Культурны капітал дыпламатыі

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

“Сусветны вопыт дыпламатычнай дзейнасці і, у тым ліку, работа Пасольства нашай краіны ў Польшчы яскрава сведчаць: менавіта культура ў шырокім сваім праяўленні можа быць крыніцай для фарміравання адносін на розных узроўнях паміж дзяржавамі. Гэтаму, лічу, неабходна спрыяць як на афіцыйным узроўні, так і на ўзроўні, як кажуць, “народнай дыпламатыі” — непасрэдных чалавечых кантактаў”. Гэтая выснова Тадэвуша СТРУЖЭЦКАГА — да нядаўняга часу саветніка па культурных і гуманітарных пытаннях Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча — яшчэ раз пацвердзіла: выкарыстанне сродкаў культуры ў працэсе наладжвання міжнародных кантактаў сёння надзвычай актуальнае. Тым больш, у названай дыпмісіі нашай краіны рэалізацыя гэтага напрамку дзейнасці вялася на прафесійнай аснове: Стружэцкі да свайго прызначэння ў Пасольства шмат гадоў працаваў у сферы культуры. І гэты факт, лічыць Тадэвуш Іванавіч, даў свой плён.

Вяртанне - на асабістых стасунках

- Упэўнены: вельмі важна, каб у дыпламатычных установах працавалі спецыялісты ў сферы культуры, якія ведаюць праблемы гэтай галіны знутры, маюць багаты практычны вопыт. Тады ім куды лягчэй наладзіць сваю дзейнасць. І, як вынік, зрабіць у названым накірунку больш.

- Мусіць, таму і ўведзена ў структуру дыпламатычных місій нашай краіны за мяжой пасада саветніка па культурных і гуманітарных пытаннях?

- Так, прычым гэтая пасада была ўведзена ў іх структуры адной з першых. Дадам, што і былы Пасол нашай краіны ў Польшчы, сёння - міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка, і цяперашні кіраўнік дыпмісіі Віктар Гайсёнак выдатна разумеюць ролю культуры ў міжнародных стасунках, спрыяюць рэалізацыі самых розных культурна-адукацыйных праектаў у Польшчы. Добра, напрыклад, што нам удалося стварыць Культурны цэнтр Беларусі. Усё сведчыць: такія ўстановы варта ствараць і ў іншых краінах. Польшча, скажам, сёння мае 16 Польскіх Інстытутаў за мяжой, якія займаюцца пытаннямі культуры. Іншыя краіны таксама маюць у Варшаве адпаведныя інстытуты - іх каля 20. Актыўная дзейнасць апошніх узбагачае дыпламатыю, дапаўняе яе зразумелым кожнаму чалавеку зместам: песня або танец, класічная музыка, традыцыі - яны ж заўсёды цікавыя. Гэта - першае, што можа краіна прадставіць, дэманструючы сваю адметнасць, самабытнасць.

/i/content/pi/cult/213/2595/6-1.gif

- Што ўваходзіла ў кола пытанняў, якімі вы, Тадэвуш Іванавіч, займаліся на пасадзе саветніка па культурных і гуманітарных пытаннях Пасольства Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча?

- Безумоўна, як чалавеку, даўно прафесійна звязанаму з гэтай сферай, хацелася зрабіць як мага больш шырокім і годным прадстаўленні нашай самабытнай культуры і мастацтва ў Польшчы. Хаця мая праца ахоплівала даволі шырокую сферу: апроч уласна культуры, яшчэ і адукацыю, навуку, студэнцкія ды маладзёжныя абмены. Адзначу, што дыпламатычная дзейнасць у названым накірунку далёка не абмяжоўваецца правядзеннем дзён і вечароў беларускай культуры, кіно, фестываляў і канцэртаў, выставак. Закраналіся і больш складаныя праблемы. Узяць, да прыкладу, вяртанне каштоўнасцей, якія апынулісяў замежжы. Гэтымі пытаннямі апошнія гады актыўна і даволі плённа займаюцца Міністэрства замежных спраў Беларусі і дыпмісіі нашай дзяржавы за мяжой. Так, праблема - вельмі складаная і далікатная, але калі ёй займацца сістэмна, на прафесійным узроўні, карыстаючыся наладжанымі непасрэднымі міжасобаснымі кантактамі, можна нямала зрабіць.

- Цікава было б даведацца пра канкрэтныя вынікі гэтай дзейнасці.

