Басанож па акіяне да зоркі

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Першы Сусветны фестываль-конкурс “Славянская зорка-2009”, што прайшоў у Маскве, прынёс бліскучую перамогу беларускай спявачцы Каці Оўшэн. Яна атрымала Гран-пры і была ўзнагароджана медалём “За прафесіяналізм”.

/i/content/pi/cult/213/2606/9-4.gif

Фестываль ахопліваў два розныя конкурсы - вакалістаў і харэаграфіі. Арганізатарамі выступілі Сусветны цэнтр музычных жанраў "BEST", Усерасійскі выставачны цэнтр, Міжнародны саюз музычных дзеячаў, Музычнае таварыства Масквы, ГИТИС і Маскоўскі акадэмічны тэатр сатыры. Надалей "Славянская зорка" будзе праводзіцца ў розных краінах. Так, у снежні - студзені плануецца правесці гэты фестываль у Ізраілі, у красавіку - у Якуціі. А ці зменіць у чарговы раз свой псеўданім і імідж Каця Оўшэн? Каця Іўліева, якая спявала з 5-ці гадоў, ператварылася спачатку ў Эрыку, потым - у Ніколь (і, адпаведна, спявала пераважна французскамоўныя песні Леаніда Шырына). Нарэшце, літаральна на пачатку гэтага года, яна стала "акіянам" - менавіта так перакладаецца ейны цяперашні сцэнічны псеўданім. - Асаблівасцю вакальнага конкурсу, - расказала Каця Оўшэн, - было тое, што ўсе тры песні выконваліся не толькі ў адзін дзень, але і практычна запар - з перапынкам у некалькі хвілін, пакуль ідуць наступныя два нумары. Іншымі словамі, часу - каб ледзь толькі пераапрануцца. Праспяваўшы першую песню, я кінулася за кулісы і літаральна на хаду пачала здымаць басаножкі. Але маё выкананне так спадабалася, што мяне сталі выклікаць на паклон. Так і давялося выбегчы на сцэну басанож... На конкурсе Каця Оўшэн выконвала англамоўны шлягер з рэпертуару Сціва Уандэра, рускамоўную песню на ўласныя словы, напісаную Леанідам Шырыным, з якім яна супрацоўнічае апошнія пяць гадоў, і беларускамоўны блюз "Дзівосны сон". Ці не гэтая песня "прадказала" перамогу?