“Талака” без дысгармоніі, або Міндоўг і доўг

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Прыклады знакамітых помнікаў, створаных або адноўленых за кошт ахвяраванняў простых людзей, можна прыводзіць доўга: сярод іх — і Каралеўскі палац у Варшаве, і помнік Бітве народаў у Лейпцыгу, і скульптурная выява Пушкіна ў Маскве... Жыхары Навагрудка не маюць патрэбы апеляваць выключна да замежнага досведу — бо маюць уласны. Іх продкі ў 20-я гады літаральна сваімі рукамі насыпалі курган у гонар Адама Міцкевіча. Ахвяраванні тады вымяраліся не грашыма, а... зямлёй: мясцовыя жыхары звозілі яе з усяго наваколля, а турысты бралі з сабою мяшэчкі зямлі са сваёй радзімы. Больш за тое: зямлю нават дасылалі па пошце — з пазнакай “Для кургана Міцкевіча”! Не таму, што гэтага самага таннага матэрыялу бракавала на Навагрудчыне, але каб уласнаручна спрычыніцца да ўшанавання постаці слыннага земляка. Таму і не здзіўляе, што прапанова мясцовых улад пасільна падтрымаць стварэнне помніка Міндоўгу знаходзіць водгук сярод гараджан. Сродкі на гэтую мэту ўжо паступаюць на адмысловы рахунак.

 Маякі на пуцявінах гісторыі

 Выйшаўшы з аўтобуса на галоўнай плошчы Навагрудка, я міжволі адзначыў: выглядае яна трохі пуставатай. Воку не хапала нейкай дамінанты, здатнай прыцягнуць увагу падарожніка з першых жа імгненняў яго знаходжання ў горадзе.

 Літаральна праз дзесяць хвілін усвядоміў і яшчэ адзін прабел у абліччы аднаго з самых папулярных сярод турыстаў беларускіх гарадоў. Гэта здарылася непадалёк ад Замкавай гары пасля таго, як ля мяне спыніўся прэзентабельны аўтамабіль з расійскім нумарам. Яго кіроўца, якая завітала сюды ўсяго на гадзінку-другую (прамінаючы Беларусь транзітам па слыннай М1), запыталася, дзе шукаць мясцовыя адметнасці, апісаныя ў турдаведніку. Распавядаючы ў трох сказах гісторыю Навагрудка, я, натуральна, не абмінуў і той факт, што гэты горад быў першай сталіцай Вялікага княства Літоўскага.

- Ды няўжо? - не дала веры мая суразмоўніца. - Да Літвы ж тут досыць далёка!

Такое здзіўленне характэрнае для чалавека, які не надта арыентуецца ў пакручастых пуцявінах гісторыі гэтых краёў. І таму падарожжа па іх патрабуе своеасаблівых "маякоў" - матэрыяльных знакаў у гарадской прасторы. Тлумачыць, дзе была летапісная Літва і якую ролю мае ВКЛ у гісторыі беларускай дзяржаўнасці, лепей усё ж не на пальцах. Але ж даводзіцца. Бо відочных сведчанняў колішняга сталічнага статуса ў Навагрудку сёння няма. Яны патрэбны хаця б дзеля гістарычнай справядлівасці. Бо калі б расійскай турыстцы сустрэўся нейкі іншы знаўца гісторыі, ён, магчыма, давёў бы ёй, што Міндоўг атрымаў каралеўскую карону не ў Наваградку, а ў Вільні. Зрэшты, некаторых даследчыкаў зусім не бянтэжыць той факт, што сама Вільня была заснавана ўсяго на якое стагоддзе пазней за дзень каранацыі. Таму задума ўсталяваць на цэнтральнай плошчы Навагрудка помнік Міндоўгу, якую яшчэ летась агучылі мясцовыя ўлады, выпадковай прыхамаццю нікому не падасца. - Пачатак гэтай ініцыятыве ўжо пакладзены, і таму я перакананы, што яна ажыццявіцца ў запланаваны тэрмін, - запэўніў карэспандэнта "К" старшыня Навагрудскага райвыканкама Анатоль Кулак.

Паўтары натуры. Але якой?

 Кіраўнік раённайадміністрацыі лічыць усталяванне помніка важным іміджавым крокам для яго роднай Навагрудчыны. Маўляў, у іншых гарадах ставяць помнікі розным жывёлам, каб надаць сваім мясцінам адметныя рысы, але ж тут патрэбы вынаходзіць сюжэты для твораў манументальнага мастацтва няма.

 - Лічу, такая постаць, як Міндоўг, будзе выглядаць куды салідней, - перакананы Анатоль Кулак.

У праекце Зводнага плана манументальных пабудоў, які быў апублікаваны "К" некалькі нумароў таму і цяпер актыўна абмяркоўваецца зацікаўленымі людзьмі па ўсёй Беларусі, пазначана, што бронзавы Міндоўг павінен паўстаць у Навагрудку ўжо налета. У красавіку Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь выдала афіцыйны дазвол на ўстаноўку помніка на галоўнай плошчы горада. У якасці аўтара скульптуры пазначаны Генадзь Буралкін. Сёння праца над помнікам вядзецца няспынна, бадай штодзённа. За дзень да маёй камандзіроўкі ў Навагрудак прыязджаў і аўтар яго скульптурнага ўвасаблення - разам з архітэктурнай групай. Мэта зразумелая: "упісаць" помнік у гарадское асяроддзе. Галоўны спецыяліст аддзела культуры Вячаслаў Лаўрашчук раз-пораз перапыняў размову са мною, каб зрабіць неадкладны дзелавы званок - Генадзю Буралкіну. Складалася ўражанне, што людзі, якія задзейнічаны ў гэтай справе, літаральна жывуць ёю. Не забываючыся, тым часам, і на іншыя свае абавязкі. Ужо далёка не першы год аддзел культуры Навагрудскага райвыканкама яднае ладна спрацаваную каманду - сапраўдны актыў мясцовай інтэлігенцыі, спецыялістаў, якія не толькі дбайна выконваюць сваю штодзённую працу, але і ўмеюць мысліць глабальна - спалучаючы гісторыю роднага краю з яго будучыняй. Адсюль і смелыя ініцыятывы: той жа помнік святому Елісею Лаўрышаўскаму, які зусім нядаўна стаў новай адметнасцю Навагрудка. Аўтар - зноў жа, Буралкін, а зацвярджэнне твора адбывалася ў строгай адпаведнасці з заканадаўствам. Праект помніка Міндоўгу таксама ўжо папярэдне абмяркоўваўся на Рэспубліканскім савеце па манументальным мастацтве, і прынцыповых заўваг з боку спецыялістаў да яго не было.

 - Задума ўсталяваць помнік Міндоўгу з'явілася ў нас яшчэ ў 1998 годзе, адразу пасляз'яўлення выкшталцонай скульптурнай выявы Міцкевіча, - распавядае начальнік аддзела культуры Аляксандр Карачан. - І ў гэтай справе мы вырашылі не спяшацца: тут менавіта той выпадак, калі варта прыгадаць прымаўку "Сем разоў адмер...". Атрымалі прапановы ад розных скульптараў і ў выніку доўгіх разваг спыніліся на праекце, які прапанаваў Генадзь Буралкін.

- Бачанне гэтай постаці ў розных скульптараў было розным, - дадае Вячаслаў Лаўрашчук. - Але мы ўсе пагадзіліся з тым, што менавіта Буралкін адлюстраваў саму яе сутнасць: Міндоўга як валявога і дальнабачнага палітыка. Пластылінавая постаць Міндоўга на мажным кані стаіць у самым ганаровым месцы майстэрні Генадзя Буралкіна, куды я зазірнуў пасля наведвання Навагрудка. Скульптар тут жа адзначае: макет - гэта варыянт яшчэ не канчатковы, бо працэс стварэння помніка прадугледжвае датклівую прапрацоўку кожнай дэталі. Скажам, элементаў даспехаў: кожны з іх мусіць як мага больш дакладна адпавядаць сваёй эпосе.

