Указ № 314 ад 16 чэрвеня 2009 г.

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Аб правядзенні эксперыменту пры залічэнні абітурыентаў у некаторыя ўстановы адукацыі ў сферы культуры

 У мэтах стварэння ўмоў для адбору таленавітай моладзі ў навучальныя ўстановы ў сферы культуры пастанаўляю:

 1. Правесці ў 2009 годзе эксперымент пры залічэнні абітурыентаў ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" і "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў".

2. Устанавіць, што:

2.1. залічэнне абітурыентаў ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" і "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў" на навучанне за кошт сродкаў бюджэту і на ўмовах аплаты па ўсіх формах атрымання адукацыі ажыццяўляецца па конкурсе на аснове агульнай сумы балаў, падлічанай па выніках правядзення этапаў уступнага выпрабавання па прадмеце "Творчасць", і сярэдняга бала сумы балаў, атрыманай па выніках здачы ўступных выпрабаванняў у форме цэнтралізаванага тэсціравання і сярэдняга бала дакумента аб адукацыі;

2.2. іншыя пытанні прыёму ва ўстановы адукацыі "Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі" і "Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў", не вызначаныя ў гэтым Указе, вырашаюцца названымі ўстановамі адукацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам.

3. Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь па выніках правядзення эксперыменту ў лістападзе 2009 г. унесці ва ўстаноўленым парадку прапановы аб мэтазгоднасці ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Правілы прыёму ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, зацверджаныя Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 лютага 2006 г. № 80 "Аб правілах прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы" (Нацыянальны рэестр прававых актаў Рэспублікі Беларусь, 2006 г., № 24, 1/7253), або яго прадаўжэння на 2010 год.

4. Кантроль за рэалізацыяй гэтага Указа ўскласці на дзяржаўную камісію па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў у вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах у 2009 годзе.

5. Гэты Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.

 Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.ЛУКАШЭНКА

 Каментарый да Указа № 314 ад 16 чэрвеня 2009 г.

 У мэтах стварэння спрыяльных умоў для адбору таленавітай моладзі ў ВНУ ў сферы культуры Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь прыняў рашэнне аб правядзенні эксперыменту пры прыёме ў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі і Беларускую дзяржаўную акадэмію мастацтваў. Адпаведны Указ № 314 Аляксандр Лукашэнка падпісаў 16 чэрвеня. Залічэнне абітурыентаў у гэтыя ўстановы адукацыі будзе ажыццяўляцца па конкурсе на аснове агульнай сумы наступных ацэнак: балы за кожны этап ўступнага выпрабавання па прадмеце "Творчасць" плюс сярэдні бал, атрыманы пры складанні балаў за цэнтралізаванае тэсціраванне і сярэдняй ацэнкі дакумента аб адукацыі. Інакш кажучы, улічваюцца ўсе балы, атрыманыя на экзаменах па творчых прадметах, а па агульнаадукацыйных - толькі агульны сярэдні бал. Гэта дасць перавагу пры паступленні творча адораным маладым людзям перад проста стараннымі і руплівымі абітурыентамі. Прыняцце Указа - яшчэ адно сведчанне асаблівай увагі, якая надаецца Кіраўніком дзяржавы падтрымцы маладых талентаў.

Паводле паведамлення Прэс-службы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь