Тысяча і яшчэ не адзін выхад

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Наўрад ці хто аспрэчыць той факт, што неўміручая і легендарная “Паўлінка” на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы стала своеасаблівым творчым “горнам”, праз які прайшло не адно пакаленне купалаўцаў. Прыходзілі ў трупу новыя акцёры, і спектакль гэты “амалоджваўся”, набываў новыя фарбы і адценні. Змяняліся дзяўчынкі-Паўлінкі, але на працягу доўгіх гадоў нязменным і незаменным заставаўся франт-жаніх Адольф Быкоўскі ў выкананні Арнольда Памазана.

/i/content/pi/cult/213/2603/8-1.gif
 /i/content/pi/cult/213/2603/8-2.gif
 14 чэрвеня Арнольд Кандратавіч адзначыў сваё сямідзесяцігоддзе. Але ж "пашпартная" лічба аніякім чынам не адпавядае таму творчаму запалу і магутнай энергетыцы, якую акцёр дорыць са сцэны ў кожнай са сваіх роляў цягам больш як паўсотні гадоў на сцэне Купалаўскага тэатра. Наўрад ці варта называць усе тыя вобразы, якія гэты таленавіты акцёр увасобіў на роднай сцэне: многія з іх вартыя больш чым простага пераліку. Толькі ў бягучым рэпертуары тэатра Арнольд Памазан заняты ў спектаклях "Сымон-музыка" паводле Якуба Коласа, "Ідылія" В.Дуніна-Марцінкевіча,"Маэстра" М.Ладо, "Памінальная малітва" Р.Горына, "Вяселле" А.Чэхава, "Чычыкаў" паводле М.Гогаля і многіх іншых. А ў 2007 годзе тэатральная грамадскасць уганаравала яго прызам Саюза тэатральных дзеячаў Беларусі "Крыштальная Паўлінка". Нягледзячы на тое, што час бяжыць і ўзрост для "сватаўства" сыходзіць, Арнольд Памазан не развітваецца з "Паўлінкай", "падросшы" да Пранцыся Пустарэвіча. Але ж акурат 16 чэрвеня акцёр яшчэ раз паўстаў у сваёй кароннай ролі, якую ў яго выкананні гледачы віталі больш за тысячу разоў: у ролі неўміручага пана Адольфа Быкоўскага. Віншуем!

 На здымках:

першая роля Арнольда Памазана на Купалаўскай сцэне - Алёшка ў спектаклі "На дне" Максіма Горкага;

 сцэна са спектакля "Паўлінка": Адольф Быкоўскі - Арнольд Памазан.