Музейны маршрут: праграмы, навука, экспазіцыі

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

У лютым 2008-га Міністэрствам культуры аб’яўлены Рэспубліканскі агляд-конкурс на лепшы музей года па патрыятычным выхаванні моладзі, прысвечаны 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Праводзіўся ён цягам 2008 — 2009 гг. сумесна з упраўленнямі культуры аблвыканкамаў у два этапы. Вынікі І тура, у якім прымалі ўдзел музеі абласнога і раённага падпарадкавання, падведзены на пачатку бягучага года (гл. “К” № 12 за 2009 г.).

 Музеі, рыхтуючы конкурсныя праграмы, на аснове фондавых калекцый намагаліся ахапіць як мага больш жыхароў аддаленых вёсках, каб прадэманстраваць ім рэліквіі са сховішчаў, прынесці даніну памяці героям, унесці ў гісторыю летапісу Вялікай Перамогі адкрытыя музейнымі супрацоўнікамі сумесна з пошукавымі атрадамі імёны абаронцаў Айчыны.

 Пераможцам у намінацыі "Музей і новыя адукацыйныя праграмы па патрыятычным выхаванні моладзі" стаў Бярозаўскі гісторыка-краязнаўчы музей, што падрыхтаваў цыкл мерапрыемстваў разам з прадстаўнікамі Бярозаўскага райвыканкама, Савета ветэранаў вайны і працы, літаратурнапаэтычнай групай ЦБС "Вайна трывожыць нашы душы", народным хорам ветэранаў вайны і працы "Памяць сэрца" і народным ансамблем народнай песні "Заранак". Яны наведалі каля 30 аддаленых населеных пунктаў раёна з выстаўкай "Доўгія шляхі вайны". Аўтобус з лозунгам "Салют, Перамога!" праехаў з удзельнікамі акцыі па невыпадковым маршруце: напрыклад, пабываў у вёсцы Бармуты, дзе пасля вайны засталіся жыць толькі ўдовы салдат і партызан, і ў вёсцы Пяскі, знакамітай партызанскай зонай.

Цыкл выязных мерапрыемстваў "Аб чым расказваюць абеліскі" дапамог праз апытанні старшага пакалення ў пошуку архіўных матэрыялаў па выяўленні невядомых падзей, памятных мясцін, пошуку імёнаў воінаў, якія абаранялі Бярозаўшчыну. Найбольшую ж цікавасць выклікала музейнапедагагічная праграма раённага музея "Літары з бярозавай кары". Пра яе "К" падрабязна пісала сёлета ў № 4.

ІІ месца ў намінацыі заняў Любанскі музей народнай славы з музейнаадукацыйнай праграмай "Вялікая Айчынная вайна ў лёсах нашых зямлякоў". Супрацоўнікі музеяцягам апошніх гадоў праводзілі цыклы краязнаўчых алімпіяд, на першым этапе якіх удзельнікі наладзілі вялікую пошукавую працу. У выніку ўстаноўлены імёны 84 ураджэнцаў і жыхароў раёна, што былі ўзнагароджаны медалямі ў гады Вялікай Айчыннай, удакладнены спісы загінулых зямлякоў пад час баёў на тэрыторыі Польшчы, Венгрыі, Аўстрыі, знойдзены месцы пахаванняў воінаў. Па выніках працы па зборы матэрыялаў падрыхтаваны цыкл выставак да 65-годдзя Вялікай Перамогі. На другім этапе ўдзельнікі алімпіяды пацвярджалі свае веды па гісторыі вайны.

 ІІІ месца ў намінацыі атрымаў Музей баявой садружнасці г.п. Расоны з цыклам музейна-педагагічных праграм "Расонскі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны". Тэма раскрыта праз лёсы дзяцей - вязняў канцлагераў. Безумоўную перамогу ў намінацыі "Навуковыя даследаванні музея па ваенна-патрыятычным выхаванні моладзі" атрымаў малады, але вельмі актыўны калектыў Гомельскага абласнога музея ваеннай славы, які, дарэчы, удзельнічаў адразу ў дзвюх катэгорыях. У супрацоўніцтве з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі на базе музея праведзены канферэнцыі "Старонкі ваеннай гісторыі Гомельшчыны", "Гомельшчына ў падзеях 1917 - 1945 гг.", міжнародная канферэнцыя "Курская бітва: падзеі, значэнне, памяць" і выдадзены зборнікі матэрыялаў. Сумесны праект рэалізуецца музеем і Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь па выданні зборніка "Партызанскі рух на Гомельшчыне. 1941 - 1945 гг.".

