Інструмент падназвай “хор”

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Гэтымі днямі хормайстар узорнага хору хлопчыкаў Светлагорскай школы мастацтваў Галіна Ур’еўская-Еўсюкова прымае віншаванні: ейныя выхаванцы ў польскім Беластоку на 28-м Міжнародным конкурсе праваслаўных духоўных песняспеваў “Hajnowka-2009” атрымалі дыплом 2-й ступені, саступіўшы першынство толькі юным харысткам з Кіева.

/i/content/pi/cult/213/2609/12-7.gif

 Між іншым, другая частка прозвішча Галіны Львоўны - таксама "хормайстарская". Яе муж Аляксандр Еўсюкоў - выдатнік асветы СССР і Рэспублікі Беларусь - у свой час кіраваў у Мінску славутым узорным хорам "Журавінка". Гэта пасля яго пераезду ў Светлагорск малады горад будаўнікоў, хімікаў, нафтавікоў стаў яшчэ і спеўным горадам. З'явіліся гастрольныя маршруты, аб якіх юныя светлагорцы нават і не марылі. Яны з сенсацыйным поспехам пачалі выступаць на міжнародных фестывалях. Былі і сольныя канцэрты ў Мінску. Ды і сам Светлагорск стаў горадам, куды з вялікім задавальненнем пачалі прыязджаць славутыя харавыя калектывы. Пачало ладзіцца і "Спеўнае поле", прысвечанае Дню Перамогі, іншым гістарычным падзеям. І вось - яшчэ адзін міжнародны поспех. Атрымаць дыплом 2-й ступені на конкурсе 28 хораў з 11 краін свету - гэта, шчыра кажучы, творчы подзвіг. Узорны хор хлопчыкаў скарыў спецыялістаў пранікнёным акапэльным выкананнем праваслаўных вакальных твораў кампазітараў А.Хлебнікава, Д.Бартнянскага, М.Кедрава, П.Часнакова, А.Архангельскага. Пра гэта і гаварыў прафесар Варшаўскай кансерваторыі Рамуальд Твардоўскі, уручаючы Галіне Львоўне заслужаную ўзнагароду. - Праваслаўная частка нашага рэпертуару стала плёнам натхнёнай працы на працягу года, - тлумачыць Галіна Львоўна. - Перад ад'ездам у Польшчу мы паказалі сваю конкурсную праграму прыхаджанам мясцовых храмаў і атрымалі блаславенне іх настаяцеляў. Пытаюся аб спецыфіцы працы з харавым калектывам хлопчыкаў і юнакоў. - Харавыя спевы a-capella патрабуюць вышэйшага, можна сказаць, элітнага майстэрства. Нам дапамагло і тое, што мы напярэдадні ўдала выступілі ў міжнародным конкурсе праваслаўнай духоўнай музыкі, які праходзіў у Мінску, і дзе мы, як кажуць, не згубіліся сярод 54 хораў краін Еўропы і сталі дыпламантамі. Што ж да хлопчыкаў, дык яны, калі іх зацікавіць, здольныя ствараць вакальныя цуды. Мне неаднойчы даводзілася чуць выступленні выхаванцаў Галіны Львоўны, і магу засведчыць: іншым разам здаецца, што ў хоры спяваюць адны салісты, хаця і ведаю, што імі з'яўляюцца толькі Мікіта Манько і Юра Пузыроў. - О, каб жа ўсе ў хоры былі салістамі! - смяецца хормайстар. - Гэта быў бы ідэальны варыянт. І да гэтага трэба імкнуцца. Яна ўдакладняе: афіцыйным крэда яе харыстаў сталі словы "Мы- адзін вялікі інструмент". Што ж да традыцый беларускага харавога мастацтва, то Ур'еўская-Еўсюкова пераканана: многае залежыць ад саміх кіраўнікоў харавых калектываў. А каноны акадэмічных спеваў - агульныя: высокі прафесіяналізм, пранікнёнасць, эмацыйнасць, пластычнасць выканання. Гэтаму трэба заўжды вучыцца. І яна вучыцца: не толькі ў Аляксандра Еўсюкова, але і ў Алы Ігуменавай з Брэста, хор якой лічыцца адным з лепшых у свеце, у кіраўніка рэспубліканскага каледжа пры Акадэміі музыкі Уладзіміра Глушакова.

Ізяслаў КАТЛЯРОЎ

 Светлагорск

На здымку: узорны хор хлопчыкаў Светлагорскай школы мастацтваў і хормайстар Галіна Ур'еўская-Еўсюкова.