Уступны экзамен у кантэксце эксперыменту

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

16 чэрвеня Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь прыняты Указ № 314 “Аб правядзенні эксперыменту пры залічэнні абітурыентаў у некаторыя ўстановы адукацыі ў сферы культуры”. З просьбай пракаменціраваць новаўвядзенні на прыёмных іспытах мы звярнуліся да рэктараў вызначаных ва Указе творчых ВНУ — Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

 /i/content/pi/cult/213/2592/4-1.gif

"... Перш чым вынесці вердыкт"

 Рычард СМОЛЬСКІ, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, доктар мастацтвазнаўства, прафесар:

 - Прафесарска-выкладчыцкі склад Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў з энтузіязмам успрыняў новы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб правядзенні эксперыменту пры залічэнні абітурыентаў у некаторыя ўстановы адукацыі ў сферы культуры". Мы ўдзячныя Кіраўніку нашай дзяржавы, што ён прыслухаўся да тых праблем, якія паўставалі перад творчымі ВНУ пад час уступных іспытаў і ўзняў прыярытэтнасць творчых выпрабаванняў. Указ дапаможа нам выканаць адну з найбольш сур'ёзных творчых задач, якія стаяць перад ВНУ: адабраць сярод многіх сотняў найбольш адораных і прафесійна падрыхтаваных маладых людзей.

 На першы погляд, конкурс на многія спецыяльнасці ў нашу Акадэмію мастацтваў не такі ўжо і вялікі: 2 - 2,5 чалавека на месца. Але так адбываецца таму, што на гэтым этапе спаборнічаюць не проста ўсе жадаючыя - як кажуць, "з вуліцы", а ўжо падрыхтаваныя прафесіяналы, сярод якіх мы павінны выявіць найбольш таленавітых. У нашай краіне склалася трохпрыступкавая сістэма мастацкай адукацыі: існуюць дзіцячыя мастацкія школы і школы мастацтваў, мастацкія вучылішчы, якія ўжо выпускаюць прафесіяналаў. Наша ВНУ завяршае гэтую стройную піраміду, дзе адбор ужо ажыццяўляўся на ўсіх папярэдніх этапах. Адзіная спецыяльнасць, куды звычайна паступаюць без ранейшай падрыхтоўкі, - гэта "акцёрскае майстэрства". І памыляцца нам пад час прыёму нельга, бо мы вырашаем далейшы лёс чалавека. А што можа быць больш драматычным, чым дыпламаваны акцёр, які не зможа прафесійна адолець ніякія ролі, акрамя "кушать подано"? Ці жывапісец, што не ў стане мысліць творча і працаваць самастойна? Таму я нават не прыхільнік залічваць без уступных іспытаў абітурыентаў, якія сталі лаўрэатамі конкурсаў па жывапісе. На конкурсе - іншыя ўмовы, а нам вельмі важна бачыць магчымасці будучага студэнта, назіраць яго творчы працэс. На той жа "станковы жывапіс" абітурыент павінен здаць некалькі іспытаў. Пад час кожнага з іх ён працуе два - тры дні па 6 гадзін запар. Гэта яшчэ і цяжкае фізічнае выпрабаванне.Але яно дае ўяўленне пра далейшыя магчымасці чалавека ў дадзенай прафесіі. Навучанне ў творчых ВНУ - выключна індывідуальнае. Калі ў нас навучаюцца не "патокі" студэнтаў, а па кожнай спецыяльнасці - усяго 6 чалавек (толькі на "акцёрскае майстэрства" набіраем 12), усе студэнты аказваюцца "як на далоні". Да таго ж, сам навучальны працэс у нас максімальна "празрысты". Усе, нават курсавыя, работы спачатку ацэньваюцца на кафедры. Потым савет факультэта, праглядаючы працы, удакладняе адзнаку. Нарэшце, адбываецца рэктарскі прагляд з запрашэннем вядучых мастацтвазнаўцаў, якія таксама маюць магчымасць скарэкціраваць канчатковы вердыкт. У такіх умовах адной стараннасці студэнта, умення засвоіць веды замала: патрабуецца яркі творчы імпульс, а часам і, прабачце, грубая мужчынская сіла. Калі раней, праводзячы ўступныя іспыты на той жа "станковы жывапіс", мы марылі, каб у групе апынулася хаця б адна дзяўчына, дык у апошнія гады нават на "мастацкай апрацоўцы металу" займалася шмат дзяўчат. Бо менавіта яны, маючы добрыя атэстаты і вынікі цэнтралізаванага тэсціравання, праходзілі па балах. Потым - плакалі, бедныя: што ім рабіць са сваім манікюрам? А наперадзе ж - усё жыццё з такой спецыяльнасцю! Таму, здараецца, кагосьці адлічваем непасрэдна ў працэсе навучання, ужо на першых курсах. Навошта калечыць далейшы лёс? Кожны можа знайсці сябе ў безлічы іншых цудоўных спецыяльнасцей, цікавых для чалавека і запатрабаваных грамадствам.