- Збіраюся выправіцца ў Ратамку, каб паназіраць за тым, як рухаюцца коні, і замаляваць іх з натуры, - падзяліўся планамі на бліжэйшую будучыню Генадзь Буралкін. Паводле яго слоў, маштаб помніка будзе паўтары натуры: не болей, як пяць метраў у вышыню. Памеры вызначае само асяроддзе - старасвецкія камянічкі плошчы: скульптурная кампазіцыя не павінна дысгарманіраваць з імі. Роля скульптара ў дадзеным выпадку папраўдзе амбітная. У нядаўнім інтэрв'ю "К" першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка адзначыў цікавы і праўдзівы факт: постаць мінуўшчыны фіксуецца ў масавай свядомасці менавіта такой, якой яна выяўлена сродкамі манументальнага мастацтва. Міндоўга гэта тычыцца асабліва. Ніхто не ведае, які характар у сапраўднасці меў кароль ВКЛ: лічаныя яго выявы даюць пра яго асобу вельмі няпэўнае ўяўленне. Ды і адкрыўшы старонку інтэрнет-энцыклапедыі, можна прачытаць, што звесткі пра Міндоўга даволі спрэчныя і супярэчлівыя. Таму верагодна, што і сучаснікі, і нашчадкі будуць успрымаць караля ВКЛ менавіта такім, якім яго ўбачыў скульптар.

Па драбніцы ад кожнага

- Атрымаўшы дазвол ад Міністэрства культуры, мы прыступілі да самага важнага этапа - збору ахвяраванняў,- кажа Аляксандр Карачан.

Сур'ёзнасць праекта мае і матэрыяльны складнік: ён патрабуе каля 400 мільёнаў рублёў. Зразумела, што для раённага бюджэту выдаткаваць такія сродкі складана. Кіраўніцтва раёна звярнулася да прадпрыемстваў і простых грамадзян. Водгукі не прымусілі сябе чакаць. Але адразу ж стала зразумела, што наўрад ці ўдасца сабраць тую немалую суму выключна ў межах Навагрудчыны. І таму кіраўніцтва раёна вырашыла звярнуцца да жыхароў усёй краіны. Публікацыя звароту ў рэспубліканскіх выданнях вокамгненна прынесла вынікі.

 - Грашовыя пераводы сталі паступаць і з Мінска, і з Салігорска, і з многіх іншых гарадоў,- кажа Аляксандр Карачан. - А калі інфармацыя пра збор сродкаў з'явілася ў Інтэрнеце, хтосьці на форуме прапанаваў адкрыць валютны рахунак - каб у гэтай акцыі маглі паўдзельнічаць і прадстаўнікі беларускай дыяспары. Сапраўды, ініцыятыва ўстаноўкі помніка Міндоўгу паўстала на мясцовым узроўні (і гэта варта асабліва падкрэсліць). Але ж значнасць праекта далёка пераўзыходзіць раённыя маштабы. Як і значнасць постаці заснавальніка ВКЛ для беларускай гісторыі. Не, зрэшты, нават не столькі яго самога, колькі створанай ім магутнай дзяржавы. Многія нашы суайчыннікі гэта ўсведамляюць. Таму і рэзананс, выкліканы зваротам, стаў нават трошачкі нечаканым для яго аўтараў. Даведаўшыся ад мяне, што адна прадзюсерская кампанія, якая правяла ў Мінску шэраг канцэртаў расійскіх гуртоў, пазначыла ў афішы пра свае намеры ахвяраваць частку атрыманых грошай на помнік Міндоўгу, Вячаслаў Лаўрашчук вельмі здзівіўся. І тут жа адзначыў: выдатная ідэя! Трэба ініцыяваць такія акцыі самім. - Збор сродкаў аб'яўлены не толькі таму, што для раёна знайсці такія грошы вельмі складана, - кажа Анатоль Кулак. - Важна, каб самі людзі, простыя грамадзяне, прынялі ўдзел ва ўшанаванні сваёй гісторыі.

"Але ж яны жывуць сярод нас!"

 Пад час гутаркі з кіраўніком раённай адміністрацыі не мог не задаць і яшчэ аднаго пытання: як ставяцца да вашых захадаў простыя навагрудчане? Ці ўсе яны лічаць, што паўстанне помніка - важны пачын для ўсяго горада. Пытанне ўзнікла хаця б таму, што літаральназа дзень да камандзіроўкі я азнаёміўся з лістом, дасланым на рэдакцыйную скрыню нашым чытачом з Навагрудка - пенсіянерам, былым педагогам музычнай школы Яўгенам Лапцевым. Цытую:

