Фармат выпрабавання на сталасць

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне адбыўся 10-ты раз. Але юбілей стаў нагодай не толькі для падвядзення вынікаў — спалучэнне адзінкі і нуліка прывяло да новага старта. Упершыню свята прайшло ў новым “фармаце”: зведзенае да аднаго дня, але з яшчэ большым разгортам — запрашэннем салістаў і калектываў з абласных філармоній. Гэта традыцыя прадоўжыцца, і надалей фестываль стане збіраць нават прадстаўнікоў беларускіх суполак з замежжа.

Перамогу з песні не выкінеш, а першым было слова

 /i/content/pi/cult/213/2605/9-2.gif
 

 Упершыню на гэтым фестывалі прысутнічаў нядаўна прызначаны міністр культуры нашай краіны Павел Латушка. На гала-канцэрце ён зачытаў прывітанне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ўдзельнікам свята і падкрэсліў значнасць маладзечанскага фестывалю і конкурсу для развіцця нашай нацыянальнай культуры і раскрыцця талентаў. Перад гэтым міністр разам з начальнікам упраўлення культуры Мінаблвыканкама Анатолем Акушэвічам пабываў ва ўстановах культуры раёна і застаўся задаволены: - Уражанні ад наведвання рэгіёна вельмі станоўчыя, мне ўдалося паглядзець некалькі ўстаноў культуры. Каб так было па ўсёй краіне, гэта было б проста цудоўна. Маладзечанскі фестываль - вельмі важная традыцыя беларускай песні і паэзіі, гэта крыніца, патрэбная нашай краіне і людзям, што тут пражываюць. Культура- не проста галіна жыцця: гэта тое, што вакол нас, унутры нас, з чым мы сутыкаемся штодня. Таму вельмі важна, каб у ментальнасці нашых людзей было разуменне, што мы можам ганарыцца беларускай культурай - культурай нашага народа. Вельмі важна, каб мы ганарыліся і культурай нашых суседзяў з Усходу, Захаду, але памяталі пра свае карані. Невыпадкова адразу пасля апошняга акорда Рэспубліканскага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, калі журы яшчэ толькі збіралася падводзіць вынікі, першы намеснік міністра культуры Беларусі Уладзімір Рылатка ўрачыста засведчыў перамогу: - Ёсць перамога беларускай песні, беларускага слова, майстэрства выдатнага Нацыянальнага канцэртнага аркестра краіны, маладосці і мары пра зорную будучыню.

 Прагнозы зорнасці ў эру мужчын

 Узрастанне конкурснага ўзроўню, калі нацыянальная выканальніцкая школа яшчэ толькі складаецца (а менавіта гэты працэс адбываецца на нашай эстрадзе),- з'ява цалкам заканамерная. Але неблагі голас і выканальніцкая індывідуальнасць - рэчы кардынальна розныя. Тую розніцу паміж пачаткоўцамі і майстрам цудоўна прадэманстраваў саліст Нацыянальнага канцэртнага аркестра Дзмітрый Качароўскі, адметная кантылена якога ў фінальнай песні стала сапраўдным постконкурсным клічнікам. На конкурсе ў Маладзечне з удзельнікамі не працуюць прафесійныя стылісты, педагогі, кансультанты (а так і павінна быць на сапраўдным конкурсе, у адрозненне ад шоу-праекта), таму адразу бачна, якія ў каго мастацкі густ, творчы багаж і падрыхтоўка. Камусьці са спевакоў бракавала ўмення апранацца (эклектычна выглядала "спалучэнне" беларускіх песень, у тым ліку народных, з усходнімі сцэнічнымі строямі, прыдатнымі для танца жывата), камусьці - разнастайнасці рэпертуару (ці ж трэба ў абодвух турах прапаноўваць "песні-блізняткі"?). Здаралася, вядомыя песні-балады, песні-маналогі, адметныя сваёй драматургіяй і глыбокім зместам, гучалі, бы тая катрынка: манатонна-механічна, з пустымі вачыма, як кажуць. Але ж як літаральна прыўзняліся многія выканаўцы ў другім туры, калі выйшлі з Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны, прафесара Міхаіла Фінберга! Было бачна, што да сустрэчы са славутым калектывам яны рыхтаваліся з вялікай адказнасцю. Дый пад час выступлення адчувалі "групу падтрымкі" не толькі ў зале, але і за спінай. Яшчэ адной "групай падтрымкі" спеўнай моладзі сталі за апошнія гады арганізатары Рэспубліканскага конкурсу "БелАЗаўскі акорд": чацвёра з пяці маладзечанскіх прызёраў праходзілі "выпрабаванне на сталасць" у Жодзіне. Інтэлігентнасцю, шляхетнасцю, бездакорным выкананнем надзвычай складаных па інтанацыйнасці песень зноў скарыў гамяльчанін Дзяніс Вяршэнка (ІІІ прэмія). Абаяльнасцю, артыстызмам, разнастайнасцю (ажно да эклектыкі) спеўных і харэаграфічных стыляў - віцябчанін Глеб Лапіцкі (Прыз імя У.Мулявіна). Ужо гэтыя двое пераможцаў дазволілі вітаць прыход на нашу конкурсную эстраду "эры мужчын". Бо магіляўчанцы Улляне Шэлах (І прэмія), пры ўсёй магутнасці голасу, відавочна бракавала культуры валодання ім. А яе зямлячцы Маргарыце Халатавай (ІІ прэмія) перашкаджала надта вялікая залежнасць ад рэпертуару Ірыны Дарафеевай (хаця, прызнацца, надзвычай стыльны сцэнічны строй выканаўцы, быццам створаны з беларускай кісяі ды выцінанак, ужо сам па сабе быў годны найвышэйшай узнагароды). Шчаслівым уладальнікам Гран-пры і Прыза глядацкіх сімпатый стаў выпускнік Маладзечанскага музычнага вучылішча імя М.К. Агінскага, студэнт БДУКіМ Аляксандр Салаўёў. Не першы год назіраючы за ягонымі творчымі крокамі, магу канстатаваць: прагрэс - каласальны! Бо "за ягонай спінай" ўсе 12 гадоў, пачынаючы з дзяцінства, стаіць цудоўны кампазітар і педагог, нязменны кіраўнік эстраднай студыі "Спяваем разам" Маладзечанскага Палаца культуры Алена Атрашкевіч. Дарэчы, яе песні і прафесійны вопыт вельмі дапамаглі яшчэ адной канкурсантцы - выхаванцы Мінскага каледжа мастацтваў Галіне Клабуковай. І хаця на цяперашнім спаборніцтве Галіне, на жаль, не хапіла прэміі, спявачка запомнілася і сур'ёзным прафесійным падыходам, і, асабліва, кампазіцыямі Алены Атрашкевіч на словы Васіля Жуковіча. Дарэчы, чаму на фестывалі знікла традыцыя ўзнагароджваць кампазітараў і паэтаў? Мо хаця б народзіцца "прыз-постфактум" - за лепшую песню? Тым больш, што А.Атрашкевіч, нягледзячы на працу ў Мінску, не кінула кіраўніцтва эстраднай студыяй у Маладзечне, і яе ўнёсак у развіццё культуры рэгіёна - вельмі значны.