- Скажам, дзякуючы асабістым добрым стасункам удалося перадаць Слонімскаму раённаму краязнаўчаму музею 32 акварэлі вядомага польскага мастака, ураджэнца гэтага горада, Сергіюша Грудкоўскага. Я сустракаўся з ім, бываў у яго дома, мы шмат гутарылі пра мастацтва, гады жыцця яго ў Беларусі. Напамінак аб Радзіме, аб Слонімшчыне, дзе яго памятаюць, падштурхнула творцу перадаць частку сваіх работ у наш раённы музей. Не дзіва, што яны сталі сапраўднымі каштоўнасцямі для слонімскага музея: гэта ж арыгінальныя творы, якіх больш нідзе няма! І такіх прыкладаў можна прывесці нямала. Дзякуючы стасункам з нашчадкамі князёў Радзівілаў - Каралем і Мацеем, якія жывуць у Варшаве, Пасольству ўдалося атрымаць для Нясвіжскага гісторыка-культурнага музея-запаведніка гравюры партрэтаў Радзівілаў ХVІ стагоддзя. Або яшчэ адзін прыклад. Наш суайчыннік і вядомы ў Польшчы вучоны - прафесар, колішні загадчык кафедры філалогіі Ольштынскага універсітэта - Базыль Белаказовіч за апошнія 3 гады пры нашай падтрымцы перадаў Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі звыш тысячы асобнікаў навукова-папулярнай літаратуры са свайго асабістага архіва. Ёсць і яшчэ адзін аспект развіцця такога супрацоўніцтва. Да нас часцяком звяртаюцца грамадзяне Польшчы з просьбай дапамагчы знайсці архіўныя матэрыялы, звязаныя з іх родам, у беларускіх архівах. Мы аказваем дапамогу, а ў адказ заклікаем перадаць творы мастацтва, гістарычныя дакументы, датычныя гісторыі і культуры нашай зямлі.

Тур у Беларусь

- Мяркую, падобныя выпадкі супрацоўніцтва якраз і працуюць на тое, што культура выконвае дыпламатычную функцыю, працуе на імідж нашай краіны.

- У Польшчы шмат актыўных,зацікаўленых людзей, якія імкнуцца наладжваць сяброўскія стасункі з Беларуссю. Важна, каб яны наведвалі нашу краіну, сустракаліся з калегамі, бачылі на ўласныя вочы нашу зямлю. Бо не зусім лагічна, пагадзіцеся, калі, напрыклад, старшыня аддзялення Таварыства дружбы "Польшча-Беларусь" у нейкім польскім рэгіёне не бываў у Беларусі. Таму і наладжваюцца шматлікія паездкі палякаў, членаў падобных таварыстваў, у Беларусь.

 - Цікава, якая культурная праграма чакае гасцей пад час падобных азнаямленчых тураў?

- Напрыклад, у час апошняга такога візіту польскія госці наведалі Мерачоўшчыну, дзе месціцца былая сядзіба Тадэвуша Касцюшкі, пабачылі палац Пуслоўскіх, заязджалі на Стаўбцоўшчыну - мясціны Якуба Коласа, пабывалі ў Нацыянальнай бібліятэцы, Нацыянальным мастацкім музеі, былі прыняты ў Мінгарвыканкаме, заехалі ў Мір, у Навагрудак... Чым больш наладжваць такіх паездак, маладзёжных, турыстычных абменаў, тым больш будзе ствараццца пазітыўны фон - аснова, на якой будуць развівацца добрасуседскія сувязі. Сёння даводзіцца канстатаваць: для многіх палякаў Беларусь застаецца пакуль малавядомай. Пры той багацейшай сумеснай гісторыі, пры шматвекавых, добрых, прыязных адносінах паміж беларусамі і палякамі! Таму неабходна гэтае становішча выпраўляць. І гэтаму павінны спрыяць найперш праекты ў галіне культуры, навукі, адукацыі.

- Вы казалі пра Таварыства дружбы, шматлікія арганізацыі, што дзейнічаюць у Польшчы, развіваючы, у тым ліку, і культурныя стасункі з Беларуссю. Калі ласка, распавядзіце пра іх больш падрабязна.

