гэта гаварыў, праўда, крыху па-іншаму, але Кето ўсё зразумеў...

- Паша! - раптам закрычаў Ванюшачкін.- Глядзі: танк бок падставіў. Урэж яму, мо і гэты закапцее! - І тут, змяняючыся ў твары, схапіў Крушыну за руку. - Што гэта ён? Хіба з глузду з'ехаў?

Крушына адарваўся ад бінокля і глянуў туды, куды паказваў Ванюшачкін. Махарадзэ ў некалькі скокаў дабраўся да канавы, схаваўся ў густую траву і, сціснуўшы ў руцэ супрацьтанкавую гранату, вужом папоўз насустрач галаўному танку.

 -Кето, назад! - крыкнуў Разумневіч, паглядваючы на камандзіра, нібы пытаючы вачыма, што рабіць.

А Крушына і сам не ведаў, што рабіць. Вярнуць Махарадзэ ўжо немагчыма. Цяпер трэба прыдумваць, як яму дапамагчы. У тым, што Кето падарве танк, Крушына не сумняваўся: на вучэбным полі ў запасным палку той лепш за ўсіх кідаў супрацьтанкавыя гранаты па макетах. Але ж за танкамі ідзе пяхота...

Як заўжды ў хвіліны вострага напружання, думка працуехутка і дакладна: трэба зараз жа выправіць кагосьці, каб прыкрыў Махарадзэ ў выпадку, калі гітлераўцы яго заўважаць. Каго ж адправіць?

 - Разумневіч! - крыкнуў Крушына і паказаў рукой на Кето.

 Той, нібы толькі і чакаў гэтай каманды, адразу ж пераскочыў праз бруствер і схаваўся ў канаве.

"Цяпер час выклікаць агонь на сябе, хоць ненадоўга адцягнуць увагу ворага ад салдат", - падумаў старшы сяржант. І, ужо не тоячыся, устаў ва ўвесь рост, скамандаваў цвёрда і жорстка:

- ПТР- па галаўным танку, стралкі - па пяхоце! Агонь!

 Варожыя дэсантнікі гэтага ўдару не чакалі. Да таго ж, агонь аказаўся даволі дакладным і шчыльным. Пяхота залягла. Чарговы залп палкавой батарэі накрыў яшчэ адзін танк. Але астатнія працягвалі рух у накірунку акопа. Цяпер ужо было ясна: фашысты не пройдуць міма. Галаўны танк набліжаўся да таго месца, дзе ляжаў Кето. Сцяпан Крушына напружана ўглядаўся ў бінокль. Ужо час кідаць гранату, а Махарадзэ не спяшаўся, відаць, хочучы падпусціць ворага бліжэй.

 І вось Кето, нібыта ў адказ на камандзіраў неспакой, ускочыў, кінуў гранату ў танк і ўпаў. Пад левай гусеніцай бліснула кароткая ўспышка разрыву. Танк развярнуўся і замёр.

- Паша, не расхалоджвайся: лепей не будзе!- закрычаў Крушына. І тут жа выбухнуў рэзкі стрэл супрацьтанкавага ружжа. Сцяпан бачыў, як трасёр бранябойна-запальнай кулі літаральна ўпіўся ў борт танка - акурат там, дзе знаходзіліся паліўныя бакі. З машыны паваліў дым.

 - Гарыць, гарыць! - радасна закрычаў Ванюшачкін і выпусціў па пяхоце доўгую чаргу.

Міхась і Кето ўдарылі з аўтаматаў пяхоце ў фланг. Але Крушыну не надта цешыў поспех гэтай вогненнай пасткі: дужа далёка былі ягоныя падначаленыя. У выпадку ўскладненняў дапамагчы ім будзе няпроста. Прадчуванні старшага сяржанта апраўдаліся вельмі хутка: у бінокль ён убачыў, што з-за падбітага танка, пад прыкрыццём дыму, падпаўзлі да нашых хлопцаў некалькі фашысцкіх салдат.

 У той самы момант ручны кулямёт Ванюшачкіна, нібы папярхнуўшыся, змоўк.

- Што там у цябе? - са злосцю ў голасе крыкнуў Крушына.

 - Заела. Напэўна, разрыў гільзы.

 Гэта бяда... Без кулямёта тых фашыстаў, што падбіраліся з тыла да Кето і Міхася, не дастаць. Крушына ў адчаі выпусціў доўгую чаргу з аўтамата,але гітлераўцы працягвалі паўзці. Кулямётчык таксама заўважыў бяду, якая немінуча рушыла на іх:

 - Схопяць, гады, а, камандзір?..

 - Не дадзім, - спешна адказаў Крушына і тут жа з усёй відавочнасцю зразумеў: адзіны спосаб выратаваць сваіх падначаленых - зрабіць імклівы кідок наперад.

Фашысты прыстраляліся тым часам да пазіцыі ўзвода, і міны падалі ўжо ля самага акопа. Некалькі салдат ужо былі паранены, ды астатнія, нягледзячы на візгат асколкаў і куль, працягвалі страляць па варожай пяхоце. Яны вытрымалі гэты, першы для іх, бой.

Крушына крыкнуў:

 - За мной, хлопцы! - і, пераскочыўшы праз бруствер, пабег да таго месца, дзе стралялі Кето і Міхась.

Крушына краем вока паспеў заўважыць, што некалькі яго падначаленых падняліся ў атаку, і быў упэўнены: астанія салдаты таксама не адстануць ад камандзіра.

Фашысты ўжо былі зусім побач з Міхасём і Кето. Крушына ўскінуў аўтамат, націснуў на спускавы кручок, на затвор, але той, нібы кашлянуў, глуха лязгнуў. Скончыліся патроны, а перазараджаць няма калі. Гітлераўцы наваліліся на Разумневіча. Міхась нейкім цудам праз галаву скінуў са сваёй спіны варожага салдата, але не паспеў падняць аўтамат, як іншы фашыст ударам прыклада па касцы аглушыў яго. Гітлераўцы стараліся завесці рукі Разумневіча за спіну і звязаць іх. А непадалёк ад яго нерухома ляжаў Кето. З танка, запаленага дакладным выстралам Пашы, вылез танкіст. Ён спачатку кінуўся на дапамогу пехацінцам, што змагаліся з Разумневічам, але, пабачыўшы Сцяпана і яго салдат, выхапіў гранату з доўгай драўлянай ручкай, таргануў шнурок і замахнуўся...

І ў тое ж імгненне паранены Кето адарваўся ад зямлі, зрабіў неверагодны кідок, наваліўся на танкіста і прыціснуў яго да зямлі... Разрыў гранаты пад цяжарам двух целаў не пашкодзіў нашым салдатам.

...Кето паміраў. Высока ў небе, напалоханыя шумам бою, кружылі буслы. Калыхнуліся густыя чорныя вейкі грузінскага юнака. Ён крыху расплюшчыў павекі і ўбачыў у апошнія імгненні свайго жыцця беларускіх птушак. Можа, пазнаў у іх сваіх старых сяброў - горных грузінскіх арлоў. Вусны салдата здрыгануліся. Сцяпан, стоячы на каленях каля галавы Кето, з цяжкасцю разабраў яго апошнія словы:

- Швіло Зурабі...

Марат ЯГОРАЎ