 ІІ месца ў намінацыі атрымаў Клімавіцкі раённы краязнаўчы музей, які ў супрацоўніцтве з грамадзянскай арганізацыяй "Магілёўская абласная асацыяцыя малалетніх вязняў фашысцкай няволі", Клімавіцкім раённым аб'яднаннем краязнаўцаў "Спадчына" падрыхтаваў даследаванне па тэме "Успаміны клімаўчан-остарбайтэраў".

 ІІІ месца - у Віцебскага абласнога музея імя Героя Савецкага Саюза М.Шмырова, які даследаваў тэмы, звязаныя з імем Міная Шмырова, аперацыяй "Віцебскія вароты", 825-м батальёнам Волга-татарскага легіёна, 105м авіяцыйным палком, ганаровымі грамадзянамі горада - удзельнікамі Вялікай Айчыннай вайны. На базе музея прайшоў "круглы стол" "Дзіцячыя дамы на часова акупіраванай тэрыторыі Віцебска і Віцебскай вобласці ў гады Вялікай Айчыннай вайны". Да 115годдзя з дня нараджэння Героя Савецкага Саюза, першага ганаровага грамадзяніна горада Міная Шмырова праведзена канферэнцыя "Дзеці вайны...". Музей правёў шэраг экспедыцый па месцах дыслакацыі партызанскіх брыгад. Нацыянальным камітэтам грамадскіх узнагарод Расійскай Федэрацыі ў 2008 годзе музей узнагароджаны ордэнам "Вялікая Перамога".

 І месца ў намінацыі "Музейныя экспазіцыі і выставачныя праекты, прысвечаныя адлюстраванню падзей Вялікай Айчыннай вайны, патрыятызму савецкага народа ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі (за перыяд 2005 - 2008 гг.)" заняў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Музей прадставіў 5 новых выставачных праектаў з уласных фондаў: "Пачатак...", "Зброя Перамогі", "Зброя дзвюх сусветных войнаў", "Вайна. Халакост. Памяць без тэрміну даўнасці". Кожны з праектаў ствараўся пры ўдзеле і падтрымцы міжнародных арганізацый, дзяржаўных музеяў. Выстаўкі змаглі ўбачыць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Ізраілі. Кожная з экспазіцый дапоўнена мультымедыйнымі матэрыяламі, інфакіёскамі.

ІІ месца ў намінацыі атрымаў Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей з экспазіцыяй "Яўрэйскае супраціўленне ў Навагрудку ў перыяд халакосту". Гэта - адзіны ў Беларусі мемарыял такога тыпу. Ён быў створаны на месцы гета, з якога ў верасні 1943 года праз патаемна вырыты тунэль уцяклі 250 вязняў. Наведвальнікі комплексу могуць убачыць памяшканні, дзе ўтрымліваліся вязні. Перш чым стварыць экспазіцыю, музейшчыкі правялі навуковую працу як у нашай краіне, так і за мяжой.

ІІІ месца - у Дзяржаўнага мемарыяльнага комплексу "Хатынь" з экспазіцыяй у мемарыяльным комплексе "Дальва". Новы экспазіцыйны праект распавядае пра трагедыю Дальвы, якая адбылася 19 чэрвеня 1944 г. - за 10 дзён да вызвалення гэтых мясцін савецкай арміяй. Конкурс завяршыўся. Рэспубліканская экспертная камісія шляхам асабістага галасавання падвяла вынікі.

Пераможцы атрымаюць дыпломы першай, другой і трэцяй ступеняў, а таксама грашовыя прэміі: за І месца - 3 млн. рублёў, за ІІ месца- 2 млн., за трэцяе - 1 млн.

Святлана ГАЎРЫЛАВА,

галоўны спецыяліст упраўлення культуры і народнай творчасці Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь