Неядомы і невядомы

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

У майскую Ноч музеяў па Мінску хадзілі людзі ў чырвоных акулярах. “Дзе ўзялі?” — пыталіся мінакі ў шчаслівых уладальнікаў аксесуара. І, атрымаўшы адказ, рушылі ў Нацыянальны музей гісторыі і культуры Беларусі на вернісаж “Невядомы Смаляк”. Усяго акуляраў з паперы было выраблена дзесяць тысяч асобнікаў, і добрая іх палова займела гаспадароў за лічаныя гадзіны.

 /i/content/pi/cult/213/2600/7-4.gif

 Вядома, колькасць публікі (сярод якой можна было сустрэць нямала знаёмых кожнаму тэлегледачу твараў) - някепская інфармацыйная нагода. Як і той факт, што мастак паклаў за свае сродкі новы асфальт у музейным дворыку, каб правесці там эстрадны канцэрт. Але ж не меншай увагі заслугоўваюць і самі карціны, углядацца ў якія было куды ўтульней у звыклы, "невернісажны" дзень. Кампанію мне склаў Андрэй Смаляк уласнай персонай: праводзіць экскурсіі па сваёй выстаўцы яму заўсёды ў ахвоту.

Бутафорскія горны, фантасмагарычныя істоты, пазбаўленыя ўсялякіх алегорый рэалістычныя верабейкі... Чаго толькі тут няма? А няма звыклых для шматлікіх прыхільнікаў мастака артыстаў і блазнаў.

 На выстаўцы Смаляк сабраў тыя творы, якія нібы знаходзяцца на маргінэзе яго творчай практыкі і з гэтай прычыны амаль не выстаўляліся. Нягледзячы на яўную эклектыку - і тэматычную, і стылістычную, - экспазіцыя ўсё адно не выглядае "брацкай магілай" аднаго аўтара: ёй уласціва цэласнасць.

- Ці не састарэлі гэтыя мае работы? - пытае мастак сам у сябе.

- Ва ўсялякім выпадку, як творцу мне за іх і сёння не сорамна. Ні за адну! Нават за тыя "кардонкі" дваццацігадовай даўніны, якія я выпадкова знайшоў дзесь у закутку. Дамінанта экспазіцыі - сацартавыя творы, датаваныя "зменай эпох" і выкананыя ў лепшых традыцыях жанру, якія прадугледжваюць не столькі рэзкае адпрэчванне савецкай эстэтыкі, колькі яе творчае выкарыстанне і крытычнае пераасэнсаванне. Спецыяльна для выстаўкі мастак зрабіў аўтарскі рымейк сваёй серыі "Патыліцы", арыгінал якой ужо гадоў дваццаць таму "асеў" у Сеуле. Ёсць тут і творы, гісторыя якіх, прынамсі, не менш цікавая за іх мастацкі змест.

- А вось гэтае маё палатно наглядна дэманструе змену эпох, - Андрэй Смалякзвяртае маю ўвагу на венецыянскі краявід. - Пісаў я яго ў 90-я. Часы тады былі складаныя, і чыстага палатна пад рукой не аказалася. Але ж у майстэрні раптам знайшоўся партрэт Леніна - не ведаю, як ён туды патрапіў... Калі прыгледзецца, сярод спічастых вежаў можна ўбачыць знаёмыя рысы твару...

 І літаральна побач - шэраг твораў, якія зусім не прыпадобніў да "жывапіснага анекдота".

 - Вось гэтая мая работа - дарэчы, адна з апошніх - падпісана тут не зусім дакладна, - кажа мастак, калі мы прамінаем карціну "Шчырая размова". - Насамрэч, яе аўтарская назва зусім іншая: "I can get no satisfaction...".

Бабуля, пазычыўшы ўнучкавы навушнікі, чуе ў іх голас Міка Джагера, які крычыць, што не можа атрымаць ад жыцця задавальнення. І раптам яе свядомасць адгукаецца на гэты хіт "ролінгаў", які стаў гімнам свайго пакалення. А мастак не толькі падгледзеў гэтую кранальную сітуацыю, але і здолеў перадаць усю яе трагікамічную глыбіню - з кранальнай да слёз чуллівасцю.

Ці многія да гэтай выстаўкі ведалі, што Смаляку ўласціва чуллівасць, што ён не задавальняецца адно хараством знешняга вобраза, але часам імкнецца пранікнуць у нябачную сутнасць? У падобных творах (а ў залах музея іх было нямала) мастак выяўляе ўменне бачыць свет удумлівым позіркам. А не праз акуляры - чырвоныя або гламурна-ружовыя.

Выстаўка закцэнтавала ўвагу на той іпастасі Смаляка (шматаблічнага, але заўсёды цэласнага), чые творы наўрад ці могуць стаць добрым антуражам для багемнага фуршэту. Гэтыя творы нельга "спажываць", бы канапкі з ікрой: яны інспіруюць на доўгае "ўгляданне", а часам - і "ўдумванне".

Ілля СВІРЫН