Тысячы добрых гадзін...”

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Колькі дарог можна прайсці за 70 гадоў? Ці спрабаваў хто-небудзь калі падлічыць? Мусіць, асабліва няпроста зрабіць гэта фотажурналісту: ён жа штотыдзень робіць здымкі, як кажуць газетчыкі, “у нумар”, “з калёс”... Здымкі, што, як сведчыць Яго Вялікасць Час, уваходзяць у гісторыю і, падчас, становяцца ёй самой.

 /i/content/pi/cult/213/2591/3-1.gif

 Мусіць, кожны кадр з вялізных фотапалотнаў Юрыя Іванова, якія выстаўляліся 17 чэрвеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі, таксама мае сваю непаўторную гісторыю. Дзесяткі здымкаў розных гадоў, а побач з некаторымі - іхнія героі. І нейкі, няўлоўны спярша, штрых, "пячатка майстра" праяўляецца тады яшчэ больш яскрава. Зрэшты, неяк яшчэ Уладзімір Караткевіч напісаў пра сваё ХХ стагоддзе: "Было ў ім усякага жыта: тысячы добрых гадзін..." Якраз багатым ураджаем таго жыта, ашчадна сабранымі залацінкамі абліччаў ды падзей эпохі, чыімі сучаснікамі наканавалася стаць Юрыю Іванову, выглядалі работы выстаўкі... Мы хочам шчыра падзякаваць героям здымкаў нашага фотакарэспандэнта і проста прыхільнікам ягонага таленту "спыняць імгненні", якія прыйшлі ў філармонію, віншавалі па тэлефоне ды праз Інтэрнет, за ўвагу да мастака і ягонага мастацтва. Імгненнага і няўлоўнага, скажаце? Мо і так. Але настолькі ж і запамінальнага, сканцэнтраванага ў моманце, бясконцага ў часе. Колькі разоў і пад час выстаўкі, і пасля, на святочным канцэрце, прагучала слова "сябры". Іх была поўная зала. Уяўляеце, якім атрымаўся б групавы партрэт гэтага вечара? Асляпляльным. Ад усмешак. А разам з тым - з каліўцам ранішняй расы народных спеваў у выкананні Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.Цітовіча і ансамбля "Камерата", рыскамі велічы ў гуках Паланеза Агінскага ад Прэзідэнцкага аркестра краіны, ветрам на бясконцай дарозе жыцця ў песнях, напісаных на вершы Юрыя Іванова... Пераказваць свята не станем. Але згадаем яшчэ пра аднаго з гасцей, які, праўда, наведаў філармонію ўжо назаўтра. Двойчы Герой Савецкага Саюза, лётчык-касманаўт Пётр Клімук, калі аглядаў згаданыя ўжо вялізныя фотапалотны, так сказаў "сябру касманаўтаў" Юрыю Іванову: "Я ж дзевяноста працэнтаў герояў вашых здымкаў ведаю!" Іх, думаецца, ведае і кожны з нас. Бо не кожны кадр становіцца гісторыяй.

 "Культура"ўцы

 На здымку: лётчыка-касманаўта Пятра Клімука (справа) знаёміць з выстаўкай генеральны дырэктар Белдзяржфілармоніі Аляксандр Гарбар.