Пасланне нашчадкам

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Да сённяшняга часу даследуюцца матэрыялы пра абаронцаў Айчыны, што без вестак зніклі пад час баявых дзеянняў. Бясспрэчна, для іхніх родных гэтая інфармацыя — надзвычай каштоўная. Чарговы шанц атрымаць дапамогу ў пошуку сваіх блізкіх можна будзе пад час выстаўкі паштовак часоў Вялікай Айчыннай вайны са збору Нацыянальнага музея гісторыі і культуры Беларусі “Ваенныя, суровыя, простыя…”, якая 17 чэрвеня адкрылася ў “Доме-музеі І з’езда РСДРП”.

 На выстаўцы экспануюцца паштоўкі, паштовыя карткі, адкрытыя лісты, што зваліся франтавымі. На адваротным баку некаторых паштовых картак можна прачытаць кранальныя, напоўненыя простымі чалавечымі пачуццямі, тэксты. Паштоўкі, прадстаўленыя на выстаўцы, выпушчаны, у асноўным, у 1942 - 1943 гадах у гарадах, не занятых фашысцкімі акупантамі. Ёсць асобнікі, датаваныя першымі месяцамі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама пераможнымі месяцамі 1945-га. Несумненны інтарэс выклікаюць так званыя літаратурна-музычныя паштоўкі, дзе друкаваліся тэксты франтавых і лірычных песень, вельмі часта - з нотамі. Апрача гэтага, у межах святкавання 65годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у філіяле "Дом-музей I з'езда РСДРП" сумесна з пошукавым атрадам "Віккру-Мінск", за 15 гадоў дзейнасці якога былі вызначаны імёны звыш чатырох тысяч чырвонаармейцаў, будзе аказвацца дапамога ўсім жадаючым у пошуку інфармацыі пра салдат, якія загінулі ў Вялікую Айчынную.