Рынг для пратуберанца

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Валерый РАЕЎСКІ: “Сыграў бы Ромула і Праспера” 20 чэрвеня Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы збірае ўсіх прыхільнікаў творчасці народнага артыста Беларусі, рэжысёра Валерыя Раеўскага. У гэты дзень мэтр айчыннай рэжысуры, з чыёй творчасцю звязана жыццё Купалаўскага тэатра на працягу некалькіх апошніх дзесяцігоддзяў, адзначае свой 70-гадовы юбілей. І сёння Валерый РАЕЎСКІ — у нашай V.I.P.-гасцёўні.

 /i/content/pi/cult/213/2612/13-1.gif

 Чаго чакае глядач?

 - У розныя часы многія спрабавалі вызначыць, што такое тэатр. Адны згаджаліся: гэта - кафедра, з якой можна шмат добрага сказаць свету, іншыя параўноўвалі яго з хваробай, што "палоніць" на ўсё жыццё... А якая "формула" тэатра больш блізкая вам, Валерый Мікалаевіч?

- Я назваў бы гэта цяжкай працай. У людзей старонніх часта складваецца ўражанне: маўляў, што яны ў тым тэатры робяць? Іграюць спектаклі, потым прыходзяць дадому, ядуць, кладуцца спаць, а раніцай прыходзяць у тэатр, рэпеціруюць, зноў іграюць спектаклі... Але калі павярнуць "фары" ў іншы бок і высвеціць сутнасць тэатра як прасторы пакут за чалавецтва, мы выходзім на новае, касмічнае, мысленне і разуменне тэатральнага мастацтва. І, дарэчы, тая ж Еўропа сёння зноў адыходзіць ад лёгкага забаўляльнага жанру ў бок сур'ёзных тэм, да жадання і неабходнасці звяртацца да свядомасці грамадства.

- Але ж акурат тыя самыя "староннія людзі" могуць вам сказаць: паводле статыстыкі, тэатр наведвае ўсяго толькі 2- 5 працэнтаў насельніцтва зямнога шара...

 - Цалкам справядліва. І менавіта таму я не бяру на сябе адказнасць гаварыць, што тэатр - гэта ўстанова, пакліканая для таго, каб толькі вучыць, як жыць. Гэтак жа з глузду можна з'ехаць, каліцябе будуць вучыць жыццю паўсюль, нават у тэатры! Я задаю сустрэчнае пытанне: чаго ад тэатра жадае глядач, які сюды прыходзіць?

 - І вы знайшлі на яго адказ?

 - Так: ён, глядач, хоча весялосці. Разумею, што ў такім рэжыме нам вельмі складана паралельна існаваць. І сур'ёзны тэатр усведамляе: у гэтай сітуацыі неабходна крышачку змякчыць пазіцыю, інакш - страціш гледача. Зрэшты, любы тэатр думае пра тое, як зрабіць добрую прэм'еру, але ж гэты поспех не заўсёды можна пралічыць і прадбачыць... На Чэхаўскім фестывалі ў Маскве мяне незвычайна ўразіў сваім спектаклем французскі тэатр "Зінгаро", у аснове якога ляжыць злучэнне дзвюх стыхій - жывёльнага свету і людскога. На сцэне - нястрымная і прыцягальная стыхія: каля паўсотні прыгожых, магутных коней, калона вады, што на працягу ўсёй дзеі пераліваецца сіне-зялёным колерам, - у фінале пад яе струменем адпачываюць гэтыя жывёлы. А побач з імі бесклапотна і бяздумна весяліцца чалавецтва. Неверагодна прыгожае дзейства! І, разам з тым, магутная асацыятыўнасць: пад час спектакля мне не давала спакою памяць пра дзесяцігадовай даўніны трагедыю на Нямізе...

У вобразнай структуры

- З чаго для вас фарміруецца паняцце тэатральнага іміджа? І хто, на вашу думку, для тэатра важнейшы: "звычайны" глядач, які прыходзіць на спектаклі штодня і пакідае ў касе тэатра свае грошы, ці аўтарытэтныя знаўцы мастацтва?

- На мінулай "Панараме" я паглядзеў бліскучых гогалеўскіх "Гульцоў" у рэжысуры Сяргея Жэнавача, і калі пасля спектакля выйшаў на сцэну, каб павіншаваць калектыў, з усёй шчырасцю сказаў, што ўпершыню бачыў настолькі элегантны спектакль. І я не прыхарошваў. Але ведаю, што былі і тыя, хто палічылі спектакль несур'ёзным, не вартым увагі. Я стаўлюся да гэтага спакойна: у кожнага - уласны жыццёвы і эмацыянальны багаж і розныя ўяўленні пра тое, якім павінен быць сам тэатр. Але ж гледачы мусяць быць і такія, і гэткія.

 - Значыць, глядач патрэбны для ўраўнаважвання і развіцця тэатра? А як жа высокая місія?

