“Варварскі” псіхалагізм

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

З’яўленне ў рэпертуары Магілёўскага абласнога тэатра драмы і музыкі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча “Варвараў” Максіма Горкага — падзея нешараговая. Гэта — спектакль для спакушанага, падрыхтаванага гледача, які прыходзіць параўнаць сваё ўспрыняцце добра вядомага, любімага твора з бачаннем рэжысёра, для якога, у сваю чаргу, такая пастаноўка — сапраўднае выпрабаванне. У выпадку поспеху яно можа стаць знакавым.

 /i/content/pi/cult/213/2602/8-3.gif
 Сцэна са спектакля "Варвары".
 

Сама п'еса "Варвары" для Горкага незвычайная. У ёй дамінуе псіхалагізм, і калі гаварыць пра ўласныя ўражанні, то вельмі часта ўзнікалі асацыяцыі з рэпінскімі "Запарожцамі". Як у Рэпіна паказаны ўсе віды смеху, так у Горкага - усе магчымыя формы бяздушнасці. Так што ўзнікае жаданне назваць гэтую п'есу аповесцю пра чалавечую жорсткасць. Менавіта гэта ў якасці асноўнай ідэі выкарыстаў і рэжысёр спектакля Сяргей Карбоўскі, таму ўражанні ад п'есы шмат у чым супалі з успрыняццем самога спектакля.

У "Варварах" асноўны кампазіцыйны прыём такі ж, як і ў "На дне": адсутнічае адзіная падзея, аднолькава важная для ўсіх герояў спектакля, якая іх і яднае, так што персанажы нагадваюць рознакаляровыя лапікі, з якіх неабходна ўласнаручна скласці сваю мазаіку. Такім "злучальнікам" становіцца Надзея Манахава ў яркім выкананні Алены Сафонавай (у другім складзе ролю выконвае Настасся Агейкіна) - своеасаблівы "Дон Кіхот" у спадніцы, толькі той начытаўся рыцарскіх раманаў, а наша гераіня - любоўных. І ўсе астатнія персанажы, як блізкія, так і не звязаныя з ёй наўпрост, паказваюць нам, што і ў коле галоўных герояў, і за яго межамі пануюць адны і тыя ж узаемаадносіны: эгаізм, чэрствасць, імкненне наладзіць свае справы нават і за кошт каго-небудзь іншага...

 Спектакль атрымаўся маштабным: у ім задзейнічана амаль уся трупа тэатра. І сярод гэтых персанажаў хочацца вылучыць цэлы шэраг цікавых акцёрскіх работ. Алена Сафонава ў ролі Манахавай стварае вобраз хоць і не дужа вясёлай, але ўпэўненай ва ўласнай выключнасці асобы. У ролі Манахава, мужа гераіні, - Анатоль Двараннікаў. Ягоны герой - чалавек слабы, які абараняе свае інтарэсы малапрывабнымі сродкамі, што адкрыла акцёру магчымасць стварэння цікавага вобраза. Самавітага Цыганова сыграў Аляксандр Парфяновіч. Роля, нечаканая для амплуа артыста, сталася пераканаўчай у сваёй элегантнасці, аздобленай некаторай драбінай цынізму. Прыцягальная ў ролі Багаеўскай і Жанна Зарэмба. Усе згаданыя акцёры найбольш ярка перадалі асаблівасці таго часу: у манеры размаўляць, рухацца, несці сябе.

Цэнтральныя фігуры спектакля - муж і жонка Чаркуны ў выкананні Аляксандра Дзяменшчанкі і Вольгі Матвеевай атрымаліся на дзіва вострасучаснымі, нібыта ствараючы мост паміж тым часам і днём сённяшнім, пазначаючы пазачасавасць і заўсёдную актуальнасць класікі.

Зрэшты, усе акцёры працавалі з поўнай аддачай, з першай да апошняй хвіліны ўтрымліваючы ўвагу залы: доктар Макараў у выкананні Ігара Бурака, амазонка Лідзія Паўлаўна - Марыя Малішэўская, хітраваты Прытыкін- Павел Мікулік... Хочацца адзначыць і музычнае рашэнне спектакля: Сяргей Карбоўскі ўдала выкарыстаў музыку Горана Брэгавіча і кампазіцыі бабруйчаніна Вадзіма Сажына.

 Генадзь БЛАГУЦІН

 Бабруйск

 Фота Дзяніса СУДНІКА