І тэхнічны, і мастацкі

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Цэлым шэрагам прэм’ер парадуе Нацыянальная кінастудыя гледачоў сёлета і ў наступным годзе. Ужо 22 чэрвеня ў шырокі пракат выйдзе “Дняпроўскі рубеж” Дзяніса Скварцова, рыхтуюцца пабачыць свет — камедыя Аляксандра Канановіча “Грашовае дрэва” і драма Аляксандра Колбышава “Ваўкі”, чакаюцца здымкі трылера “Масакра” Андрэя Кудзіненкі… Плануецца вытворчасць і некалькіх тэлевізійных шматсерыйных стужак. Відавочна, што студыя паступова выходзіць на актыўны рэжым працы і пацвярджае статус аднаго з самых запатрабаваных вытворчых кінакомплексаў.

Пра апошняе сведчаць актыўная рэканструкцыя студыі, закупка новага абсталявання. Па словах намесніка генеральнага дырэктара "Беларусьфільма" Аляксандра Цялушкі, гаворка ідзе пра тое, што напрыканцы бягучага года студыя стане цалкам аўтаномнай і зможа выконваць абсалютна ўсе неабходныя для вытворчасці фільмаў аперацыі. А налета плануецца завяршэнне новага корпуса, пад чыім дахам аб'яднаюцца тэхнічныя падраздзяленні, якія дагэтуль месціліся ў розных будынках. Зможа студыя выпускаць цяпер і дыскі з новымі і класічнымі сваімі стужкамі.

 "Беларусьфільм", такім чынам, спадзяецца ў самы бліжэйшы час выйсці на прынцыпова іншы ўзровень - як тэхнічны, так і мастацкі. Аб тым, што апошняе цалкам магчыма, сведчыць зацікаўленасць да нашай студыі з боку замежных, у прыватнасці, расійскіх партнёраў. Ужо другі раз "Беларусьфільм" наведаў адзін з кіраўнікоў тэлеканала "Россия" Аляксандр Любімаў. Увогуле, тэлевізійная прадукцыя пад маркай беларускай студыі карыстаецца попытам на розных каналах і, як адзначае кіраўніцтва, дазваляе наладжваць вельмі прыцягальнае з эканамічнага пункта гледжання супрацоўніцтва: адзін паказ па расійскім тэлеканале амаль цалкам акупляе вытворчасць, а наступныя - ужо прыносяць прыбытак.

Калі паглядзець на спіс выпушчаных карцін і перспектыўныя планы нацыянальнага кінавытворцы, становіцца зразумела, што галоўнай тэмай застаюцца падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Дарэчы, вопыт кінематаграфістаў сведчыць: попыт на падобныя стужкі ў гледачоў не памяншаецца. Мяняюцца падыходы, фільмы становяцца ўсё больш відовішчнымі, але збочваць са свайго магістральнага накірунку студыя намеру не мае. Гэта тычыцца не толькі ігравога, але найперш - дакументальнага кіно. Менавіта рэжысёры-дакументалісты студыі "Летапіс" выпускаюць вялікую колькасць фільмаў пра вайну, увесь час пашыраючы жанравую палітру. Апошняя тэндэнцыя - фільмы-партрэты гістарычных асоб, у чыіх лёсах Вялікая Айчынная адыграла значную ролю. Як і раней, вялікай павагай нашых дакументалістаў карыстаецца партызанская тэматыка. Нягледзячы на тое, што за дзесяцігоддзі працы над стужкамі пра вайну амаль цалкам былі скарыстаны ўсе магчымыя архіўныя здымкі, што сыходзяць апошнія сведкі гістарычных падзей, праца ў гэтым кірунку перапыняцца не будзе. Як кажуць самі дакументалісты, у гісторыі вайны ёсць яшчэ шмат "белых плям" і тэм, якія чакаюць сваёй кінараспрацоўкі. А пакуль паглядзець ужо зробленыя за апошнія гады беларускія стужкі можна будзе на наступным тыдні на канале АНТ. Дарэчы, у адным з бліжэйшых выпускаў ток-шоу "Выбар" абмяркуюць самыя актуальныя пытанні нацыянальнага кінематографа.

Антон СІДАРЭНКА