Цяпер генія не пераўзыдзеш

Аляксандр РАШЧУПКІН, рэктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт:

 - Навукай даўно даказана, што за мастацтва і матэматыку адказваюць розныя паўшар'і чалавечага мозгу. Гэта нармальны фізіялагічны працэс: адно паўшар'е забяспечвае развіццё вобразнага мыслення, другое працуе з дакладнымі навукамі. Той жа Генрых Нейгауз, знакаміты савецкі піяніст і педагог, у свой час пісаў у сваёй кніжцы пра мастацтва фартэпіяннай ігры: маўляў, мастацтва і матэматыка - рэчы супрацьлеглыя. Але ж менавіта дзеля таго, каб давесці слушнасць і своечасовасць новай сістэмы, зоймемся арыфметыкай. Раней пры прыёме ў нашу Акадэміюмузыкі падлічваліся тры адзнакі за творчыя іспыты (спецыяльнасць, сальфеджыо, гармонія), дзве - па цэнтралізаваным тэсціраванні (гісторыя Беларусі і беларуская або руская мова) і сярэдні бал атэстата. У выніку, да прыкладу, калі ў абітурыента былі нізкія адзнакі па агульнаадукацыйных прадметах, і, такім чынам, гэтыя тры давалі ў суме 10 балаў, дык ён ужо не праходзіў у творчыя ВНУ "апрыёры": нават калі ён атрымліваў ўсе тры "дзесяткі" па творчых іспытах (геній, дый толькі!), агульная сума складала 40 балаў. А побач з ім - той, хто зорак з неба не хапае, але вучыцца старанна, атрымлівае агульнаадукацыйную суму балаў, скажам, 24. Значыць, па трох творчых іспытах яму дастаткова набраць усяго 17 балаў (4 + 7 + 6), каб пераўзысці таго генія, бо ў яго ў выніку атрымліваецца 41 бал. А "чацвёрка" па спецыяльнасці пры 10-бальнай сістэме - гэта, прабачце, ужо амаль прафнепрыдатнасць. Дык каго ж мы далей будзем вучыць і выпускаць?

Вось абсалютна дакладныя леташнія лічбы па спецыяльнасці "фартэпіяна": 28 балаў па творчых іспытах, 15 балаў па тэсціраванні і атэстаце - у выніку 43, а прахадны бал - 43,8. Адпаведна, гэты абітурыент не праходзіць па конкурсе. У другога - усяго 21 бал па творчасці, але 24 агульнаадукацыйныя балы, - у выніку 45, і ніякіх праблем. Праўда, праблемы могуць пачацца ўжо пад час навучання. Яшчэ адзін леташні прыклад па спецыяльнасці "спевы": 21 бал па творчасці, 10,9 агульнаадукацыйных - атрымліваецца 31,9. У другога - 17 + 19,9 = 36,9. А ў спевакоў галоўнае - прыгожы голас. Ці ён ёсць - ці яго няма. Калі няма, дык колькі далей са студэнтам не займайся, нічога не атрымаецца.

 Вядома, любы музыкант павінен быць дасведчаным чалавекам, ведаць мову, гісторыю сваёй краіны. Невыпадкова першакурснікі нашай Акадэміі музыкі працягваюць паглыбляць свае веды па гэтых дысцыплінах, здаючы залікі і экзамены. Але прыналежнасць чалавека да абранай музычнай спецыяльнасці вызначаюць менавіта творчыя іспыты. Яны таксама рознабаковыя. Першы іспыт - непасрэдна па спецыяльнасці. Па ім адразу бачна - ці зможа чалавек надалей займацца на тым ці іншым інструменце. Іспыт па сальфеджыо вызначае: ёсць у чалавека музычны слых або яго няма. А іспыт па гармоніі - гэта, практычна, праверка логікі музычнагамыслення, адчування шматгалоснай музычнай фактуры. Мы ўлічваем і тое, што будучыя спевакі могуць не мець папярэдняй музычнай адукацыі - для такіх прадугледжана двухгадовае навучанне на падрыхтоўчым аддзяленні. Так што новы Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб правядзенні эксперыменту пры залічэнні абітурыентаў у некаторыя ўстановы адукацыі ў сферы культуры" - вельмі патрэбны і своечасовы: да прыёмных іспытаў яшчэ месяц. Трэба спадзявацца, што гэты эксперымент пройдзе ўдала і ў творчыя ВНУ змогуць паступіць самыя таленавітыя, якія будуць надалей услаўляць нашу краіну.

 Падрыхтавала Надзея БУНЦЭВІЧ