Белы аркуш - блакіт CD

 /i/content/pi/cult/213/2605/9-3.gif

Уладальнік Гран-пры Аляксандр Салаўёў і старшыня журы - народны артыст Беларусі, кампазітар Эдуард Зарыцкі.

 Неба над фестывальным Маладзечнам то "плакала", то падміргвала сонейкам, але "палаткі" з саламяналазова-драўлянымі вырабамі Маладзечанскага раённага цэнтра рамёстваў не зважалі на надвор'е. Паводле традыцыі, спявалі-спаборнічалі-"вершавалі" адразу на некалькіх пляцоўках. Штосьці ўзнікала нават спантанна - да прыкладу, песенны зварот да родных маладзечанцаў знакамітага кампазітара Алега Елісеенкава. На плошчы паказваў свой сольнік ансамбль "Свята". А кульмінацыяй свята стаў гала-канцэрт. Яго гама адценняў, што складалася з колераў сцэнічных строяў артыстаў, была пераважна светлай, празрыста-пастэльнай. Чым не сімвал сінявокай Беларусі, якую ахоўваюць анёлы? Сімвалічна і тое, што годным пачатковым імпульсам канцэрта сталі ансамбль "Універсум" і іншыя студэнцкія калектывы БДУКіМ, а выхаванцы кафедры харэаграфіі пад кіраўніцтвам Святланы Гуткоўскай надалі выступленням многіх артыстаў пластычную "разыначку". Бела-блакітныя фарбы канцэрта выклікалі і іншыя асацыяцыі:з белымі аркушамі паперы, на якіх народзяцца вершаваныя радкі і нотны стан, з серабрыстаблакітнымі кампакт-дыскамі - з іх загучаць новыя песні. Перажыўшы эйфарыю юбілею, прызнаемся шчыра: удалы, добра складзены і зрэжысіраваны гала-канцэрт стаў "дайджэстам" многіх іншых праектаў, сярод якіх- і "Нашы песні" АНТ, і конкурс АНТ на лепшую патрыятычную песню, канчатковы пераможца якога так і не быў вызначаны. Мо, трэба Маладзечну паклапаціцца пра ўласныя "міжфестывальныя" і "дафестывальныя" праекты? У прыватнасці, пра конкурс лепшых беларускамоўных песень, якія адразу з'явіліся б у тэле-, радыёэфіры, - абавязкова з пазначэннем іх аўтарства. Бо калі згадваць нашых творцаў толькі раз на два гады, не дзіва і забыцца на іх імёны, а то і пераблытаць, як гэта, на жаль, часам здаралася гэтым разам. Карацей, давайце рыфмаваць словамі гімна фестывалю: "Маладзечна будзе вечна!" - вечна і заўсёды, як будуць з намі вечна і заўсёды нашы мова і нацыянальная культура.

Фота Юрыя ІВАНОВА