Вобраз для паветранага змея

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

II Мінская міжнародная выстаўка графікі “Арт-лінія”, што адкрылася днямі ў галерэях Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, аб’яднала айчынных творцаў розных пакаленняў, а таксама гасцей з Расіі, Польшчы, Украіны, Балгарыі, Латвіі, Аўстрыі і іншых краін. Каля 140 работ у тэхніках афорт, літаграфія, лінарыт, акварэль, шаўкаграфія, фотаграфіка і іншых экспануюцца ў выставачных залах “Ракурс”, “Лабірынт” і “Атрыум” НББ.

 /i/content/pi/cult/213/2599/7-1.gif
Вадзім Качан. "Егіпецкія фантазіі". 
  Дэкаратыўнасць, эстэтычнасць ёсць амаль ва ўсіх работах, але ў кожнага народа - свой падыход да прыгожага. Палякі паказалі творы ў стрыманых чорна-белых колерах з нейкай змрочнайсур'ёзнасцю. Своеасаблівы вытанчаны лінарыт прадставілі Мілена Казлоўска і Магдалена Білуньска. Латышы радавалі нябесна-сонечнымі колерамі на літаграфіях. Афорты балгараў былі як аскетычныя, так і вельмі насычаныя, глыбокіх чырвона-чорных тонаў: Захары Каменаў, Эмануіла Ковач, Міхаіл Петкаў, Уладзімір Чукіч у сваіх работах падаліся надзвычай стыльнымі, з выдатным густам, арыстакратычнымі творцамі, якія імкнуцца зазірнуць углыб рэчаў.

Загадчык экспазіцыйнага аддзела НББ Фёдар Ястраб на адкрыцці выстаўкі адзначыў, што яна мае вялікае значэнне для развіцця беларускай графікі. Тут мы маем магчымасць параўнаць дасягненні нашых аўтараў з даробкам замежных гасцей, убачыць, па якім шляху ідуць айчынныя творцы. З колькасцю, памерамі і папулярнымі маскультавымі ідэямі актыўна працуе Ала Няхайчык, якая "ажывіла" музычных герояў мінулага: The Beatles, Modern Talking, Уладзіміра Высоцкага, а выяву Чэ Гевары прапаноўвае ў якасці... мадэлі для паветранага змея. Больш працаёмкія, крохкія і трапяткія літаграфіі прадставіла Марына Капілава: інтэрпрэтацыі біблейскіх тэм, сюжэты з Антычнасці, Новага часу. Ужо не першы раз дэманстраваў "Егіпецкія фантазіі" Вадзім Качан.

 /i/content/pi/cult/213/2599/7-2.gif
 Аляксандра Сідорац. "Я тая, што малюе птушак".

 Няпроста займацца "маруднымі" відамі графікі: афортам, літаграфіяй, лінарытам у час, калі камп'ютэрныя тэхналогіі здольныя стварыць абсалютна такую ж выяву хутка і без фізічных намаганняў. Аднак традыцыйныя метады ўсё ж такі застаюцца ў пашане і ў нас, і за мяжой. Не ўсе аўтары, якія вырашылі звярнуцца да "разумнай машыны" ў сваёй рабоце, паказалі шыкоўныя творы (лідэрам тут можна назваць хіба маладую, але вельмі паспяховую расійскую мастачку Фефу). Увогуле ж, для графікаў на гэтай выстаўцы, як падалося, важным было паказаць сваё бачанне свету - знешняга і ўнутранага.

 /i/content/pi/cult/213/2599/7-3.gif
Фефа. "Тры кропкі". 

Але ж непрыемна здзівіла, чаму некалькі графічных лістоў беларускіх мастакоў, якія паказваюць дзейнасць Анастасіі Слуцкай, асветнікаў зямлі беларускай і ўслаўляюць Перамогу ў Вялікай Айчыннай вайне, у час вернісажу аказаліся не падпісанымі. Спешка? Выпадковасць? Не ведаю. Але, у прынцыпе, і нашым, і замежным аўтарам удалося ў большай ступені паэксперыментаваць з тэхнікамі, чым з тэмамі. Хаатычныя назіранні за навакольным светам (больш за прыродай, чым за жыццём горада) выяўляюцца ў спакойных, задуменных творах.

 Алена САБАЛЕЎСКАЯ