"- Не паспяваем высаджваць кветкі, як іх крадуць! - намеснік дырэктара РУП ЖКГ Навагрудка А.Шмакаў са скрухай пазіраў на прыкметна парадзелыя пасадкі ў цэнтральным скверы старажытнага горада. Людзей, якія чыняць гэтае злачынства, мясцовыя жыхары называюць парознаму: варвары, вандалы, дзікуны, бязбожнікі... Але ж яны жывуць сярод нас! У ліпені жыхары Навагрудчыны адзначаць адразу два святы: 65-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і 965-годдзе роднага горада. Мясцовыя ўлады робяць усё, каб гэтыя ўрачыстасці прайшлі папраўдзе годна. Напярэдадні работнікі камунальнай гаспадаркі пасадзілі 35 тысяч кветак. На клумбах горада закрасавалі цюльпаны, віёлы, сальвіі... Упершыню былі пасаджаны і прыгажуні-ружы. Мясцовая прадыпрымальніца, сапраўдная патрыётка свайго краю, за ўласныя грошы набыла 244 кусты. - Ды, на жаль, гэтая прыгажосць нясе страты, - са смуткам адзначае майстар па азеляненні Д.Грамыка. З 244 кустоў руж сёння засталося хіба 150: астатнія літаральна ў першыя ж дні былі выкапаны нейкімі "рупліўцамі". Гэта адбылося ля святога месца- магілы Невядомага салдата..."

Абурэнне і горыч - такі настрой прасяквае ўвесь гэты ліст. І больш, усё ж такі,- горыч. Мясцовыя ўлады няспынна рупяцца пра тое, каб аблічча горада прыгажэла, а некаторыя яго жыхары - для якіх тыя захады, уласна, і робяцца, - гэтак "аддзячваюць". Прыведзеныя ў лісце факты не дадаюць энтузіязму тым, хто шчыра прагне, каб у Навагрудку з'явілася новая адметнасць. Але ж іхні імпэт ад гэтага не згасае.

- Імпэт ніколі не мусіць згаснуць, - кажа Анатоль Кулак. - Вось і да ідэі ўсталявання помніка Міндоўгу людзі ставяцца па-рознаму. Часам не тое што адмоўна, ды... абыякава. Але ж паглядзіце: да з'яўлення бронзавай постаці Елісея Лаўрышаўскага стаўленне было такім самым. Прайшло зусім мала часу - і гэтае месца ўжо стала папулярным, хаця раней усе праходзілі міма, нават не звяртаючы на той лапік увагі. Выдатны помнік, тэрыторыя добраўпарадкавана, ды і чысціня там захоўваецца... Туды цяпер ці не кожнае вяселле завітвае. І ніхто, ні адзін чалавек, не сказаў, што мы зрабілі марную або непатрэбную справу! Бо калі справа зроблена, стаўленне людзей змяняецца. Адсюль і ўнутраная культура расце.

 - Я працую на сваёй пасадзе ўжо нямала гадоў, і за гэты час неаднаразова меў нагоду пераканацца ў тым, што ініцыятыву трэба праяўляць самому, не баючыся, што людзі яе не падтрымаюць, - дадае Аляксандр Карачан.- Калі мы ўпершыню збіраліся правесці феерверк у навагоднюю ноч, многія паставіліся да гэтай ідэі са скепсісам. Але потым ён развеяўся - разам з дымам. Бо святам былі задаволены, не раўнуючы, усе. Аўтар ліста акцэнтуе ўвагу менавіта на маральным аспекце такога дробнага і прыкрага злачынства, як крадзеж кветак. І ён мае рацыю. Вандалізм цяжка выкараніць адно карнымі метадамі- з прымяненнем адпаведных артыкулаў Адміністратыўнага і Крымінальнага кодэксаў. - Важна, каб жыхары краю ўсведамлялі, што Навагрудак калісьці быў сталіцай магутнай дзяржавы, дзе ўпершыню ў Еўропе з'явіўся канстытуцыйны дакумент - Статут Вялікага княства Літоўскага! - кажа Аляксандр Карачан. І тады можна спадзявацца, што кожны гараджанін усвядоміць і іншае: красці кветкі, якія ўпрыгожваюць родны горад, - ніжэй за ўласную годнасць.

 Ілля СВІРЫН,

наш спецыяльны карэспандэнт Мінск - Навагрудак - Мінск