“Усё пачалося цудоўна!..”

№ 25 (893) 20.06.2009 - 26.06.2009 г

Гэтыя словы з задавальненнем сказаў прэзідэнт — генеральны дырэктар Нацыянальнага музея Францыі — Луўра спадар Анры Луарэт на другі дзень прабывання ў беларускай сталіцы.

/i/content/pi/cult/213/2584/2-2.gif
 У час наведвання Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Злева направа: Жаннік Дюран, Анры Луарэт, Бенуа де Сент Шамас.

17 чэрвеня ён прыляцеў з Парыжа сумесна з калегамі: сваім саветнікам Бенуа дэ Сент Шамасам і захавальнікам аддзела візантыйскай і славянскай культуры музея Жаннікам Дзюранам. Мэта візіту - азнаямленне з нашай краінай, яе культурай, яе "цывілізацыяй". У праграме трохдзённага прабывання дэлегацыі - знаёмства з Мінскам, наведванне Мірскага замка і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, мемарыяла ў памяць падзей 1812 года каля пераправы войскаў Напалеона цераз Бярэзіну ў в. Студзёнка; Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Дома міласэрнасці, сустрэча з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Паўлам Латушкам, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым. У першы ж дзень візіт пачаўся з прагулкі па вячэрнім Мінску, які прывёў гасцей у захапленне. Наступнай раніцай, 18 чэрвеня, дэлегацыя ў суправаджэнні дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея Уладзіміра Пракапцова і намесніка міністра культуры Беларусі Уладзіміра Грыдзюшкі наведала наш Мастацкі музей. Госці з вялікім інтарэсам пазнаёміліся з калекцыямі рускага, заходнееўрапейскага, старажытнабеларускага і сучаснага мастацтва. Асаблівую ўвагу ў "захавальнікаў" Луўра выклікалі "радзівілаўскія" партрэты, слуцкія паясы, мастацкае шкло завода "Нёман", жывапіс рускіх і беларускіх мастакоў, у прыватнасці, А.Багалюбава, В.Пукірава, Я.Драздовіча, Ю.Пэна, І.Хруцкага, В.Сумарава, В.Грамыкі, М.Савіцкага, Л.Шчамялёва і інш. Вось што, адказваючы на пытанні журналістаў (пытанні, у асноўным, задаваў наш карэспандэнт), расказаў Анры Луарэт. Луўр, які быў заснаваны ў 1793 годзе - на піку Французскай рэвалюцыі, - сёння з'яўляецца, па сутнасці, галоўнай універсальнай скарбніцай сусветнага выяўленчага мастацтва - і па якасці твораў, і па іх колькасці. Толькі экспазіцыйная плошча музея займае больш за 70 тысяч квадратных метраў (для параўнання - экспазіцыйная плошча НММ РБ займае каля 7 тысяч квадратных метраў). А ўсяго экспанатаў, пачынаючы са старажытных часоў і да сярэдзіны ХІХст., у Луўры налічваецца некалькі соцень тысяч. Толькі адных гравюр- звыш 160 тысяч аркушаў! Прычым штодзённае жыццё Нацыянальнага музея Францыі - не толькі выставачная дзейнасць, але і асветніцкая, выдавецкая, навуковая, мастацтвазнаўчая, рэкламная, збіральніцкая і іншая праца, якая па сваіх маштабах выходзіць далёка за межы ўласна Луўра, звязанага шматлікімі культурнымі ніткамі з рознымі краінамі планеты. І вось, па словах Анры Луарэта, надышоў час, каб распрацаваць перспектывы творчага супрацоўніцтва Луўра з тымі "слабымі звёнамі", якія яшчэ прасочваюцца ва ўзаемаадносінах музея з мастацтвам славянскага свету і краін Усходняй Еўропы. І Рэспубліка Беларусь у гэтым плане з'явілася, так бы мовіць, адным з галоўных напрамкаў для пашырэння і паглыблення нашых культурных сувязей. Ініцыятарам важнага візіту, сказаў спадар Луарэт, з'явілася Пасольства Рэспублікі Беларусь у Францыі. І дзякуючы яму, а таксама Пасольству Французскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь і Міністэрству культуры Беларусі адбылася гэтая паездка, якая ўжо на другі дзень прабывання гасцей на нашай зямлі прынесла ім цудоўны настрой і добрыя ідэі па стварэнні сучасных сумесных выставачных праектаў паміж двума буйнейшымі музеямі Францыі і Беларусі. Засталося толькі іх творча рэалізаваць. Але ў гэтым сумнення не было ні ў кога...

Наш кар.

 Фота Юрыя ІВАНОВА