- У іншым выпадку, калі не будзе гэтага імкнення да адзінства, адчування агульнай мовы, чалавек проста не пойдзе ў той тэатр. Ён выбярэ больш блізкае і зразумелае. Тэатр валодае магутнай вобразнайструктурай, уласцівай толькі яму. Дзе заўгодна шэкспіраўскі геній ставіць шыльду з надпісам "Лес", а далей - самі дадумваеце: вы ж у тэатры. Зрэшты, існуюць розныя тэатры: адны гавораць аб вечнасці, іншыя жывуць днём сённяшнім і заклікаюць не забіваць уласныя галовы. Ды і навошта перагружаць сябе ўсялякімі філасофіямі, асабліва сёння, - часу і так няма. Тым больш, што тэатр па прыродзе сваёй шмат у чым неспасціжны, ён увесь час выслізгвае ад цябе. Між намі кажучы, я дрэнна люблю тэатр, і гэта не какецтва. Хаця памятаю, як мы з Барысам Луцэнкам выпраўляліся "прабівацца" ў Маскву. Ехалі паасобку, я- дабіраўся з нейкім ягоным сваяком на матацыкле. Выехалі з Рыгі, па дарозе заблукалі і вырулілі на Оршу... Я страшэнна перамёрз, грошы, што былі ў мяне, я ўсе праеў-прапіў па дарозе, таму калі той сваяк ссадзіў мяне са свайго матацыкла ў Кунцаве і развітаўся, у маёй кішэні заставалася 5 капеек - акурат на метро...

 - Гэта ўжо амаль як у Ламаносава атрымліваецца? Дарэчы, заўсёды цікава, азірнуўшыся назад, успомніць, што ж стала тым самым штуршком, які прыводзіць у прафесію, вызначае ўсё наступнае творчае жыццё. Нават прытым, што ў тэатралаў у большасці сваёй распаўсюджаны два "сцэнарыі": адзін- "я з самага дзяцінства займаўся ў тэатральных гуртках", і другі - "ніколі не думаў, што давядзецца"...

 - У маім выпадку - гэта магутнае ўражанне ад тэатра Юрыя Любімава, якое на некаторы час проста пранізала мяне высакавольтавай маланкай. Пасля яго "Добрага чалавека з Сычуаня" я выйшаў увесь у слязах. Мяне ўразіў гэты спектакль, і я плакаў ад таго, як яны могуць так існаваць на сцэне, бо гэта ўжо была не ігра, а штосьці іншае! Я бязмерна паважаю такі тэатр. Больш за тое, за такое мастацтва я гатовы галасаваць рукамі і нагамі, і прамяняць яго на многае: лепей адзін такі тэатр, чым шмат "розных". Бо ўсведамляеш: калі з'яўляецца такі пратуберанец - тады становіцца слёзна радасна.

 Адпусціў "лейцы любові"

- Думаю, у любой прафесіі, нават у самага паспяховага і запатрабаванага чалавека, часам наступае пэўная "пара сумненняў"...

- Я разумею, што тэатр - гэта, у першую чаргу, энергія. Калі энергіі няма ці недастаткова, - усё. Мяне спасціг гэты ўдар два з паловай гады таму, калі я перанёс складаную аперацыю. Прырода сказала мне: хопіць, стары, супакойся. Я раптам адчуў, што з'явілася нейкая трэшчына ў маёй самотнай тузе па дасканаласці. Падумалася: а ці можа існаваць гэтая дасканаласць? І навошта яна? Міжволі даводзілася скочвацца ў багну свядомасці, а тут, канешне ж, усё жорстка, празаічна і зусім не так цікава, як у падсвядомасці. А заглыбляючыся ў гэтую свядомасць, ты ўжо не бачыш нічога іншага... Гэта сыграла вялікую ролю, і я на некаторы час адпусціў свае "лейцы любові"...

- Сваім студэнтам што вы кажаце: якія якасці і рысы характару галоўныя для іх як для рэжысёраў?

 - Рэжысёр - гэта, перш за ўсё, лідэр. Прафесія абавязвае ўвесь час знаходзіцца "на рынгу", і гэта ў любым выпадку - поспеху ці падзення - цяжкая праца. Таму ў першую чаргу рэжысёр павінен валодаць талерантнасцю. Ён павінен не дазваляць расхістаць човен, дзе ён усё жыццё вяслуе адным вяслом. Яшчэ да гэтага проста неабходна дадаць такт, славалюбства, дэмагогію... - У якім сэнсе вы кажаце пра дэмагогію? - У самым добрым, прыродным яе сэнсе. Дэмагогія - гэта ўменне знайсці такія словы і інтанацыі, каб тыя ж акцёры маглі паверыць табе і ў цябе, як у саміх сябе. Лічу, што гэтым мусіць валодаць любы рэжысёр. Вось Юрый Любімаў у гэтым ас.

 - Ёсць такое меркаванне, што кожны творца ўвасабляе ў сваіх работах у пэўнай ступені самога сябе. Калі браць вашы спектаклі, пастаўленыя ў розныя часы, пра каго з персанажаў вы можаце сказаць: гэта - я?