- У Польшчы актыўна дзейнічае шмат самых розных грамадскіх арганізацый, якія зацікаўлены у аднаўленні, усталяванні кантактаў з Беларуссю. Напрыклад, актывы таварыстваў "Несвіжане" і "Браслаўчане", Фонду Тадэвуша Касцюшкі з'яўляюцца ўдзельнікамі ўсіх мерапрыемстваў, што праводзяцца Пасольствам Беларусі ў Варшаве і іншых гарадах. Часцяком яны самі ініцыіруюць іх арганізацыю і правядзенне. Зусім нядаўна ў Беларускім таварыстве дружбы і культурных сувязей у Мінску адбылася сустрэча кіраўнікоў і актываў таварыстваў "Польшча - Беларусь", "Польшча - Усход" і "Беларусь- Польшча", арганізаваная па ініцыятыве Пасольства нашай дзяржавы ў Варшаве. Амаль дзве гадзіны ўдзельнікі гаварылі пра тое, наколькі важная народная дыпламатыя, якая стварае першасныя ўмовы для фарміравання дыпламатыі афіцыйнай. Калі казаць пра беларускія культурныя дасягненні, дык нам ёсць што прэзентаваць у Польшчы і ўвогуле ў свеце. Адсюль і вынікае маё прафесійнае меркаванне: прадстаўніцтва айчыннай культуры за мяжой павінна стаць яшчэ больш шырокім, прычым - на сістэмнай, доўгатэрміновай аснове, паколькі ёсць адпаведная запатрабаванасць.

Цікавіць непаўторнае

- Якімі праявамі беларускага прафесійнага і народнага мастацтва, з вашага вопыту, найперш захапляюцца палякі?

 - Найбольшую цікавасць выклікае беларускі фальклор - дзякуючы сваёй самабытнасці. Ён прадстаўляе краіну ўпоравень з традыцыйнымі рамёствамі. Нават там, дзе ёсць саломка або ткацтва, майстры не паўтораць таго ўзору, што ёсць у Беларусі. І такое прадстаўніцтва нашай краіны, думаецца, варта ўсяляк падтрымліваць, стымуляваць. Упэўнены: поспех дадзенай справы залежыць і ад цеснага супрацоўніцтва Пасольства з Міністэрствам культуры Рэспублікі Беларусь.

 - Калі ласка, прыгадайце найбольш паспяховыя, рэалізаваныя за час вашай працы ў Пасольстве, культурныя праекты ў Польшчы.

- Адразу адзначу: за апошнія гады Беларусь значна актывізавала прадстаўленне сваёй культуры ў заходняй краіне-суседцы. Напэўна, такіх адносін даўно ўжо не было. Напрыклад, летась у Зале Кангрэсаў у Варшаве (адной з самых вялікіх канцэртных залаў у Польшчы) з вялікім поспехам прайшоў канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.Цітовіча. Мясцовыя СМІ заўважылі: апошняе выступленне калектыву адбылося ў гэтай зале 25 гадоў таму. На жаль, даводзіцца канстатаваць: гады з 1997-га, пасля апошніх Дзён культуры Беларусі ў Польшчы, да нядаўняга часу аказаліся мала насычанымі падзеямі. Адбываліся лакальныя культурныя абмены, аднак на такім высокім узроўні, як цяпер, айчыннае мастацтва не прэзентавалася. Што выклікае сёння цікавасць у суседзяў? У наш актыў, з апошніх мерапрыемстваў, можна залічыць снежаньскі канцэрт "З любоўю з Беларусі" ў межах грамадска-культурнай акцыі "Мы - беларусы!". Не меншую цікавасць выклікае ў суседзяў наша выяўленчае мастацтва, пра што сведчаць выстаўкі вядомых беларускіх мастакоў Васіля Шаранговіча, Віктара Альшэўскага, Уладзіміра і Тамары Васюкоў, Сяргея і Рыты Цімохавых і многіх іншых у розных гарадах і рэгіёнах Польшчы. Маем станоўчы вопыт арганізацыі канцэртаў нашых музычных калектываў у шыкоўнай Белай зале Вілянаўскага музейна-палацавага комплексу, адной з прэстыжных пляцовак Варшавы. Выстаўкі, арганізаваныя на сістэмнай аснове ў Музеі і асяродку беларускай культуры ў Гайнаўцы, з фондаў музеяў Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, гісторыі беларускай літаратуры, заўсёды выклікалі жывы інтарэс публікі. Трэба дадаць: толькі ў 2008 годзе ў розных рэгіёнах Польшчы пры садзейнічанні або па ініцыятыве Пасольства і консульскіх устаноў Беларусі адбылося каля 100 самых розных мерапрыемстваў, у якіх прынялі ўдзел 110 прафесійных і аматарскіх калектываў з нашай радзімы. Увогуле ж, лічу, што мы маем багаты нацыянальны духоўны капітал, які можна і неабходна вельмі актыўна выкарыстоўваць, каб стымуляваць, актывізаваць кантакты на розных узроўнях.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА

 Фота Юрыя ІВАНОВА