 - Я б з задавальненнем сыграў Ромула ў "Ромуле Вялікім" Дзюрэнмата - гэта мая і Аўгуста Мілаванава роля. Увогуле, акцёры заўважаюць, што я сапраўды мог бы іграць на сцэне. Яшчэ - Праспера з "Буры". Вось, на мой погляд, два магутныя вобразы, здольныя з розных бакоў падыйсці да разумення свету: адзін з іх - шэкспіраўская стыхія, другі глядзіць на свет сумным, цвярозым позіркам...

 - Што ж вас спыняла перад выхадам на сцэну ў якасці акцёра?

- А я іграў у тэатры на Таганцы, праўда, толькі дробныя ролі. У "Пугачове" замяняў Барыса Хмяльніцкага. І, мушу сказаць, чытаў вельмі дакладна: сам адчуваў. Але гэта... іншы свет. Нават такі вялікі паэт, як Пушкін, мог у моманты творчасці дазволіць сабе некаторую хвіліну адпачынку. Але каліты як акцёр выходзіш на сцэну - ты на гэта права не маеш, бо мусіш трымаць закладзеную ў твор энергетыку, што становіцца тваім абавязкам і тваёй прытчай, якую ты мусіш расказаць людзям у зале.

 Які акцёр "зручны"?

- Такім чынам, спектакль - гэта ўвасоблены праз акцёраў вынік вашых пэўных жыццёвых і філасофскіх разважанняў. А як жа творчы пошук і спасціжэнне тых ці іншых рэчаў непасрэдна ў працэсе працы над спектаклем?

 - Я заўважаю, што акцёры ў большасці сваёй не любяць рэпеціраваць. Маўляў, усе - дарослыя людзі: скажы, што трэба, - і мы зробім. Я, шчыра кажучы, люблю такіх акцёраў. Неяк мы былі ў Англіі, у Стратфардзе-на-Эване, дзе нарадзіўся Шэкспір. Пасля рэпетыцыі першай дзеі ў Пітэра Брука сабраліся ў парку. Брук пра нешта размаўляў з Таўстаногавым, побач у сажалцы плавала велізарная плотка, якую ў Англіі ніхто не ловіць, і раптам ён запытаў: "Георгій, як ты лічыш, хто лепшы на сцэне: той, хто пастаянна трэпле табе нервы, хоць ён і добры акцёр, ці чалавек спакойны?" І Таўстаногаў на першае месца паставіў чалавечыя якасці.

 - "Зручнага" акцёра?

 - Так, і мы ўсе яго зразумелі. І я выбраў бы тое самае. Мне вельмі падабаецца працаваць з Аўгустам Мілаванавым, цудоўна - з Генадзем Аўсяннікавым. З апошнім, праўда, бывала цяжэй: у пэўны момант яго ператварылі ў "макаёнкаўскага" акцёра, хаця ён нашмат цікавейшы, больш глыбокі і шматфарбны. І Аўсяннікаў, адчуваючы гэты груз штампа, пачынаў змагацца з ім. У адзін момант мне падалося, што ён стаміўся, але я, на шчасце, памыліўся: Аўсяннікаў адрадзіўся, і я відавочна адчуў ягоны рост у тым калідоры роляў, што зараз даступныя яму. Я бачу акцёра, які валодае энергетыкай і здольны прымусіць любога гледача прыслухацца да сябе. У яго - свая "музыка". Вазьміце хаця б апошнюю яго ролю ў "Вяселлі"!

- Ведаю, што, акрамя тэатра, немалую ролю ў вашым жыцці займае рыбалка, якую ніяк не паварочваецца язык назваць хобі.

- Рыбалка дае неверагодную разняволенасць! На яе мы збіраемся кампаніяй, і хаця ў розны час да нас трапляюць розныя людзі, касцяк застаецца нязменны. Я шчаслівы, што Мілаванаў нарэшце навучыўся вудзіць рыбу: лічу, што ён прадоўжыў сабе гэтым жыццё на некалькі гадоў. А то колькі можна было чакаць, пакулья зніму рыбіну з кручка і аддам яму смажыць? Коля Кірычэнка таксама захоўваў вернасць рыбалцы, нават набярэжную на лецішчы будаваў, пакуль не стаў дырэктарам. А аднойчы мы разам налавілі проста неверагодную колькасць плоткі і прывезлі ў Мінск (гэта было яшчэ да Чарнобыльскай трагедыі) два мяшкі вяленай прыпяцкай рыбы. Хлопцы падтрымалі мяне, і я проста на сходзе трупы раздаў кожнаму акцёру па звязцы штук у 25 - 30 рыбін.

- Атрымліваецца, што рыбалка - гэта той жа тэатр? Хто ж тут тады - рэжысёр, акцёры, а хто- гледачы?

- Цяжка сказаць. Гэта ўжо філасофскае пытанне...

 Гутарыла Таццяна КОМАНАВА

Фота Юрыя ІВАНОВА